Выбрать главу

«Ды, відаць, начуе недзе ў сяброў», — падумала яна i старалася забыцца пра яго, але ноччу не спала, уздрыгвала, калі рыпелі вароты, якія, відаць, матляў вецер...

3

Прыйшоў Салавей праз тры дні, у суботу. Спачатку памыўся ў Януковай лазні, выпіў там з хлопцамі, тады паказаўся ўжо. Ад вячэры адмовіўся, загаворваў, жартаваў з яе сынам, браўся вывучыць яго за электрыка.

— Будзе лазіць па слупах, i ад яго жонка ўцячэ, — пасміхалася Маня.

— Тады не ідзі па маіх слядах, малец, — гаварыў ён, i яна заўважыла: вып'е — смешна плюскае вачамі.

— Лепш вучыся, малец. Скора ў школу?

— Ды сёлета, — сказала Маня.

— I мая скора пойдзе...

— Растуць дзеці, — уздыхнула яна.

— Яны растуць, а мы старэем.

— На гэтым i зямля трымаецца, — сказала Маня.— Некалі i мы маладыя былі.

— Ну, мы яшчэ...— локаць яго саслізнуў са стала, i ён боўтнуў галавою ўніз, ледзь не зваліўся з лавы.— Але мне трэба спаць. Калі можна, пасцялі мне, гаспадынька, на сене. У хаце будзе душна, ды яшчэ ты гэтую печ папаліла.

— Не паліла б, каб не есці варыць ды свінням траву, — адказала яна, узяла падушку, старую дзяругу i коўдру, падалася з хаты. Ён, хістаючыся, выйшаў за ёю.

— Налізаўся я сёння, — не патрапляў ісці за ёю.— Ты не спяшайся, а то не бачу, куды ісці.

Яна пачакала яго на цёмным двары, расчыніла ў гумне дзверы, пералезла праз высокую загарадку i пачала слаць.

— Мала сена, — сказаў ён, убачыўшы нешта ў цемені.

— Ужала на межах, — сказала яна, думаючы, што кожны год мае шмат клопатаў з сенам. Ногі саб'еш, рукі ўварвеш, пакуль яго пазбіраеш на зіму.

— Цяжка вам без мужчыны?

— А вам без кабеты лёгка?— смела спытала яна, прыгатавала пасцель, пастаяла хвіліну, — Спіце...

— Цяжка, — сказаў ён.— Застанься са мною, злавіў яе руку, прыцягнуў да сябе: — Надаела мне аднаму. Вера...

— Вось i будзьце з Вераю, — нечакана ўзлавалася яна i вырвала руку.

— Ой! — ён зноў ступіў да яе.— Маня... Мы абое... Ну, не ўцякай.

— Спіце лепш, — з папрокам сказала яна i не спынілася нават: лёгка пераскочыла цераз загарадку, зачыніла дзверы, узяла ix на кручок.

«Усе яны такія, гэтыя мужчыны, — ішла ў хату i думала.— Вытуру заўтра... Дарэмна спачувала яму: падоўгу, можа, не быў дома, піў, не даваў капейкі, вось i кінула кабета, скінула гора з плячэй, жыць захацела. Крыўдзіцца яшчэ, сам на сябе наракаў бы...»

...Назаўтра ўстала позна: была нядзеля. Спачатку, праўда, паднялася раненька, падаіла, выпусціла па пашу карову i зноў легла. Не спяшаўся ўставаць i кватарант, доўга не выходзіў з гумна.

Злосць за ноч уляглася, але Маня ўсё роўна думала прагнаць яго, ляжала, пасля тапталася ля печы i абдумвала, якімі словамі адчытаць, адвучыць. Папусціся толькі такім...

Падняўшыся, прыгатавала сняданак, паставіла на стол, а кватаранта ўсё не было.

— Ідзі ў гумно, скажы, хай ідзе есці, а то галодны дзень будзе, — паслала сына, сама прытаілася ля акна i пачала глядзець, што будзе.

Салавей хутка выйшаў, ступаў, апусціўшы галаву. Відаць, i не раздзяваўся: касцюм па ім быў скамечаны, у сене. Падышоў да калодзежа, доўга мыўся, відаць, чакаў, што яна выйдзе, падасць ручнік. Але яна не вынесла, стаяла, глядзела на яго i не са злосцю ды з крыўдаю, а крышку з помстаю ўсміхалася. Як убачыла, што прастуе ў хату, кінулася ад акна да печы.

— Здарова! — не бойка, як раней, а з разгубленасцю прывітаўся ён, калі зайшоў i стаў у парозе.

— Здрастуйця, — спакойна i як бы абыякава адказала яна не азірнуўшыся, хоць сама чакала, што будзе далей.

Ён зняў з цвічка ручнік, выцерся, зноў павесіў, сказаў малому:

— Схадзі, дружа, у гарод, паглядзі гуркоў.

Маня хацела затрымаць сына, але пасля падумала, што напраўду лепш пагаварыць без яго. Сын паслухаў, выбег з хаты.

— Маня, — ён падышоў, хацеў, каб яна зірнула на яго.— Ты не злуй... Я то не апраўдваюся i сёння тое думаю, але ўчора не тымі словамі сказаў...

— Я ўсё разабрала, — зноў спакойна, не пазіраючы, прамовіла яна.

— Не, я не тое... I давай не будзем выкацца, — папрасіў ён, разгубліваючыся, што яна такая спакойная.— Кінулася ты мне ў вока. Добрая ты i спагадлівая... Калі згодзішся, бяры мяне за гаспадара.

Маня азірнулася, цяпер ужо яна з разгубленасцю глядзела на яго, вінаватага, але, здаецца, не з маною ў вачах, сур'ёзнага. Недзе торгнула i балюча зашчымела жылка, закалацілася сэрца так, як даўно ўжо не трывожылася.

— Гаворыце вы...— толькі вымавіла яна.— Гэта вы з учарашняга.