Выбрать главу

— Хто б гэта гаварыў, але толькі не ты, — сказала маці.— Прыйшоў з войска, дык адразу брыгадзірам узяў, вучыцца завочна ў цехнікум уладзіў. A колькі памагаў табе на першым разе! Лічы, што не ты, а сам ён спярша брыгадзірам быў!.. Дзе якое ўгнаенне лажыць, дзе што сеяць — ён жа маракаваў... Але ўсё цябе хваліў i на зборках людзей, i ў газеце. Тыя гады сам у Мінск, у Маскву на парцейныя з'езды ездзіў, а сёлета цябе паслаў... Можа, i тое, што ты з Масквы па тэлевізіі гаварыў, ён падладзіў...

— Пераканалі-пераканалі, — усміхнуўся ён, — Мусіць, каб жаніўся я, дык вы не дзядзьку майго, а дырэктара хацелі б мець за свата...

— От шуткуеш, хлопец, — маці махнула рукою, прысела ля стала, — a ўсё ж гэта праўда. A сватоў сам сабе выбірай, толькі хаця жаніся. Старыя мы ўжо, ды i ты не маладзееш, лысееш во... Дваццаць восьмы ўжо год на Пятра пайшоў. Твае сябрэ вунь ужо дзяцей у школу папускалі, а ты ўсё кавалер... А чы ты горшы за другіх? I рост ест, i харошы, i на рабоце добрай, i дом новы маеш...

Стасюкевіч прамаўчаў, угнуў галаву i еў.

— Людзі кажуць, што не хочаш жаніцца, бо да чужых кабет прынадзіўся... I Мішукі ўсе, i Вандзя Ганэцкая пляце. Што Бронісеў меншы не Бронісеў, а твой... Можа, дай бог, гэта i няпраўда, бо грэх вялікі так дзяцей пускаць па свеце. Трэба жаніцца i самому сваіх гадаваць, а мы, пакуль яшчэ жыць, хадзіць магчы будзем, паможам. A Бронісь вот i ўчора на Гэльку алярм падняў: нехта, кажуць, шапнуў яму, што ты яе з поля на машыне падвозіў.

— Вот шуткуе, цешыцца нехта, а ён, дурань, верыць, — буркнуў Стасюкевіч; ён i сам не раз ужо чуў гэткія плёткі, нават хацеў пагаварыць з Бронісем, каб той не верыў такім шэптам.— A жаніцца — ну каго тут браць? Дзеці ж адны засталіся...

— У Ніўным, у канторы, харошыя дзяўчаты ест, — прамовіла маці.— Вучаныя, на добрай рабоце. У цяпле, пры начальстве.

— Хіба гэта, мамуся, самае важнае? — усміхнуўся Стасюкевіч.— Вы ж век ужо пражылі, колькі самі бачылі ды чулі, што ест жа яшчэ нешта i другое... Каб душа да душы была, любасць. Вот тады добра i жаніцца, жыць разам.

Маці на гэта яму нічога не адказала: толькі са здзіўленнем ці з нейкім незразумелым запытаннем зірнула на яго, нібы папытала: ці ты, сын, ні да каго гэтай любасці не маеш, ці да цябе ніхто яе не мае?

— Усё будзе добра, мамуся. Некалі ж павязе i мне, — усміхнуўся ён, надзеў зялёную балоневую куртку, узяў чорную з бліскучым глянцаваным брылём фуражку.

Толькі сабраўся выходзіць з хаты, нібы будзільнік, зазвінеў тэлефон.

— Слухаю, — сказаў Стасюкевіч.

— «Слухаю, слухаю!» — пачуўся жартоўны хрыплаваты бас дырэктара саўгаса.— Яшчэ ўчора вярнуўся з раёна, увесь час дома сяджу, а ён нават не пазвоніць, не папытаецца, што ж гаварылі пра яго!

— Па-першае, добры дзень, Васіль Іванавіч, — усміхнуўся Стасюкевіч.— Па-другое, чакаў, што самі пазвоніце. Раз не пазванілі, дык я ўжо думаў, думаю цяпер, што нічога людскага для мяне няма.

— Думаў, думаю! Каб жа думаў! Відаць, пра грыбы свае болей думаў? Грыбнік заядлы! Ну, усе сыраежкі ды зялёнкі выпараў?

— Ды ўсе, — з жартам адказаў i Стасюкевіч, уявіў, як там, у канторы, сядзіць Васіль Іванавіч, курыць, прыжмурвае ад дыму вока, пазірае ў акно i гаворыць, адсоўваецца разам з крэслам ад стала, каб было вольна вялікаму жывату, i думае, як найбольш з жартам сказаць пра самае важнае.— Калі вам захочацца схадзіць, дык ужо не ідзіце: нічога не знойдзеце пасля мяне.

— Сам жа ведаеш: я не грыбнік, — адказаў Васіль Іванавіч.— У вольны час люблю са стрэльбай пахадзіць ды з вудаю пасядзець на беразе. На жывое лавец, а не на тое, што ты... Гры-бы, яга-ды! За імі i жонкі сабе не знойдзеш. Хоць ты склікай нараду i райся, як цябе жаніць ды як ратаваць тых, хто сохне па табе... На маіх жа вачах...

— Давайце ix мне ў брыгаду, хай пагрузяць саломы, дык усё пройдзе, — пажартаваў Стасюкевіч.

— Эйш, куды схіліў хітрун! — абзыўнуўся Васіль Іванавіч.— Салому i сваімі сіламі звязеш. І першы ў саўгасе. Бо ёсць за што. Вот скажу зараз, дык, можа, анямееш ад радасці...

Вось цяпер Стасюкевіч напраўду адчуў: усё добра там, пра што ён думаў i ўчора, i сёння ў лесе. Але дырэктар не спяшаўся ўсё расказваць, а ён не спяшаўся пытацца.

— Дык віншую, малец! — нарэшце вымавіў Васіль Іванавіч.— Першы згодзен, каб ты налета замяніў Філікава, калі той пойдзе па пенсію. Толькі адна дамова: каб паступіў у інстытут... Так што жаніцьбу яшчэ на трохі адкладзі, садзіся за кнігі i вучы. Скончыў завочна тэхнікум, скончыш i інстытут. A імкнуцца ёсць да чаго: праз годзікаў пяць i я фыр-фыр на заслужаны адпачынак — сядзеш на мае крэсла. I так трэба. Толькі так. Другому каму я сам не аддам яго, зразумеў? Ну, чаго маўчыш? Анямеў ад радасці?