— A некалі ж i я хацела быць настаўніцаю...— усміхнулася Надзя.— Ты вот паступіла, а я не. Ох i паперажывала я тады, уплакала! А цяпер дык i рада, што не ў школе раблю: дома двое, дык не магу справіцца з імі, а там жа на дзвесце! Ды i ў тэхнікуме сваім вучылася ж не пяць гадоў, як ты ў інстытуце, а менш. Цяпер к дзевяці на работу, у пяць з работы. I пасля работы, як ты кажаш, вольная.
— Мне дык школа падабаецца, i з дзецьмі я ладжу, але...— i Антаніна не дагаварыла, зірнула на вароты: ішоў дадому Віктар.
Глядзела i маўчала, адчуваючы, як сэрца абліваецца крыўдаю i злосцю. Аж раптоўна закалола ў скроні ды забалела галава.
«Нервы...— падумала яна.— I гэта Віктар вінаваты».
Віктар — высокі мужчына з шырокімі плячыма, у камбінезоне — нёс на шыі шасцігадовага сына, Сяргейку.
Трымаў малога за калені, прыціскаючы ix сабе да грудзей. Сын баяўся сядзець: бацька хістаўся.
Надзя зірнула на Віктара i нічога не сказала: i ёй усё гэта было не ў навіну. Маўчала i Антаніна. Здаецца, яшчэ ніколі не было такой нялюбасці да Віктара, як цяпер.
«Ну, чаму ён такі?— аж забалела сэрца.— Чаму кожны дзень прыходзіць во гэтакі дадому? Сябрукі спакушаюць ці сам ужо ўцягнуўся, не можа без гэтай атруты? Некалі, яшчэ нават год-два назад, быў сімпатычны, стройны, акуратны мужчына, а цяпер... Не пагаліўся, брудны...»
— Добры вечар, каляжанкі!— падышоўшы да ix, гарэзна прывітаўся Віктар, ссадзіў малога на зямлю, хіснуўся, сеў між імі, абняў за плечы.— Эх, вы мае бабкі!— а пасля адну i другую цмокнуў у шчокі.— Люблю я вас!
Надзя засаромелася, вырвалася i адсунулася. Антаніна, гэтаксама нічога не гаворачы, са злосцю скінула яго руку, адсунулася.
— Не нараўлюся, — як пакрыўдзіўся Віктар, адваліўся спіною да сцяны.— Ну, ладна. Хадзі ты да мяне, сынок.
Але сын не пайшоў да яго. Падышоў да Антаніны.
— Кашулька брудная, каленькі збіў...— паўшчувала яго Антаніна.
Сын маўчаў.
— Ну, я пайду, работы дома многа, — прамовіла Надзя i падалася з двара.
— Скідай сандалікі, сынок, памыйся, — сказала Антаніна, як не бачачы паблізу мужа.— Пап’еш малачка — i спаць. Каб заўтра раней устаў, каб мама не пазнілася на работу.
Якраз вярнулася з нашы карова. Антаніна ўпусціла яе ў двор, дала загадзя ўжатай травы.
— Ну, выцірайся, сынок, — сказала яна, калі падаіла ўжо карову i ішла ў хату амаль з поўным вядром малака.
Сын падняўся з ночваў, пачаў выцірацца. Тут жа, на двары: было вельмі цёпла, як у астуджанай лазні.
Віктар, прываліўшыся да сцяны, ужо хроп.
Антаніна працадзіла малако, потым памагла апрануцца сыну. Як не хацела, але падышла i да мужа, раскатурхала.
Віктар, прачнуўшыся, доўга не мог апамятацца, сядзеў, цёр далонямі твар. Потым з неахвотаю падняўся i пацягнуўся ў хату.
— Не ідзі такі, — загадала яму Антаніна, — скінь свой камбінезон, памыйся.
— Мне i так добра, — агрызаўся той, ідучы i хістаючыся, абапіраючыся аб сцяну.
— Дык мне блага, — загневалася Антаніна i зноў загадала:— Мыйся!
Віктар сеў долу, скінуў запыленыя кірзачы, сапхнуў з сябе вымазаны ў тавот, прапахлы керасінам камбінезон, потым скінуў i майку. Падняўся, ледзь устояўшы на нагах, падаўся да рукамыйніка.
Абліваўся цёплаю вадою, фыркаў. Гарэзнічаў, як дзіця.
Антаніна толькі паківала галавою, гледзячы на ўсё гэта. Вынесла i падала ручнік.
— Ну, як прайшла праверка ў школе?— Віктар нібы працверазіўся. Стаяў i выціраўся.
— А ты яшчэ помніш пра гэта?— сказала яна пакепваючы.— Дзіва! Мне здаецца, ты даўно ўжо забыўся, што ў цябе ёсць дом, сын, жонка. А пра маю работу — пагатоў... Каб помніў, што ў жонкі сёння такі важны дзень, што сёння ацэньвалі яе працу, дык i намнога раней прыехаў бы, папытаўся б. А так табе другое важней, другое ў галаве... Што там мая работа! Не ішла, не ехала. А вот бутэлька, сябрукі — вот дзе самае важнае!..
— Выйшла так, жонка, — усміхнуўся ён.— Завёз адному ў Асавок дровы — вот i пачаставалі. I не хацеў у хату заходзіць, дык угаварылі ўсё роўна.
— У цябе «так» кожны божы дзень выходзіць...— махнула яна рукою.— I людзі гэта ўжо ўсе ведаюць, i мне яно ўжо абрыдла... Жонка — настаўніца, а муж у яе — горкі п'яніца...
— Ну, хіба я п'яніца?..— бараніўся Віктар i, надзеўшы майку, спрабаваў падысці i прытуліць яе, але яна адышлася.— На рабоце раблю? Раблю. Грошы дадому прыношу? Прыношу. I не менш, а больш за цябе. Дома начую? Начую. Ну, вот выходзіць так, што кожны дзень чарка надараецца. Завязеш некаму нешта... Не будзеш жа грошы браць — брыдка: трактар жа не свой, a дзяржаўны. Вот i клічуць людзі ў хату... Цяпер трактарысты ды шафёры — самыя паважаныя людзі...