Выбрать главу

...Гуркі, памідоры, морква ды капуста буялі, цёмна зелянеліся, i яна палюбавалася, парадавалася, што хутка будзе многа ўсякай гародніны, пайшла да градкі са шчаўем.

Толькі нагнулася яго пашчыпаць, як пачула крокі. Азірнулася: ішла суседка Ядзя — замужняя кабета амаль яе гадоў, маці пяцярых дзяцей.

— Во якія ў цябе ладныя грады! — Ядзя не падалася ў свой гарод, а прыйшла сюды, акідвала зайздросным позіркам кожную лапінку.

— Цьфу, цьфу! — усміхнулася Маня.— Прагаворыш...

— Ай, забабоны!— махнула рукою тая, адставіла поўны жывот: хадзіла шостым дзіцем.— Кватаранту прыйшла шчаўя нарваць? Кісленькага захацеў?

Маня не здзівілася, што Ядзя ўжо ведае пра тое, што яна ўзяла на кватэру электрыка: тая ўсё пра ўсіх у вёсцы знае. Яна ўсміхнулася i паківала толькі галавою.

— Можа, зарвецца язык Франакавай Вікці, не будзе страшыць, што прыйдзе i памалоціць твае вокны...— загаварыла Ядзя.— Хоць яе дурны поп хрысціў, будзе мянташыць, што ты наўмысна, з хітрыкай кватаранта ўзяла...

— Мне ад гэтага ні холадна, ні горача,—сказала Маня, адчуваючы на душы вялікую непрыемнасць ад гэтых плётак, і, каб не гаварыць пра гэта больш, сказала Ядзі: — Ну, я пайду: булён на агеньчыку варыцца...

Калі вярнулася дадому, несучы ў прыполе шчаўе, кватарант стаяў на двары, падкідаў у агонь трэскі. Быў ён цяпер паголены, мокрыя валасы залізаны назад, стаяў не ў ботах, a ў туфлях, у новых штанах, у белай тэнісцы. На яго даўгаватым носе блішчаў пот.

«Ды ён зусім малады», — падумала яна i засаромелася, што так i не пераадзелася, тупае босая.

— Кінула во агонь без догляду...— усміхнулася Маня.

— Нічога. Не суха ж, — сказаў ён, нагнуўся, дастаў з агню галавешку. Прыкурыў.

Маня адразу адчула папяросны дым, што казытнуў у носе: пасля смерці Сцяпана, здаецца, ніхто i не курыў у яе хаце. Цяпер яе захваляваў гэты дым, зноў напомніў ёй дарагога чалавека... Яна неяк уся зноў аслабела, пасумнела, стала абыякавая да плётак, што ўжо ёсць, што яшчэ будуць...

Вярнулася з пашы карова, відаць, i наскублася ў полі добра, бо бакі былі поўныя, як бочкі, але ўсё роўна ткнулася ў свіныя вёдры, аблізала муку, што прыліпла там.

Маня загнала карову ў загарадку. Прынесла з хаты патэльню, кавалак сала i цыбулю, паставіла ля агню.

— Падсмажце, можа, самі, — ужо не з сорамам, а спакойна сказала яна электрыку, — я пайду карову падаю.

Зняла з частаколу даёнку i пайшла да каровы. Калі даіла, бачыла, як ён замітусіўся: відаць, ліўся на агонь булён, як зняў чыгунок, паставіў на трыножнік патэльню, смажыў, адхіляўся ад дыму, як варушыў сала i цыбулю.

Калі Маня прынесла малако ў хату, ён ужо сядзеў на лаве. На стале ляжалі яго кілбаса, кансервы, стаялі слоік куплёнай капусты, пляшка віна.

— Ды вы ешце, нас не чакайце, — сказала яна.— Я прыжду ўжо сына.

Працадзіла малако, наліла з адстойніка ў кубак, паставіла на стол, астатняе, што было ў бляшанцы, паставіла ў вядро з халоднаю вадою. Бачачы, што ён сам не бярэ есці, змахнула крошкі ca стала, абчысціла кілбасу, нарэзала яе скрылікамі на талерку, памыла i падала гуркі, наліла міску булёну.

— Дык за знаёмства...— ён усміхнуўся, садраў зубамі з пляшкі бляшаную галоўку.— Мяне Віцем завуць. Віця Салавей. Голасу добрага не маю, але прозвішча во пявучае...— жартаваў ён i ўвесь час каўтаў у роце сліну, з прагаю пазіраў на ежу.

— А мяне Маняю завуць, пішуць Марыяй, — сказала яна, дастала з куфэрка i паставіла на стол кілішкі.

— Вы мне шклянку дайце, — папрасіў ён.— Не люблю цыркацца гэтымі...— наліў ёй у кілішак, сабе ў шклянку, астатняе віно паставіў на падаконнік.

— Ну, будзьце здаровыя!

Яна кіўнула яму, крыху пакаштавала i паставіла кілішак на стол.

Еў ён ca смакам. Відаць, што добра прагаладаўся, з'еў усё, што толькі падала. Павячэраў, падзякаваў i падаўся ў вёску, дзе ўжо чуўся гармонік, — свае цяпер, летняю парою, вечарамі мала граюць, рана кладуцца спаць, — весяліліся, відаць, прыезджыя.

Маня не дачакалася сына i села адна есці, падумала, што трэба пагаманіць, каб не круціўся ля гэтых электрыкаў, не замінаў людзям працаваць. Вымыла пасуду i пачала збірацца спаць, ведаючы, што не хутка засне, пакуль усяго не перабярэ ў памяці, пакуль не паплача i не пагадае, як жыць далей...

2

Назаўтра кватарант падняўся рана, услед за ёю — яна спяшалася адправіць на пашу карову.

Вечарам, калі вярнуўся з работы, зноў хадзіў купацца, сядзеў ля агню i варыў бульбу, пасля, ужо ў хаце, згледзеў, што стаіць некранутае віно.

— Няма каму піць, — прамовіла Маня, сёння ўжо дзеля госця адзетая ў новую сукенку, абутая ў басаножкі, у новай хустцы (у Янковічах усе замужнія кабеты i летам носяць хусткі).