Выбрать главу

— Каб да многіх хадзіў, дык пачула б...— усміхнуўся ён.— У вёсцы гэтага не ўтоіш.

— Значыць, да некага ж ходзіш усё-такі?..

— Хіба я не жывы чалавек?— жартам адказаў Стасюкевіч.— Жывы ж, не стары яшчэ.

— Вот Вандзя строіла кепікі, а я вока пільнае маю, прыкмеціла: далібог, у вас з Гэлькаю нешта ёсць. Абое вы адно на аднаго дзіўна пазіралі...

— Ест што ці не, я табе пра гэта не скажу, — усміхнуўся Стасюкевіч.— Але калі хочаш, дык скажу як на споведзі: добрая яна кабета. Дарэмна я яе некалі, як прыйшоў з войска, не адбіў у Броніся. Каго-каго, а яе i цяпер з двума дзецьмі ўзяў бы i яшчэ як жыў бы... Я i цябе цяпер узяў бы i глядзеў...— прамовіў, але падумаў, што на сённяшні розум усё ж Гэльку ўзяў бы ахватней.

— Няўжо не забыўся пра тое дзіцячае?— яна перастала ўсміхацца i жартаваць, спытала са здзіўленнем: — Гэтулькі ж год!..

— Дзіцячае яно было ці не дзіцячае — бог яго ведае... Забыцца, можа, не забылася, але перагарэў, не думаю...— паспяшаўся, надта не думаючы, адказаць Стасюкевіч, што, можа, Люci — як прыгожай ды крышку какетлівай жанчыне — i не зусім спадабалася: можа, хацелася, каб ён гаварыў іначай.— Але жыў бы...

— А я, ведаеш, ужо ў вёсцы не ўжылася б...— сказала яна як з крыўдаю, а можа, i помсціла за яго нядаўнія словы.— Работы тут процьма. У горадзе я — к дзевяці на работу. У шэсць — з работы. А тут i ў саўгасе рабі, i дома. У градах, хляве, на лузе... Ой, не! Не хачу!

— Але наш хлеб, нашы яйкі, сала ды мяса смачныя?

— Смачныя, ды не хачу рабіць гэтулькі. Але не будзем пра гэта. Лепш, як той Вандзі, адкажы: ну, чаму ты не жэнішся? Як людзі кажуць, маладому ж маладое ў галаве!..

— Не шанцуе мне на гэта...— усміхнуўся ён.

— Не любячы, не хочаш нікога браць? Чакаеш вялікай любві?

— А ест яна? — усміхнуўся ён.— Ты ж замужам, знаеш.

— Бог яго ведае, — прызналася яна.— Спачатку, здаецца, надта любіш, а потым як астуджваешся, прывыкаеш. I думаеш, што гэта ніякая не любоў, а так нешта, вялікая любоў у некага другога. Ці, можа, толькі ў кнігах ды ў кіно... Словам, бог яго ведае. I чым больш жывеш, тым заблытаней...

— Доўга тут пабудзеш?— памаўчаўшы, спытаў Стасюкевіч, бачачы, што Люся задумалася нечага, пільна пазірае на асветленую дарогу, якая з кожным мігам вяла ўсё бліжэй да вёскі.

— Я ў адпачынку, — адказала яна.— Пабуду яшчэ крыху тут, грыбоў пазбіраю...— а пасля павярнулася i гарэзна ўсміхнулася:— Можа, яшчэ не раз падвязеш. I не так хутка вымчыш з лесу... Даўжэй павозіш...

— Усё роўна паедзеш жа адгэтуль. Катай ці не катай...

— Паеду, — згадзілася яна.— Але ж з паўмесяца пабуду...

— Што — паўмесяца? Гэта толькі кропля ў моры. А кропля ест кропля...— прамовіў Стасюкевіч, уязджаючы ў светлую ад вулічных ліхтароў i ад аконнага святла вёску.— Чалавеку мала яе, хочацца нечага большага...

Люся са здзіўленнем зірнула на яго, зморшчыла лоб: пра што ён гаворыць?

— Усё пра тое ж, — усміхнуўся Стасюкевіч.— Што ў некага ёсць, пра што ў кнігах пішуць...

1976

Жыла ў вёсцы ўдава

1

Нарэшце перастаў ліць, а пасля i імжэць дождж. Неба пачало святлець, пакрысе выблакітнівацца, a невысокія чорна-сінія хмары пасунуліся за Налібацкі лес, i там цяпер злосна крыжавала маланка, бухкаў гром ды абвісала шэрая дажджавая сцяна. Тут жа, у Янковічах, ужо выбліснула сонца, зазіхацела ў кроплях расы на траве i па лісці, у запененых раўчуках i сцішэлых лужынах, прыпарыла — i мокрае наваколле задымелася.

Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаліла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць, у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужах.

У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, дык падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы адразу дзве палавінкі.

Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.