Выбрать главу

А ён гаварыў доўга, разумна. Усе яго, хоць ужо i прытаміліся, слухалі з затоеным дыханнем.

— Канчаў бы ўжо мянташыць языком, — шапнула Вольга Аляксандраўна, — пара ўжо ў сталоўку, на заключную i самую важную частку нашага семінара...

Антаніна нічога не адказала. Як i не пачула яе слоў.

«Ну i інтарэсы! — толькі падумала сама сабе.— Здагадваюся, якая ты там настаўніца!»

У сталовай — дзе яны занялі шмат сталоў — спачатку было сумнавата, а пасля, як выпілі, павесялела. Пачалі смяяцца, жартаваць, спрабаваць спяваць. Антаніна слухала-слухала гэтыя спевы i ўсміхнулася.

— Не ўздумай толькі ты спяваць, — пазіраючы на яе, сказала зусім маркотная Вольга Аляксандраўна.— Пара ўжо ехаць дадому.

Але Антаніна зрабіла насуперак ёй. Хоць усе i шумелі, спявалі, яна набрала дыхання i заспявала. I яе ў тую ж хвіліну ўсе пачулі, заціхлі. — i ў вялікай залі ўжо ліўся толькі адзін яе голас. Усе-ўсе — а надта Міхаіл Іванавіч, дырэктар тутэйшай школы — пазіралі на яе з захапленнем.

Як была я маладзенькая, Харошая, чарнабровенькая, Тады ж мяне кавалеры любілі, Па чатыры ўслед за мною хадзілі.

Спявала, i, здаецца, песня лілася як ручаёк. Даўно ўжо не спявала з гэтакім натхненнем. Як скончыла, усе запляскалі. Доўга, моцна. Вольга Аляксандраўна сядзела маўклівая, маркотная, аж посная. На белаватым твары яе ляжаў цень пакуты.

— Ох, вас бы мне ў школу! — падышоў да яе дырэктар тутэйшай школы — мужчына сярэдніх гадоў, з пышным чорнымі валасамі. Нагнуўся, пад воплескі пацалаваў яе ў шчаку.

Яна чакала, што зараз падыдзе i Міхаіл Іванавіч. Але ён сядзеў непадалёку, усміхаўся. Пазіраў з любасцю.

...У горадзе настаўнікі разышліся.

Вольга Аляксандраўна развіталася з ёю холадна, i Антаніна адчула: усё, канец іхняй дружбе. Толькі не ведала, чаму гэтак выйшла: яна ж нічым не пакрыўдзіла былую сяброўку.

У Вольгі Аляксандраўны былі тут, у горадзе, знаёмыя, i яна, канечне, пайшла да ix начаваць. Тыя разы, калі вось так пазніліся, клікала з сабою. Сёння ж уцякла.

«Ну што ж, не прападу i адна, пераначую ў гасцініцы, — рашыла Антаніна.— A назаўтра першым ранішнім аўтобусам паеду ў сваю Вішнёўку... Не буду маркоціцца: усё ж сёння добры дзень, гэтакі добры настрой...»

I яна адразу ж пайшла б сваёю дарогаю, але ўсе настаўнікі хацелі з ёю развітацца — падыходзілі, паціскалі рукі, дзякавалі за тое, што яна i ім паддала добрага настрою. Так i затрымалася, адыходзілася ад аўтобуса амаль самай апошняй.

— Антаніна Іосіфаўна! — нечакана паклікаў яе Міхаіл Іванавіч. Ён раптоўна некуды быў прапаў, як толькі прыехалі ў горад, а цяпер аднекуль раптоўна заявіўся.

Яна прыпыпілася.

— Сёння вы наша гераіня, — падышоўшы, сказаў ён.— Дык мы павінны вас дагледзець.

Стаяў насупраць — i яго белы касцюм святлеўся ў цемені, надаваў яму нейкай загадкавасці, далікатнасці, вочы ўсміхаліся, лашчылі яе — i ў яе быў дзіўны настрой: яна гэта стаіць тут ці не яна?

— Мы ведаем, што вы сёння не зможаце трапіць дадому, — з клопатам сказаў Міхаіл Іванавіч, — дык мы вас падвязём. I наш Валодзя, — ён махнуў рукою на аўтобус, — згодзен: дужа вы спадабаліся...

— Ці трэба вам такія клопаты?— задаволена запытала яна.— У чалавека ж, пэўне, сям'я ёсць, а ён паедзе яшчэ дзеля нейкай там адной.

— Хадзем, калі ласка, — сказаў Міхаіл Іванавіч i, узяўшы яе пад руку, павёў да аўтобуса.

Там ужо сядзеў шафёр, пачынаў заводзіць машыну.

— Як такую спявачку не падвезці!— усміхнуўся.— З такімі песнямі можна i на край свету ехаць.

Яны селі — ці не на чацвёртым сядзенні ад шафера.

— Які слаўны сёння дзень!— ціха прамовіў Міхаіл Іванавіч, калі аўтобус крануўся, i гэты шэпт захваляваў. Яна адчула, што ў яе зноў, як i там, у вёсцы, закружылася галава, павяла, i хуценька прыхінулася да сценкі, зажмурыла вочы, хапілася рукамі за халодныя білы пярэдняга сядзення.

— Скажыце, калі ласка, Вольга Аляксандраўна ваша добрая знаёмая? — нечакана запытаў Міхаіл Іванавіч.

— Мы разам вучыліся ў інстытуце, — адказала яна.

— Што вы думаеце пра яе?

— Прыгожая жанчына...

— I толькі?

— Я ж не ведаю, як яна працуе. Нi разу не была на яе ўроках. Нe ведаю, як i жыве, так што цяпер мала знаю яе як i чалавека.

— Прабачце, канечне, — сказаў Міхаіл Іванавіч.— Moжа, чапаю вашыя сяброўскія пачуцці, але гэта вельмі капрызная, зайздросная, нават скандальная жанчына. Бачылі, як яна сёння на вас пазірала, калі вы спявалі, як развіталася?

«Выходзіць, i ён усё бачыў...»

— Такой бяды, — прамовіла Антаніна.