Выбрать главу

Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментавыя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.

Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.

Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаёмы зайшоў у хату.

— Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.

— Вазьмі, гаспадынька, на кватэру, — калі яна адказала на прывітанне, сказаў ён, — Пажыву з тыдзень, не болей.

— Ды цесна ў нас...— ёй i адмовіць было цяжка, i запрашаць не хацелася.

— Пакояў мне тваіх не трэба...— ён гаварыў басавітым голасам, раз-пораз акідваючы яе ўсю позіркам, не саромеўся.— Спаць магу на падлозе або ў гумне на сене, калі маеш. Зварыш сабе раніцай ці вечарам — i мне міску якога булёну дасі. Мне абы гарачае. Заплачу, колькі скажаш.

— Мне не шкода, — засаромелася яна, — Жывіце...

— Ну, то дзякую, — узрадаваўся ён, — Сходзім зараз з хлопцамі на рэчку, памыемся, бо чорныя, што чэрці. Тады прыйду, шукаць ужо жытла нікуды не пайду. Заходзіў тут да адных — нават слухаць не захацелі...

— Я i праўду булёну зараз пастаўлю, засмажу цыбуляю, — сказала яна, збянтэжыўшыся яго позірку.

— Ды глядзіце самі, — ён назваў яе на «вы», i яна падумала: агледзеўся, падумаў, што яна старэйшая.

«Няўжо я так нямолада выглядаю?» — падумала яна i ўспомніла, што пасля смерці мужа, мусіць, ні разу не падыходзіла i не глядзелася ў люстэрка. A ў верасні будзе ўжо шостая восень, як няма яе Сцяпана...

— Ну, я пайду, — здаецца, заўважыўшы яе гэтую сарамлівасць, сказаў электрык, паставіў пад лаўку свой чамаданчык i выйшаў з хаты.

«Шосты год...— Маня села на крэсла, невідушча зірнула ў акно на двор, забылася пра незнаёмца, падумала пра сваё: — Я толькі два леты пажыла са Сцяпанам. Год да войска i год, калі вярнуўся з салдатаў. Чакала тры гады... I цяпер колькі ўжо чакаю, але не дачакаюся...»

Яна паднялася, стрымалася, не заплакала, хоць вочы i павільгатнелі, пайшла па гарод i накапала маладой ранняй бульбы. Паскрэбла яе, прамыла, расклала на двары агеньчык i паставіла варыць на ім булён. Успомніла пра вясковага кладаўшчыка Франака, той сёлета пачаў ужо не толькі заляцацца да яе, але i лезці сляпіцаю. Сёння нават бабы на лузе жартамі рабілі намёкі, ці не «сышліся» яны, расказвалі, што ўчора паднімала лямант Вікця, Франакава жонка...

Маня выйшла з хаты, дала есці свінням, пастаяла ля ix: зусім не хочуць браць паранай лебяды, варочаюць лычамі ў карыце, шукаюць бульбіны ці якой скарынкі, выкідваюць траву долу. Калі сцебане дубцом па вушах, то перастаюць наравіцца, усё глытаюць. Паблізу хадзілі куры i стараліся гэтаксама што-небудзь ухапіць з карыта. Маня не ўзлавалася на ix: сёлета добра несліся — хапала яек i сабе, i было на продаж. I цяпер пад ложкам стаіць поўнае рэшата ix, трэ было б завезці ў горад, прадаць i купіць сала: старое выходзіць, ды i нясмачнае ўжо, нейкае ёлкае, а да новага яшчэ далёка.

Карова яшчэ не скора павінна была прыйсці з пашы, таму Маня рашыла схадзіць на аселіцу, у свой гарод — паглядзець, ці не пара зноў яго прапалоць, нашчыпаць шчаўя. Наўмысна, як i яе суседзі, зрабіла гарод далей ад дома, бо ля хаты i свае, i чужыя куры не дадуць ні ўзысці, ні завязацца якому зярнятку — выграбуць, здзяўбуць. Ды тут i свінні, калі ўварвуцца, златошаць.