Выбрать главу

Як зайшла на кухню i ўбачыла, што на кухонным стале стаяць непрыбраныя міскі, нямытая пасуда стаіць i на прыпеку (не паспела сёння раніцай памыць: завіхалася адвесці сына ў сад i хутчэй ісці ў школу), дык захацелася вышмыгнуць з хаты i больш у яе не заходзіць.

«Ну, калі ўжо скончыцца гэтая адна з дня ў дзень работа, — паскардзілася сама сабе, — ці хто калі ўжо мне паможа крыху? Кожны дзень трэба не толькі рабіць у школе, для школы, але яшчэ i дома столькі працы: палі печ, гатуй есці, мый пасуду, бялізну, глядзі гарод, скаціну... I пазалетась, летась так было, сёлета ёсць, налета будзе... Пачытай вось новыя кніжкі, пабудзь у горадзе ў тэатры, з'ездзі куды!

Каб ведала, што так будзе, дык век замуж не выходзіла б. Дурныя тыя дзяўчаты, што аж гараць выйсці замуж... Што яны вось бачаць? Адну работу! Не тое што Нэлка, сяброўка, што працуе настаўніцаю ў горадзе. Той не трэба ні сена, ні дроў, ні гародаў, ні скаціны: сетачку ўзяла, выйшла ў магазін, купіла што трэба i тут жа на газе ўсё згатавала. Халодная, гарачая вада пад рукамі... Добра ёй хваліцца, што яна кожную суботу ў цырульню ходзіць, у нядзелю — у тэатр ці ў кіно, што чытае ўсе новыя часопісы, бывае на канцэртах модных спевакоў, носіць самае моднае адзенне... Вот хай на маім месцы так выстранчыць!..»

Антаніна паставіла на кухні сваю сумку, наліла з вядра ў мядніцу вады, апусціла ў яе пасуду, уткнула штэпсель у разетку. Падалася ў лепшую палавіну хаты, села на канапу, выпрастала даўгаватыя стройныя ногі, адкінула на спінку галаву i заплюшчыла вочы.

«Каб яшчэ жылі маці, свякроў, дык, канечне, лягчэй было б. А то адна на свеце, як васілёк у жыце... Што сама зробіш, дык тое i мець будзеш».

Успомніла, што зайшла сюды ў туфлях — можа, натрэсці на ходнік пяску (сюды ні сын, ні муж у абутку не заходзілі: так яна ix навучыла), але разувацца паленавалася. Сядзела i адпачывала, адчуваючы, як у шыі нешта торгае — ці не пераціснутая каўняром жылка.

«Але гэты Міхаіл Іванавіч i прыгожы ж! — нечакана падумала.— I адкуль ён толькі ўзяўся? Ці не прыехаў адкуль? Разумны, далікатны... Вось за кім, мусіць, шчасце быць замужам!.. Праўда, толькі нейкія надта ж «пякучыя» яго вочы. Так пазірае, аж няёмка: нібы абдымае позіркам... Але што гэта я? Лезе вот усякае ў галаву! — падакарала сябе, а пасля зноў успомніла, што ўчора ўвечары паспрачалася са сваім Віктарам.— I за што? Здаецца, нi за што».

Ён вярнуўся з работы, калі яна ўжо ўхадзілася па гаспадарцы. Як амаль i кожны дзень. Потым пайшлі да суседзяў у лазню. Жанчыны памыліся раней, потым мыліся Віктар, сын з мужчынамі. Пакуль мужчыны пялёскаліся, жанчыны па кроплі выпілі. Прыйшла дадому з добрым настроем, вясёлая. Віктар, як толькі вярнуўся, гопнуўся на канапу i ўткнуўся ў тэлевізар — ішло якраз кіно пра шпіёнаў. Яна паклала малога спаць, падышла да Віктара, папрасіла яго расчасаць валасы. Ён гэта некалі вельмі любіў i ўмеў рабіць. Расчэсваў лёгка, далікатна — i яна заўсёды ад асалоды аж заплюшчвала вочы... Учора ён расчэсваў з неахвотаю i заадно пазіраў у тэлевізар. Парою грэбень заблытваўся, цягнуў валасы, што аж балела — яна моршчылася, цярпела. Але на душы было пагана: ну, чаму ён такі няўважлівы, абыякавы — ніколі не падыдзе, не прытуліцца, не скажа ласкавага слова, вось цяпер яму кіно даражэй за ўсё... Прывык, не кахае болей? А яны ж яшчэ зусім маладыя...

«Давай раскладзём канапу, — папрасіла яна.— Не будзем глядзець, а лепш паслухаем... Ну, адвярніся ты ад яго: не ён, гэты пракляты тэлевізар, а я табе жонка...»

«Табе толькі гэта i ў галаве!» — з незадавальненнем буркнуў ён.

«Цябе можна дваяка разумець...» — з крыўдаю прамовіла яна.

«Затое цябе трэба толькі адзінкава разумець...— ні то пажартаваў, ні то проста адгаварыўся ён.— Выгуляешся ў школе, наслухаешся ўсяго ад дзяўчат, дык потым i прыходзяць усякія дурыкі ў галаву... Ёй трэба ў цырульню ездзіць прычоску рабіць, пазногці фарбаваць, ёй у тэатр хочацца, у рэстаран, у экскурсію якую!.. Рабіла б у саўгасе, як робяць усе нашы кабеты, дык пра гэта не думала б, а думала б пра другое...»

«Дык хто ж я па-твойму?» — ледзь стрымліваючы крыўду i злосць, запытала яна.

«Пані з сябе нейкую строіш...— усміхнуўся ён. Усміхнуўся, пажартаваў, але яна адчула: даўно ўжо i ён думаў пра гэта, быў незадаволены ёю i яе гутаркамі пра іхняе жыццё-быццё.— Ды не падабаецца, што муж трактарыст. Можа, i не раз ужо думает, каб завесці якога «чыстага, культурнага» верхалаза... Не так? Дык чаго гэтак прыхарошваешся, прычоскі вырабляеш? Дзеля мяне? Не. Ды я цябе любой прыму... Дзеля другіх вышыкоўваешся, каб у вока кінуцца...»