Выбрать главу

У машыне скінуў куртку, расшпіліў пінжак, зняў фуражку, паклаў ix збоку, уключыў святло i, пазіраючыся ў маленькае круглае, з патрэсканым капронавым абадком люстэрачка, выцер хустачкаю потны лоб, прычасаўся, стараючыся валасы зачэсваць не на патыліцу, а з правага боку на левы — каб прыкрыць імі вялікія залысіны.

«I чаго гэтак лысею? — падумаў, — Яшчэ год-другі — дык i лысіна будзе. То напраўду трэба скарэй жаніцца. Можа, i бухгалтарку Ірку браць, да якой так сватаюць канторскія кабеты. A ў інстытуце, куды так раіць паступаць дырэктар, можна i жанатаму вучыцца. Ці, можа, пачакаць: можа, прышлюць у кантору, а то i ў школу дзяўчат i сярод ix будзе тая адна? Бо няма ў душы, што Ірка — толькі мая, што жыць без яе не магу...»

Завёў матор, патушыў святло ў машыне, уключыў фары i паціху паехаў па вузкай, некалі коннай, а цяпер выезджанай машынамі дарозе. Перад машынаю ад дзвюх фар плыла паперадзе шырокая жоўтая палоса, а вакол з абодвух бакоў згушчвалася вільготная цемень.

Як паціху выехаў ужо на сырую, ад таго i тугую янкоўска-ніўнянскую дарогу, дабраўся да сваёй павароткі, дык так i пацягнула паехаць не направа, у свой канец вёскі, а, не зварочваючы з дарогі, падацца ў другі. I ён пацішыў хуткасць, паехаў туды, кожную хвіліну чакаючы жаданай неспадзяванасці.

Праехаў крыху i ўбачыў чалавека. Кабету. Здаецца, гэта была Люся. Значыць, усё ж захацела пабыць з ім сам-насам, пагаварыць: ёй было выгадней паехаць у вёску, да павароткі: за ёю была блізка бацькоўская хата. Яму ж не захацелася сустракацца з Люсяй, бо гэтая сустрэча была зусім лішняя, непатрэбная, але i паварочваць назад было няёмка. Люся заўважыла святло i сышла з дарогі на веласіпедную сцежачку, што цягнулася ўздоўж хвойніку. Святло адбівала ад яе доўгі цень, які рухаўся ўперад i ўсё большаў.

Ціха пад'ехаў, прыпыніўся, але не выйшаў, нічога не сказаў. Люся прыкрыла вочы рукавом, аслеплена зірнула, гадаючы, можа, хто гэта, перайшла паперадзе машыны дарогу, i як толькі ён адчыніў правыя дзверцы, адразу ўціснулася, а пасля ўцягнула i сахор, тыцкаючы яго зубамі недзе сабе ў гумовікі.

— Я так i знала, што гэтай дарогай паедзеш...— усміхнулася яна, аблізнула сухія вусны, апусціла на шыю матчыну цёплую хустку, расшпіліла верхні гузік старой фуфайкі — i з разбэрсанымі валасамі, белым ілбом ды паружавелымі за халодны дзень шчокамі была вельмі прыгожая, не такая абветраная, учырванелая ды пасівераная, як вясковыя кабеты.

Стасюкевіч нічога не адказаў, неяк засаромеўся: яшчэ падумае, што ён наўмысна шукаў гэтай сустрэчы — паціху крануўся.

— Салідны які! — зноў усміхнулася Люся, гарэзна на яго зірнула.— Начальнік! Каб не ведала, дык ніколі не сказала б, што ты — гэта наш Тадзік Стасюкевіч, брыгадзір, a палічыла б за раённага прадстаўніка. Гладзенькі, шыкарны, з ордэнам, на сваёй машыне...— I, бачачы, што ён маўчыць, пазірае на дарогу, перастала жартаваць, сказала як сур'ёзна: — Бабы, як здаецца спярша, пакепліваюць, але любяць. Кажуць, што добра зажылі за тваім брыгадзірствам, бо добрую плату, прэміі атрымліваюць. З людзьмі далікатны, ніколі не крыкнеш ні на кога, амаль не п'еш, справядлівы, але строгі. Так што ты шчаслівы: такую славу не толькі ў вёсцы, сярод сваіх людзей, але i ў раёне ды ў вобласці маеш... А яшчэ ж малады зусім...

— Зайздросціш? — нарэшце ўсміхнуўся i ён.— Славы хочацца?

— Якая ў мяне будзе слава, прадаўшчыцай робячы? Знаёмства то, праўда, добрае ёсць. Што хочаш магу дастаць.

— Так што i не трэба табе маёй славы, бо даецца яна вялікаю працаю... Працуем i ў дождж, i ў мароз...— прамовіў ён.— А ты i так шчаслівая... А я во i са славаю, як ты кажаш, а не магу пахваліцца, што шчаслівы. Адно ест, дык нечага другога няма.

— Думаеш, што каб быў жанаты, сямейны, дык нешта лепш было б? — спытала яна.

— А што — горш? — усміхнуўся ён.— Жонка, дзеці...

— Клопаты адны...— уздыхнула яна, — I маладосць без пары траціцца...

— А як жа ты хацела — ніякіх клопатаў не мець?— як здзівіўся ён, — Так не бывае. Ужо клопаты будуць ад таго, калі задумаешся, як ix не мець.

— Гаворыш вось так, а сам — хітры — не спяшаешся жаніцца, гэтыя клопаты мець, — паківала Люся галавою.— Ляжаш-устанеш вольны, калі хочаш, некуды пойдзеш. Калі хочаш, дадому вернешся. I ля замужніх прыгожых баб папасваешся. Жывеш сабе ў асалоду...

— Да якіх жа гэта я кабет хаджу? — усміхнуўся ён.— Вот пляцеш абы-што, пераказваеш плёткі.

— А да Гэлькі не ходзіш?

— А яшчэ да каго?

— Ну...— Люся паціснула плячыма.— Не ведаю, не чула.