Выбрать главу

— Ты мне не гэтулькі псуеш нерваў, — адказала яна.— Твая п'янка мне ўжо ўсё сэрца з'ела.

Муж замоўк. Чуваць было: пасёрбаў яшчэ крыху і ціха выйшаў з хаты.

«Няма што i сказаць: i ўчора п'яны, як зямля, вярнуўся».

Нарэшце, здаецца, прычоска зладзілася. У меру высокая, пышная. Тады Антаніна надзела блакітны крымпленавы касцюм. Стала нейкая надта строгая.

Як крыху падфарбавала вусны, здаецца, твар палагоднеў — i яна была задаволена, як сёння выглядае.

«Вось цяпер можна ехаць i ў горад».

Зірнула на гадзіннік: пара ісці на аўтобусны прыпынак. Няма калі i снедаць. Ды i не варта есці — будзе страйней выглядаць. Узяла белую сумку, абула белыя басаножкі, замкнула хату i падалася да канторы.

Як выйшла на вуліцу, убачыла Надзю. Тая якраз ішла на работу.

— О, якая ты сёння! — пазайздросціла Надзя.— Пісаная красуня! Ці не дзеля таго інспектара ты так нашыкавалася?

— Гаворыш ты абы-што, — незалюбіла Антаніна, пачакала яе i пайшла поплеч.— Па-твойму, у горад трэба ў гумоўцах ды ў фуфайцы ездзіць? Каб гараджане, як на дзіва, пазіралі? Так што цяпер i мы, вяскоўцы, павінны не адставаць. Чым мы горшыя?

— Я ж нічога не кажу, — апраўдвалася Надзя.— Кажу, што надта пекная ты сёння. Мяне ты i ў золата адзень, дык я не буду гэтакая. Ногі во як запалкі, — яна выставіла адну нагу, потым другую, — сама як трэска. Ды i нос пляскаты, шчокі ўпалі... А ты, дзякуй богу, i на целе гладкая, чыстая, i тварам удалая. Ды ўсё спраўнееш з гадамі...

Наперадзе пачуўся ціхі шум. Прыйшоў аўтобус.

— Што табе купіць гарадскога?— запытала Антаніна, усміхнулася: трэба яе падбадзёрыць сяброўку.— З харчу ці з апраткі?

— Ды Тані паглядзі, калі будзе час, сандалікі...

— Добра, — сказала Антаніна i пайшла да аўтобуса.

Ішла, усміхалася сама сабе. Можа, i таму, што пачынаўся цёплы, сонечны дзень. Падымалася ўсё вышай сонца, высіньвалася неба, сплывалі за небакрай белыя воблакi — усё абяцала цяпло, шмат святла i шчодрасці: усё ж праходзіла няўстойлівая вясна i ішло ва ўсю гарачае лета...

...Ля раённага педкабінета было ўжо шмат настаўнікаў-моваведаў. Мужчын, жанчын i — найболей — маладых дзяўчат.

Убачыла Антаніна сярод усіх i сваю знаёмую — былую аднакурсніцу. З ёй яны некалі разам завочна вучыліся ў інстытуце. Невялікую беленькую красуню Вольгу Аляксандраўну.

— Харашэеш усё! — тая сустрэла яе жартам.

— Не табе ж адной быць прыгожай!— жартам адказала i Антаніна.— Некалі ўсіх студэнтаў з розуму зводзіла...

Тая зачырванелася: мела за сабою ўсякія грахі.

— I цяпер, мусіць, зводзіш з тропу сваіх мужчын-калег? — спытала, нібы нічога не ведаючы, Антаніна: чула, што летась у той школе быў прафсаюзны сход, на якім лаялі Вольгу Аляксандраўну за тое, што «адбівае чужых мужоў».— Яшчэ ж больш пахарашэла.

— Цяжка зараз прыгожай жанчыне...— толькі ўсміхнулася тая.— Пад пільным мы назіркам чужых жонак... Ды i мужчыны цяпер не тыя. Нейкія баязлівыя...

Антаніна раз за разам пазірала на дзверы педкабінета: ці не выйдзе адтуль Міхаіл Іванавіч. Вось выйшлі ўжо работнікі педкабінета, інспектар райана, а вось падышоў i аўтобус — везці настаўнікаў у славутую школу раёна.

— Хадзем зоймем добрыя месцы, — сказала былая сяброўка.— А то будзем стаяць усю дарогу.

Але Антаніне не хацелася яшчэ ісці ў аўтобус.

— Якое прыемнае цяпло!— прамовіла яна, зірнула на высакаватае ўжо сонца, а потым зноў кінула позірк на дзверы, падумала з нецярпеннем: «Ну, чаму яго няма? Няўжо не паедзе?»

— Хадзем, — пацягнула за локаць сяброўка, — а то будзем стаяць.

Антаніна пайшла. Са злосцю да такой настойлівай Вольгі Аляксандраўны.

«Таўстуля! — падумала.— Гэтак ужо цяжка ёй пастаяць! Зусім абленавалася. Вось ад таго i паўнець гэтак стала».

Яны зайшлі ў аўтобус. Селі аж на задніх сядзеннях.

— Пастаялі б яшчэ з хвіліну, дык i гэтага не было б, — бубніла, як авадзень, сяброўка.

Але Антаніна мала слухала яе: усё кідала позіркі на дзверы. Чамусьці непакоілася, аж не была рада, што паедзе ў самую лепшую школу раёна, убачыць, як працуюць заслужаныя настаўнікі рэспублікі.

Але вось, здаецца, да твару хлынула ўся кроў: з незнаемым мужчынам сярэдніх гадоў выйшаў Міхаіл Іванавіч. Сёння вельмі элегантны ў белым касцюме, пры белай кашулі, але без гальштука.

«Харашэйшы i за Вольгу Аляксандраўну».

Яна з рэўнасцю глядзела, як ён усміхаўся работніцам педкабінета, як потым услед за імі зайшоў у аўтобус.

— Добры дзень вам! — усміхнуўся ён, мільгнуў позіркам сюды — здаецца, спачатку на Вольгу Аляксандраўну, а потым ужо на яе. I тут жа адвёў позірк, пачаў гаварыць з шафёрам.