Выбрать главу

— Што я благое гавару? — ён сеў на лаве.— Сёння мне або ісці з тваёй хаты, або застацца... Не думай, што абманшчык, гуляка, што да чаркі вялікі любіцель. Магу жыць i без гэтага... Мы ўсё законна. Тады ўжо...

— Ці тое вы думаеце, што гаворыце?— пажартавала яна, a ў галаве паплылі самыя розныя думкі, i нельга было разабрацца, што з ёю робіцца.

— Toe, — сказаў ён хвалюючыся.— А ты што скажаш?

Яна паціснула плячыма.

— Сам не ведаю, скора мо гэта, не варта спяшацца, — ён устаў.— З другімі не хачу звязвацца, а з табою... Прыпала ты мне да сэрца, — сказаў i выйшаў з хаты. Яна бачыла: пайшоў у вёску.

Прыбег сын i прынёс маленькіх гурочкаў. Здзіўлена паглядзеў на яе: дзе ж дзядзя?

— Скажы мне, сын, не баішся ты дзядзькі Віці? — спытала яна, села, прыхіліла сына да сябе, зірнула яму ў вочы.

Той усміхнуўся, паціскаў плячыма.

— Дык не баішся?

— Не.

— Ну, садзіся есці, — чамусьці павесялела яна.

Самой ёй не хацелася снедаць: натапталася ля печы, нашохалася стравы — адпаў апетыт. Яна выпіла шклянку малака i пайшла ў другую палавіну, падышла да люстэрка. Убачыла ля вачэй глыбокія маршчынкі, але яшчэ ix было мала. Падумала: трэба не насіць хусткі, не захутвацца: шчокі, нос чырвоныя ад сонца, а лоб зусім белы. Скінула хустку, распусціла валасы. Чорныя, яшчэ без ніводнай сівінкі, доўгія. Пачала расчэсваць. Падумала, што няма калі за гэтаю работаю i за сабою паглядзець.

«Ды я яшчэ маладая, — узрадавалася яна, павярнулася, убачыла, што яшчэ i статная — грудзі, плечы i ногі, як у дзяўчыны, — Так што, можа, недарэмна ліпне Франак, сватаецца во Салавей...»

Маня прыткнулася да халоднага люстэрка лбом i заплюшчыла вочы, пагладзіла сябе рукою па шчоках, падумала, што даўно не ведае ласкі, адчула, як цяжка жыць без яе.

...Салавей сам не пайшоў ад яе, i яна не праганяла. Ранічкаю ўставаў i ішоў на работу, вечарам не затрымліваўся, яшчэ да заходу сонца вяртаўся i стараўся што-небудзь зрабіць ля хаты. Памяняў дрот, паставіў яшчэ некалькі разетак, уключальнікаў, парэзаў з малым, раскалоў круглякі, што ляжалі яшчэ з зімы, на якіх ужо згніла кара, a самі яны пазарасталі травою.

Больш не сватаўся, як усё роўна i не гаварыў пра гэта ці забыўся. I яна не загаворвала, давала есці, адказвала, калі пра што пытаўся, хадзіла на работу, тапталася пры хаце i чакала, што ж будзе...

Праз тыдзень Салавей застаўся ў вёсцы толькі адзін. Раніцай прыходзіла i забірала яго машына, а вечарам толькi аднаго прывозіла.

Маня ведала, што так доўга цягнуцца не будзе. Трэба адно: браць у прымакі або не браць. Відны мужчына, працавіты, але што скажуць людзі, свякроў? Не пахваліць яна, узлуецца за сына.

4

Свякроў прыйшла сама. Маня якраз вярнулася з саўгаснай работы i капала ў садзе на вячэру бульбу.

— Добрая картофля?— падышла, запытала свякроў i не павіталася.

— Дабро такое, — адказала Маня, — велькая, але не ядраная.

Свякроў, тоўстая, абутая ў цёплыя валёнкі, у старой фуфайцы, стаяла ля яе i гаманіла пра гаспадарскае, пакуль яна не накапала поўнае вядро. Пасля пайшла ўслед за ёю ў двор. Маня адразу здагадалася, чаго тая прыйшла, але маўчала, першаю не загаворвала. Яна добра ведала сваю свякроў: адразу не скажа ў вочы, будзе падыходзіць здалёку, старацца мацней уджаліць.

— I доўга ён яшчэ жыць будзе?— нарэшце не вытрымала i запытала тая.

— Хто, мама? — як не здагадваючыся, спытала Маня i хацела, каб свякроў хутчэй пасунулася дадому.

— Хто — яшчэ пытае! — узлавалася тая.— Ён, кватарант твой.

— Не ведаю, — спакойна прамовіла Маня.— Не прагоніш жа чалавека.

— Магла i не браць, — папікнула свякроў, — Другія i з мужамі, але не бралі.

— Папрасіўся...— апраўдвалася Маня.

— Мала хто прасіцца будзе. Ты чуеш, што людзі гавораць?

— Хай гавораць...— прамовіла Маня, трымала ў руках вядро, забылася паставіць яго на зямлю.

— Я бачу, ты яго не думаеш праганяць, рада, што не выбіраецца, — свякроў злосна бліснула вачыма.— Надта скора забылася пра Сцяпана...

— Перастаньце, мама, не трывожце душы, — папрасіла Маня, стрымалася, каб не раскрычацца.— Не паднімем мы ўжо яго...

— Во што ў цябе ў галаве, — усміхнулася свякроў, рукавом фуфайкі выцерла слёзы на маршчыністай шчацэ.— Гэта я толькі ўбіваюся, свету не бачу. Бо я маці, а ты хто...

— Прашу вас, сціхніце, або...— не вытрымала Маня, паставіла на зямлю вядро i рыдлёўку, але стрымалася, больш нічога не сказала.

— Ужо i не трэба мы табе? — гаварыла свякроў, як хвастала па шчоках.— А як дасюль чаго дранага-рванага трэ было, то да нас бегла... «Татачка, мамачка, памажыце». Цяпер ужо не трэба, з двара гоніш.