Хлеб хутка пачынаў пячыся, пах на ўсю хату соладдзю, што цяпер ад успаміну пра той хлебны пах у Казіка аж закружылася галава, a ў роце нагнала сліны...
— Ну, ідзіце снедаць!— адчыніла дзверы ў сенцах i паклікала маці.
Казік хуценька павярнуўся i падаўся ў хату: на сняданак яго не трэ было шмат клікаць. Убачыў, што на полі ўжо, пакуль ён пастаяў ля бацькі, амаль не стала туману, там цяпер рэдзенькая імжа, блішчыць раса, дзе-нідзе зіхаціць сіненькімі зорачкамі. Белае воблака густа ахутвае толькі лес i паўзе на Равок — там яшчэ надта бела, як зімою ў мяцеліцу.
Цяпер амаль добра відаць блізкія, праз вузкае поле-палоскі, нізкія, абсаджаныя садамі i бэзам суседскія хаты, ix гароды i сады. Дым з комінаў ужо не сцелецца па зямлі, а падымаецца ўгору. Толькі комін Грыгарцэвічавай хаты не дыміць: яны штодня рана ўстаюць, выпальваюць у печы хутчэй за ўсіх.
Раніца на хутары. Такая раніца, як была i шмат дзён дасюль за жнівень. I астатняе ўсё такое ж: поле, неба, хаты, конь i карова, якія пасуцца на лужку, свінні ў загарадцы, бацька, маці, ix тупатня ля хаты. I ён, Казік, здаецца, гэтакі, які быў пазаўчора, надоечы i сёння. Толькі вось цяпер дзве новыя думкі ў яго галаве — пра гранату, якую яны са Стасікам пакладуць хутка ў агонь, i пра млын, куды вечарам паедзе бацька i, можа, возьме з сабою...
Зайшоўшы ў невялікую, у адзін пакой, хату, Казік убачыў на стале бульбу, міскі з буракамі, лыжкі. Ён сеў у кутку на лаве i пачаў абіраць гарачую бульбіну.
У калысцы-ночвах, што была падвешана вяроўкамі да столі, ляжала распавітая Вэрця. Яна радасна мармытала, паднімала ўверх маленькія ногі з малюсенечкімі пальчыкамі, гуляла. Матузок ад яе шапачкі пад барадою быў бурачковы, чырванаватай была i грудзіна: відаць, маці нядаўна карміла яе бульбай i буракамі.
Зайшоў у хату бацька; твар i рукі яго былі мокрыя: канечне, мыўся ля студні халоднаю вадою. Выцерся ручніком, падышоў да люстэрка, узяў з-за яго палавінку матчынага грэбеня i прычасаўся, разгладзіў бараду. Валасы ля скроней былі мокрыя, прылізваліся.
— Паядзім гэтыя дні яшчэ без хлеба, — сказаў ён, сеў за стол i дастаў з кішэні штаноў складанчык.— А тады ўжо ўволю паласуемся...
— Ды перачакалі ўжо, дзякуй богу, пост на хлеб, — спакойна, нават шчасліва прамовіла маці.— Жыта ўрадзіла, картофля расце, карова i свінні ест, дык ужо не прападзём з голаду. Можам нават, калі збяром ды прыхаваем, колькі клінкоў сыру ці які кавалак масла выменяць у гарадскіх бежанцаў на якую адзежу. Ходзяць жа i мяняюць людзі... Вунь i пазаўчора, гаварылі, былі ў мястэчку.
Казік абабраў бульбіну, узяў лыжку буракоў i зморшчыўся: такія яны былі гарачыя. Бацька яшчэ не сёрбаў, абіраў i складаў ля сябе бульбу.
— Ох i цяжкая гэта праца — сярпом жаць! — сказала маці.— Але колькі я рук папарвала, жнучы ў хатоўскага пана, зарабляючы той горкі злот!.. I сёння, здаецца, яшчэ i рукі баляць, i спіна баліць. Але люблю жаць. I сёлета сабе жала, гэтак радавалася, што дзеці хлеб скора есці будуць...
— Без солі во як трава...— прамовіла яна, каштуючы буракі, — i смятанай лэпска, добра такі, забяліла, але ўсё роўна нясмачныя.
— У каго карову забралі, дык той зусім няшчымнае есць, — адказаў бацька.— Так што яшчэ дзякуй богу... A солі, можа, на днях барадаты падашле. Картофлі ж, жыта далі... Падраджаўся ж учора падаслаць...
— Страшна, што гэты барадаты ходзіць, — сказала маці.— Хай толькі хто шапне немцам...— зірнула на Казіка, i, як убачыла, што ён «нашатэрыўся», сказала: — Гаворым вот пры дзіцяці пра такое...
— Ён жа ведае, што цяпер нікому нічога не трэба гаварыць, пра што гаворыцца ў хаце, — прамовіў бацька.— Не малы ж ужо. Знае, што цяпер i за язык людзі гінуць... Цяпер лепш за ўсё маўчаць i нікуды не паказвацца... Неразбярыха такая... Перадняваў, пераначаваў — дык дзякуй богу...
Пакуль бацькі, як часта i дагэтуль, гаварылі пра свае клопаты, пра непакой, што пануе па свеце, збіраліся есці, Казік ужо здаволіўся, насёрбаўся прэсных буракоў i адсунуўся ад стала. Хацеў папрасіць, каб маці дала кубак салодкага малака, як нечакана ўчуў, што далёка на дварэ, недзе ў Грыгарцэвічавым полі, ціха, як авадзень ля шыбы, задугаў матацыкл.
Прыслухаўся i бацька, аж перастаў есці, бо добра ведаў, хто цяпер можа ездзіць на машынах i матацыклах... З бульбінай у руцэ ўстаў са столака — невялікага ўслончыка, — ды так нечакана, што другі край, дзе сядзела маці, апусціўся. Маці ледзь не звалілася долу, разліла на стале i на калені лыжку буракоў — але не зазлавала, з запытаннем зірнула на бацьку, які прачыніў у сенцах дзверы i пазіраў на поле.