— Не, — ціха, але настойліва прамовіла яна.
— Значыць, ты ўсяго не зразумела... Дык зразумей: мы ніколі не надакучым адно аднаму, заўсёды будзем адно аднаму радыя.
— Не, — яшчэ раз паўтарыла яна.— Шукайце другую на гэтую роль. Я на яе не падыходжу.
— I дарэмна, — сказаў ён, устаў.— А я цябе, так па рабоце праславіў бы... Раз не, дык застанешся ў цяні: не такая ты ўжо i выдатная. Звычайная настаўніца...
— Якая ёсць, — адказала яна, узяла журнал, сшыткі. Падалася з класа.
14...
Лістапад выдаўся надта ж зменлівы: на адзін дзень па некалькі разоў i ішоў дождж, i выблісквала сонца, i цямнела неба, нарываўся снег. Вільготны, цяжкі, падаў долу i тут жа раставаў, рабіў яшчэ болей хлёпанкі.
А потым, недзе ў сярэдзіне месяца, нечакана морась пераціхла, выяснілася, пахаладнела — сцялася вада, падшурхла зямля, выбелілася інеем. I стаяла вось такое няпэўнае надвор'е.
Антаніна прыехала ў горад. Хацела купіць таго-сяго з харчу — мелася справіць Сяргейкавы імяніны.
Купіла тое-сёе i ішла да аўтастанцыі. Прыпынілася на рагу вуліцы: усё ішлі i ішлі машыны. Гудзелі, пыхкалі дымам — аж балела галава.
Пасля, як праехалі грузавікі, памкнулася пераходзіць коўзкую вуліцу. Тут жа з вулачкі, што была за густымі нізкімі кустамі — наверсе ix ляжаў шапкаю іней, — выпаўзла жоўценькая лёгкавушка.
Антаніна не ведала, што рабіць: ці перабягаць, ці вярнуцца назад? Аж затрымалася пасярод вуліцы. Машына амаль ля самай яе піскнула тармазамі, прасунулася, з'ехала ўбок. Стала ледзь не ўпоперак вуліцы.
— Ты што? — крыкнуў на яе шафёр вельмі знаёмым голасам.— Жыць не хочаш?
Ён адчыніў дзверцы, высунуўся. Быў у паліто з пышным каўняром, у бабровай шапцы. Міхаіл Іванавіч.
I ён яе — цяпер у зімовым паліто, у белай пуховай хустцы — пазнаў, заціх. Каўзануў назад у кабіну. Да жанчыны. Тая — у сіняй шапачцы, у кажушку — сядзела побач. Вольга Аляксандраўна. Цяпер яна, напалоханая, разгубілася. З машыны не выходзіла.
Антаніна як анямела, i яны маўчалі, ціха сядзелі.
«Эх, Вольга Аляксандраўна! Так ты нічаму i не навучылася! Як ты магла?!»
Апамятаўшыся, Антаніна пайшла далей. Да тратуара.
Праз хвіліну загудзела i машына, дагнала яе, мінула, пыхнула горкім сіне-белым дымам.
1974-1975