Прыпыніўся i Міхаіл Іванавіч, зразумеўшы, што яна далей не пойдзе з ім. Усміхаўся, зноў пазіраў на яе з любасцю.
— Дзякую за сённяшнюю радасць, за прыемную кампанію! — пасля пакланіўся. А як яна падала на развітанне руку, узрадаваўся, лёгка паціскаў яе пальцы.— Дык я абавязкова пастараюся яшчэ прыехаць, пабыць хоць на адным вашым уроку. Дык да наступнай радасці!
— Дай бог! — усміхнулася яна, кіўнула яму на развітанне і, не азіраючыся, адышлася.
2...
Па сцежцы, што міланьскія людзі пратапталі наўскасяк — ад Казы да магазіна, — сярод высакаватай ужо бульбы Антаніна падалася дадому, у Двор, як называюць іхні, крайні ад Асаўка, канец вёскі.
Яна лёгка ішла, усміхалася, а пасля зусім суцішыла крок i зірнула ўвысь i аж зажмурылася ад зіхоткай сінізны неба, што здалося ёй сёння вельмі прыгожым.
«Ніколі, здаецца, не бачыла, што неба такое! — падумала яна.— Хіба што толькі ўзіралася на неба, калі была малая. Тады часта любіла легчы па спіну i доўга пазіраць на неба. Дзівіцца, што яно такое высознае ды бяздоннае, прыдумляць, што белыя воблакі на ім — гэта не воблакі, a авечкі. А каб паверыць у гэта, яна «бэкала», гаварыла з сабою, нібы зганяючы авечкі ў чараду... Ох, што тады толькі не было! Але што гэта я? Неба, воблакі, авечкі... Дома ж работы многа. Куды ні кінеш вокам, да ўсяго трэба руку прыкласці...»
Яна апусціла галаву, пазірала на тупкую белаватую сцежачку, падбівала наскамі туфляў каменьчыкі, што ляжалі на зямлі. Здаецца, усміхалася ўсё яшчэ сама сабе. Аж пакуль не падышла да магазіна.
З яго выходзілі людзі, несучы ў сетках булкі хлеба, — i яна схамянулася, пастаралася быць стражэйшаю. Усё ж яна настаўніца. Сёння ў магазін не зайшла, а адразу пакіравала дадому.
Іхняя хата стаяла амаль насупраць магазіна. Шчытом да вуліцы. Дом быў стары, яго яшчэ ставіў мужаў дзед. Але дрэва, надта з паўднёвага боку, было моцнае, смолкае. А як летась перакрылі, палажылі новую страху, ашалявалі, дык дом зусім падмаладзеў. Каб яшчэ раскідаць стары i паставіць новы плот, накрыць шыферам ці новаю дранкаю хлеў, дык i зусім сядзіба была б людская, люба было б глянуць. Можна было б, каб ахватней гарнуўся да гэтага муж...
Калі падышла да свайго гародчыка, ля шчытавой сцяны ўбачыла, што кветкі зараслі пырнікам, лебядою.
«I не толькі кветкі, але i грады трэба ўжо прапалоць, — падумала, зморшчылася: не хацелася сёння пра гэта думаць.— Прапалю заўтра. Сёння пасяджу i ўспомню, як зайшоў у школу Міхаіл Іванавіч, як зірнуў на мяне, як быў на маім уроку i потым хваліў. Мяне ж яшчэ ніхто дагэтуль не хваліў так за школьную работу... Так што сёння ў мяне слаўны дзень! Радасны, шчаслівы... Такі дзень, можа, трэба чакаць цэлымі гадамі!»
Яна зноў усміхнулася, падышла да варот. Пачула, што зусім паблізу рохнула свіння. Антаніна здзівілася: свіння стаяла ля варот, падымала галаву i старалася пазіраць уверх, а пасля адвярнулася, лапанула да хлява.
Антаніна адчыніла варотцы, зайшла ў двор. Ён — дагэтуль зялёны, чысценькі — быў парыты. Аж да жоўтага пяску.
— О божа!— уздыхнула Антаніна.— Каб табе!..— i яна не знаходзіла ад злосці патрэбнага слова.— Гэтак зрыла зямлю... I як ты толькі вылезла, праклятая!
Тая, адурнелая ад волі, мітусілася па двары, лопала вялізнымі вушамі.
Антаніна паставіла на невысокую страху сянец сумку, палажыла плашч, загнала свінню ў загарадку. Убачыла, што там адарваны дзве жэрдкі.
— Ох, гэты Віктар, ох, гаспадар!— уздыхнула яна, вынесла з дрывотні сякеру, цвікі i прыбіла жэрдкі.— Колькі ўжо раз гаварыла: пакліч людзей i зацягні гэтай халеры ў лыч дрот. Зрабі новую загарадку...— ішла да сянец i гаманіла сама сабе.— Усё зрабіў! На трактары яшчэ ў саўгасе робіць, а дома дык усё звярнуў на мае плечы. Дровы, сена прывязе, скіне — ты рэж, цягай на месца. Ты скаціну глядзі... Ён — толькі на рабоце... Як у мяне не работа. Нябось скажы пра гарэлку, дык з-за яе ўсё кіне, на край свету пабяжыць...
Сёння чагосьці доўга не адмыкаўся замок на дзвярах сянец, усё пераскакваў i пераскакваў у ім ключ. Аж зрэзала пальцы i далоні, i яны зачырванеліся, пяклі агнём. Нарэшце адамкнула. Але настрой быў ужо сапсаваны.
— Зноў тое ж...— шапнула сама сабе, зморшчылася, узяла сумку, плашч i пайшла ў хату.— Відаць, я сама ўсё ж вінавата. Не трэба было мне даваць яму гэтакай патолі, усё браць на свае плечы. Я ж не толькі жанчына, але i настаўніца. I павінна паменей хадзіць у гумоўцах, мець на руках мазалі, ды i муж павінен іначай паводзіцца са мной...
Дзверы сянец не зачыніла: хацела, каб праветрылася, сышла духата, што сабралася яшчэ раніцай, калі яна высыпала ў цэбар i таўкла паранку, а потым напаўзла яшчэ i са спякотнага двара. На дзвярах у хату вісела прасцірадла — каб не ляцелі ў хату мухі. Прасцірадла ля клямкі было вымазана ў тавот. Пляміна была свежая: канечне, лэпнуў Віктар уполудзень, калі прыязджаў дадому абедаць.