Яна вылезла i амаль анямела. Перад ёю стаяў не тонкi ды худы хлапчук, якім ён адыходзіў у войска, a высокі, з шырокімі плячыма, сімпатычны мужчына. Чысты, з белым далікатным, як у жанчыны, тварам, у зялёненькім мундзіры. На грудзіне было шмат значкоў.
I ён, здаецца, з нейкім дзівам зірнуў на яе.
«Няўжо задзівіўся, — падумала яна, — што я ў гумоўцах, матчынай старой блюзцы, што во з такімі бруднымі рукамі?»— а пасля i засаромелася, што ён бачыць яе такой.
I не толькі засаромелася. Адчула, што яна ўжо жанчына, што палаюць шчокі ад узрушэння, што затрапяталася сэрца, нібы гаворачы: «Які Віктар ладны!»
— О, якая ты ўжо!— з захапленнем прамовіў ён, здаецца, гэтаксама збянтэжыўся.— Адыходзіў служыць — тады ты яшчэ дзеўчанё горкае была. А цяпер... Паненка, нявеста! — i ўсё акідаў яе позіркам, што яна, здаецца, гарэла ад сораму.
Апошнія яго словы вельмі спадабаліся. Ну, як яны маглі не спадабацца, калі гэтулькі было ў ix здзіўлення, шчырасці, пахвалы ёй!
Яна стаяла насупраць яго, маўчала, чакала, што ён яшчэ скажа. У самой ад хвалявання не было патрэбных слоў.
— Заходзіў у хату, хацеў вас праведаць, — ён, здаецца, ужо гэтаксама пачаў траціць зухаватасць, саромецца: агледзеўся, што яна ўжо не дзяўчынка.— Маці i сказала, што ты тут. Дай, думаю, зірну, бо i мае гаварылі, што ты падрасла, вылюдзілася. Аж...
Да яе твару зноў хлынула цяплынь. Адчула: спадабалася яму. I вельмі спадабалася: глядзіць во i вачэй не зводзіць.
— Цяжка адной упраўляцца? — ужо сур'ёзна запытаў ён.
— Хіба мне прывыкаць?— з самотаю ўсміхнулася яна.— Як памёр тата, дык i памагаю маме. Бульбу вот сёння выцягаю, заўтра перабяру, паслязаўтра выкідаю гною, тады вывезу яго на поле, a ў панядзелак будзем садзіць. Будзе наша калейка на каня.
— Ох, колькі работы! — усклікнуў ён.— Дзе ты адна ўсё зробіш! Рукі парвеш, — i з павагаю зірнуў на яе: яна апусціла позірк долу. Але не паскардзілася, што будзе цяжка.— Памагчы, можа?
— Не трэба, — паспяшалася яна адмовіцца.
— Я ўсё роўна пакуль што гультую, дык памог бы гной выкінуць, на поле вывезці, мог бы i аратым пабыць, — сказаў ён.— Падаб'ешся адна. Падарвеш без пары здароўе. I рукі якія будуць...— ён усміхнуўся.— Пры такім харастве трэба, каб рукі былі мяккія, белыя, без мазалёў...
Яна ўсміхнулася: казкі усё гэта! Як жа так можа быць, калі робіш?!
— Дык памагу, так i быць, — падахвоціўся Віктар, падміргнуў.— Ну што, наймаеш?
Яна паціснула плячыма, не могучы нічога адказаць ад нечаканай радасці ды ад няёмкасці.
— Вот i пачнём адразу: ты падавай са склепа, а я буду насіць. Пакажы толькі куды.
...Пад вечар, калі ўжо нізка над зямлёю апусцілася вялікае чырванаватае сонца, у вёсцы з комінаў пачалі віцца дымы, a ў цёплым паветры пачалі лятаць майскія жукі, Антаніна i Віктар падышлі да хаты. Былі шчаслівыя: скончылі насіць усю бульбу. А гэтаксама пачысцілі i склеп.
Віктар выкруціў са студні вядро вады i пачаў мыць рукі, Антаніна пайшла ў хату па ручнік.
У хаце падышла за печ: там на старым ложку ляжала маці.
— Усё, мама, Віктар памог, дык усю бульбу дасталі i перанеслі, — сказала яна.— Сказаў, што паможа i соткі пасадзіць.
— А дзе ж ён?— спытала маці — вельмі радая, што ўсё так выходзіць.— Нa двары? Заві ў хату, дачушка. Пачастуй: i госць, i памог во.
— Ды не трэба, мама, — папрасіла Антаніна.— Няёмка ж неяк.
— Не выдумляй, дачка. Будзь гаспадыняй, прымі хлопца, мо яшчэ i праўда паможа, — запатрабавала маці, — а потым ужо ўходзішся.
Антаніна выйшла на двор і, надаючы Віктару ручнік, сказала:
— Мама просіць, каб ты ў хату зайшоў.
— А ты не запрашаеш? — усміхнуўся Віктар.
— Заходзь, — усміхнулася Антаніна i шмыгнула ў кладоўку па сала i пляшку гарэлкі, што стаяла там яшчэ з вялікадня.
...Ужо восенню, пад каляды, калі было відаць, што маці не жыхар на гэтым свеце, Антаніна перавялася са стацыянара на завочнае — каб дагледзець матчыну старасць. Пайшла працаваць у Міланьскую васьмігодку піянерважатай. А на каляды ўзяла ў прымакі Віктара: яны былі ўжо да гэтай пары, здаецца, самымі закаханымі на свеце людзьмі.
Пакуль жыла маці, былі з ёю. Як маці памерла, Антаніна перабралася да свёкра, гады тры параскашавалася за імі, пажыла як у бога за пазухаю.
Астатнія гады, калі памерлі i свёкар i свякроў, жыла толькі з Віктарам i сынам, зноў усе клопаты па гаспадарцы ўзяла на свае плечы. Ды i не толькі гэтыя клопаты.
5...
Антаніна спачатку добра i не пазнала, што за чалавек ідзе ў іхнюю школу. У балоневым зялёным плашчы, у балоневай шапачцы: якраз ішоў, бадай, першы за май дождж. Дробны, але спорны, спрыяльны для зеляноты.