«А ў чым жа мая віна? — хацела спытаць яна, але не асмелілася.— Сцяпан Пятровіч — настаўнік, а ты... Не я вінавата, што ты такі...»
— Ты нікому пісем не пішаш? Там, у Галінавічах?
— Не.
— А палучаеш ад каго?— неяк з жаласцю пазіраючы на яе, папытаў ён.
— Не.
— Тады я скора табе напішу. Вот паеду ў тым месяцы ў Крым, дык адтуль папішу. Усё-ўсё апішу.
Яна маўчала: не ведала, што сказаць. Чырванелася. I чамусьці было брыдка.
— Ну, я паеду, — як папрасіла яна, — А то мама ўжо чакае мяне.
— Едзь, — сказаў ён і, калі ўжо крыху ад'ехалася, гукнуў услед:— Дык я напішу, чуеш?
Антаніна ехала памалу. Каб не дагнаць Надзі. Але тая яе чакала.
— Ну, што ён табе яшчэ сказаў? — спытала яна з цікаўнасцю.
— Так, — прамовіла Антаніна. Упершыню не сказала праўды сваёй лепшай сяброўцы. Адчула: не трэба гаварыць. I не трапляць болей Рыгору на вочы. Чым хутчэй з'ехаць з вёскі. А там нешта будзе іншае.
...Дома Антаніна заўважыла, што маці ляжыць на печы, накрыўшыся старою коўдраю.
— Чаго вы так, мама? — здзівілася яна.
— Нездаровіцца нешта, дачушка, — слабым голасам адказала тая. — Ці я на скразняках прастудзілася, ці мае ўдаўненыя хваробы абазваліся — нешта круціць паясніцу, ломіць цела.
— Можа, вас у бальніцу завезці? — занепакоілася Антаніна.
— Не, што ты, дачушка, — адмовілася тая.— Куды ж мне ехаць, калі пара бульбу садзіць, а табе вунь скора экзаменты... Папякуся во на печы, натрэш якім націраннем — ды пройдзе... Паехала б, можа, каб яшчэ хто быў у хаце. Бацька ці сёстры, браты твае... Адну я цябе не пакіну. Паеш, дачушка, ды канчай даставаць бульбу са склепа. Трэба перабраць яе, потым выкінуць гной — я ж на панядзелак у брыгадзіра каня папрасіла... Пасадзім бульбу, дык тады, можа, калі не будзе палёгкі, паеду ў тую бальніцу, — сказала маці i так сумна на яе паглядзела, нібы прамовіла: «Дачка ты мая дачка, вот якія твае маладыя гады! Памёр бацька, дык змалку са мною дровы рэжаш, арэш, сена косіш, усю гаспадарскую работу робіш. А цяпер вот трэба не толькі, дачушка, памагаць, але i ўсё браць на свае маладзенькія плечы... Не пагуляеш, як гуляюць другія за бацькамі...»
— Пасадзім, мама, тую бульбу, нідзе яна не дзенецца, — усміхнулася ёй Антаніна, каб падбадзёрыць яе.— Толькі вы папраўляйцеся.
I маці, здаецца, павесялела, з любасцю на яе зірнула. Старая, змаршчыненая ды ўчарнелая на твары, яна аж памаладзела, ажыла, але з печы не злезла, яшчэ лепей накрылася.
«I праўда, я болей раблю за Надзю, за другіх сваіх равеснікаў, — пераапранаючыся, падумала Антаніна.— Кашу, дровы калю, ару, гаспадарку гляджу. Ад таго, можа, i дужэйшая за ix: яны ўсе тоненькія, кволыя. А я магу амаль усіх хлопцаў здужаць. Яны, равеснікі, гавораць толькі пра школу, пра свае клопаты, а я ўжо знаю, дзе можна мукі купіць, колькі трэба парасят на зіму пакінуць. Я ж, лічы, гаспадыня. Маці ўсё хварэе i хварэе каторы год, дык я за яе трымаю гаспадарку. Яна толькі падказвае... I яшчэ адно... Надзя вот толькі думае пра хлопцаў, хоча пасябраваць, лічыць гэта вялікім цудам, а я ўжо ведаю, што хлопец — гэта не толькі той, пра каго мараць дзяўчаты, але i памочнік жанчыне, гаспадар. A які гаспадар з Сцяпана Пятровіча? Ці з Рыгора?»
Маці злегла, ужо каторы дзень не падымалася з пасцелі.
Антаніна, вярнуўшыся са школы, перакусіла i палезла ў склеп — рашыла: сёння не вылезе адтуль i да ночы, пакуль не дастане ўсю бульбу.
Набярэ кошык бульбы, падымецца па лесках наверх i занясе ў хлеў, высыпе ў кучу.
Вось залезла зноў у склеп, награбала бульбу ў кошык, як адчула, што нехта прыйшоў: засланіў святло. У склепе стала цёмна.
— Алё!— гукнуў нехта знаёмым, але крышку i чужаватым басавітым голасам.— Дзе ты там?
— Хто там?— запытала яна, зірнула, але нічога не ўбачыла. Пасыпалася толькі ў вочы труха.
— Вылазь — паглядзіш...
«Нехта малады», — падумала яна. Калі крыху адступіўся, убачыла наваксаваныя боты, зялёныя вайсковыя штаны. Твару не магла ўбачыць: біла зверху святло ў вочы, асляпляла.
«Віктар, — здагадалася: чула, што прыйшоў сёння раніцай з войска.— Віктар Матусевіч. Той, што пісаў з войска лісты тутэйшай фельчарыцы, пакуль яна не выйшла замуж за прыезджага агранома».
Яна была спакойная: з Віктарам раней мала зналася. Ён быў старэйшы, i ў яго была свая кампанія.
— Зараз, — адказала яна, хуценька прыгаршчамі пачала браць i кідаць у кошык бульбу.
Накідаўшы, падалася наверх, падымаючы перад сабою поўны цяжкаваты кошык.
Сапраўды гэта быў Віктар. Ён падхапіў кошык, адставіў яго ўбок, падаў ёй руку i памог вылезці.