Выбрать главу

— Можа, я i сам вінаваты, — паківаў ён галавою.— Не хачу жаніцца не па каханні. Хоць i глядзіш парою i бачыш: такі звычайны мужчына, а такую красуню жонку ўзяў. I жывуць добра. А ты... не здолеў. Ці пасаромеўся, ці запазніўся. I, можа, прайшло шчасце побач...

«Напраўду так бывае...— падумала Антаніна, спачуваючы яму.— А яшчэ бывае, што i паспяшыш, не на тое натрапіш. Потым агледзішся — ды позна ўжо...»

— Таму, ведаеце, мяне i ўразіла ваша шчырасць, абаяльнасць, — прызнаўся ён, сказаў такім пяшчотным голасам, што яна аж захвалявалася: што ён гаворыць? — Мне здаецца, што вы вельмі далікатная, пяшчотная жанчына, што вы ўсё разумееце. Усе тонкасці душы. I вам хочацца ўсё расказаць, нібы пашукаць у вас падтрымкі...

— Што вы! — усклікнула яна.— Зацэньваеце вы мяне. Не такая я на самай справе, горшая, не магу так... Ды ў самой мяне вельмі няпростае жыццё... Я i сама ўсё часцей задумваюся, як жыць далей, бо незадаволена, як цяпер жыву. Калі вам маё расказаць, дык не супакою вас, а яшчэ болей расчарую. Але не буду расказваць: гэта маё i няхай яно будзе пры мне толькі...

Яны ішлі поплеч: яна па сцежачцы, а ён па грудку між дзвюх — машынных — каляін. Дождж падужэў, пацурбаніў ужо. Але было прыемна, што ён ільецца: у паветры настойвалася свежасць, лагоднасць, нават пяшчотнасць, што i самому хацелася быць чуллівым, далікатным ды пяшчотным.

Амытыя вадою алешыны, бярэзіны, трава, чысты, як сок, дождж — усё, здаецца, шаптала: ціха, людзі, асцярожна, бо вакол чысціня.

«Ці гэта мне ўсё здаецца? — усміхнулася сама сабе Антаніна.— Ці не паэтэса я якая, што во гэтак думаю?!»

— Прабачце, — прамовіў Міхаіл Іванавіч, — як сёння ехаў сюды, дык разгаварыўся з вашымі людзьмі. Яны сказалі, што вам нялёгка жывецца, але вас хвалілі. I за далікатнасць, i за працавітасць.

«Людзі ж усё бачаць, канечне, ведаюць, — падумала яна.— Але сябе брыдка хваліць, а мужа няма як. Лепш памаўчаць. Другія кабеты дык любяць хваліцца сваімі мужамі, а мне — лепш змаўчаць».

— Жыву...— з самотаю ўсміхнулася яна.— Як выходзіць, так i жыву. Ды стараюся, каб лепш было.

— Вы не пакрыўдзіліся? — занепакоіўся ён.— Вы не думайце, калі ласка, што я распытваў. Сама неяк зайшла гутарка. Людзі спыталі, куды я еду, чаго, як сказаў, што школьны інспектар, дык самі вас успомнілі, пачалі хваліць. Вось я i падумаў: малайчына Антаніна Іосіфаўна, мае народнае прызнанне...

— Годзе вам пасміхацца, — папрасіла яна.

— Які ж тут смех. Гэта трэба слухаць, што народ гаворыць. Народ усё бачыць, усё разумее.

Незаўважна, здаецца, яны падышлі да сцежкі, дзе яны мінулы раз развіталіся. Ён прыпыніўся, думаючы, што яна падасца сюдою дадому.

— Мне трэба зайсці ў кантору, так што нам па дарозе...— сказала яна i зачырванелася: нi ў якую кантору ёй не было патрэбы ісці.

— Кaлi ласка, — усміхнуўся ён.— Яшчэ з хвілін некалькі будзе шчасце пабыць разам з вамі.

У яе зноў з трывогаю забілася сэрца.

«Што ён гаворыць? Нешта я цьмяна разумею. Можа, i таму, што чамусьці мне прыемна ад гэтых слоў... Далібог, гэты май нешта робіць загадкавае з маёю душою, з маім сэрцам...»

Ля канторскай агароджы прыпыніліся, сталі насупраць адзін аднаго.

— Ну, шчасліва вам даехаць! I ўдач усякіх! — усміхнулася яна, падала яму на развітанне руку.

— Дзякую, — здаецца, вельмі ўзрадавана адказаў ён.— Прыязджайце абавязкова ў наступную пятніцу на семінар настаўнікаў мовы i літаратуры. Я буду чакаць вас...— прамовіў мякка, з лагодаю, але зусім загіпнатызаваў яе вільготным, уладным позіркам, што яна згубіла ўсякую волю.

— Я ніколі не прапускаю нарад, — усміхнулася яна ў адказ, забрала руку.— Ну, бывайце!

Хутка, як уцякаючы, павярнулася i пайшла да канторы, да Надзі, хоць зусім не ведала, што той скажа.

I яшчэ ёй было чагосьці сорамна. За свае вось такія паводзіны.

«Нешта, мусіць, не так я раблю, — з нейкаю пават прыкрасцю падумала пра сябе.— Неяк дзіўна ўсё, ва ўсякім разе...»

6...

Антаніна чакала новай пятніцы, як вялікага свята.

I вось гэтая раніца настала. Антаніна падхапілася на ногі ледзь толькі ўзышло сонца. Падаіла i адправіла на пашу карову, выпаліла печ, прыгатавала сняданак. I вось ужо якую пару стаяла ля люстэрка.

Сёння ёй, здаецца, ніяк не ўдавалася прычоска. Яна i начэсвала валасы, i ўкладала ix, прышпільвала, але ўсё роўна выходзіла не тое, чаго яна хацела.

— Абрэжу вас к чорту! — злавалася яна на мяккія-мяккія сёння валасы.— Зраблю завіўку, дык не будзе гэтулькі марокі з вамі.

— Ды годзе там табе!— азваўся з кухні Віктар, сёрбаючы шчаўе.— Псуеш цэлую раніцу сабе i мне нервы! Пазнаюць любую.