Выбрать главу

— А вы, добрая душа, гатовы ўсё ўсім дараваць?

— Я не ўсё забываю...

— I былой сяброўцы сваёй не даруйце, — як папрасіў Міхаіл Іванавіч.— Я гэта вам вельмі шчыра раю. Як таварыш, друг. Але вось i канчаецца гэты навучальны год... Мусіць, недзе паедзеце адпачываць? У Крым, на Каўказ?

— У сваю Вішнёўку, — усміхнулася Антаніна.— Куды ж я дзенуся ад сям'і, ад дому? Выйду хіба калі да рэчкі, пакупаюся. Будзе час, дык з хвіліну на сонцы паляжу.

— А мне становіцца сумна...— ён з самотаю паківаў галавою, самкнуў прыгожыя вусны.

— Чаму? — здзівілася яна.

— Будзе вялікае лета — i я не змагу прыехаць у Miланькі, пабыць на вашых уроках, пачуць ваш голас...

— Наседзіцёся яшчэ за сваё жыццё на гэтых уроках, наслухаецеся ўсякіх галасоў, — усміхнулася яна, як адводзячы ўсё далей ад сябе.

— Усе гэта ўсе, а вы гэта вы...

— Сустрэнецеся з якой красуняй — i ўсё як рукой здыме... Ці вы такі пераборлівы?— яна пастаралася перавесці ўсё на жарт, хоць адчувала, што зусім паблізу ад небяспекі.— Гэтулькі во i сёння было маладзенькіх прыгожых настаўніц! Гэтулькі нявест!

— У мяне, Антаніна Іосіфаўна, не разбягаюцца вочы, як гавораць, — уздыхнуў ён, — Я ўжо не маладзенькі, я ўжо ўмею за знешнім бачыць душу. I я знайшоў прыгожую жанчыну. Прыгожую па твары, прыгожую душою...

— Хто ж гэта, калі не сакрэт?— яна жартавала, далей вяла сваю гульню.

— Вы яшчэ жартуеце... Хіба не бачыце?

Яна хутка зірнула на яго, каб нібы здзівіцца, але ўбачыла яго i млявы, пяшчотны, i ўладны позірк.

Яна спалохалася. Адсунулася. Хацела ўцячы, але не было куды. Яшчэ былі толькі Навасёлкі, вёрст з пятнаццаць ад дому — не было як спыніць аўтобус i выйсці з яго, ісці далей — у ноч, у цемень ды скрозь лесам — пехатою.

«I божа! — жахнулася яна, — I я яго кахаю. Баюся нават сабе прызнацца, што гэта так, але яно так ёсць».

— Антаніна Іосіфаўна...— ён паклаў руку на яе пальцы, сціснуў ix.

Яна нервова выхапіла сваю руку, разгубілася: не ведала, дзе дзець гэтую руку.

— Разумею...— застагнаў ён.— Я халасцяк, вы замужняя... Вам нельга, вам грэх... А мне? Ну, што я зраблю, што маю во гэта, — ён пастукаў сабе па грудзіне, — да вас... Адна мая віна: гэта тое, што я ўбачыў вас...

«Ці гэта сон, ці гэта ява? — падумала яна.— Але нашто ён так гаворыць? Ён жа ведае, што нічога не можа быць. Каб некалі, дык я з радасцю, але цяпер не...»

— Ну, скажыце што...— папрасіў ён, зноў схапіў яе руку.— Не мучце...

— Вы сустрэнеце яшчэ таго, хто вам трэба... - хвалюючыся, сказала яна.— А мяне забудзьце. Вы самі ведаеце чаму... У мяне сваё жыццё, свой лёс... Была б я дзяўчына... Але што пра гэта гаварыць! Не будзем ганарыць! Нічога! I ніколі! — яна не магла пазіраць яму ў вочы, пазірала перад сабою, на кабіну шафера. Чула, што баляць скроні. I ўвогуле яна мала што кеміць. Хутчэй бы дадому! Ад Міхаіла Іванавіча, ад сваіх думак!

Вось паказалася Вішнёўка. Нарэшце!

— Дзе спыняцца, спявачка?— гукнуў шафёр, уключыў у салоне святло.

— Ля магазіна, — адказала яна.

Міхаіл Іванавіч, адхінуўшыся, маўчаў. На яго твары была пакута.

«Бедны чалавек!— пашкадавала яна.— I праўда ж, хіба ён вінаваты, што да яго прыйшло каханне?»

— Ну, дзякую, — знарок бадзёра сказала яна, узяла сваю сумку i падалася на выхад.— I табе, шафёрка, дзякую. Шчыра дзякую, — i выйшла з аўтобуса.

Убачыла: выйшаў за ёю i Міхаіл Іванавіч.

— Антаніна Іосіфаўна...— прашаптаў ён.— Мілая, родная! Гэта не ўсё... Я прыеду сюды, я знайду вас усюды... Без вас мне не будзе жыцця.

— Не трэба, — папрасіла яна.— Калі ласка, не трэба. Пашкадуйце мяне...— i не падала рукі, не развіталася, хуценька пабегла ў цемень, да сваёй хаты, да святла з яе акна.

У двары суцішыла бег, ля сянец пастаяла, прыслухалася: аўтобус гудзеў ужо за кантораю.

«I дзякуй богу. За лета ўсё забудзецца.»

I, супакойваючыся, падалася ў хату. Адчула, што вельмі баліць галава.

«Адразу ў ложак!— падумала.— Калі яшчэ здолею сёння хоць на хвіліну заснуць...»

7...

Чэрвень пачаўся цёплымі, сонечнымі днямі. Рассыпаліся ад зеляніны дрэвы, падымалася, шумела бульба, дужэла ў садах маладая завязь.

Удзень было вельмі горача — няможна было быць на дварэ. Надта ў градах — парыла зямля.

...Пасля полудня, як толькі каровы пайшлі зноў на пашу, Антаніна прыйшла сюды, на парослы кустамі i травою луг. Яшчэ дома адзела купальнік, халат, уссунула на босыя ногі тапачкі, узяла пад паху коц, часопіс.

Як толькі прыйшла, адразу ж пакупалася ў цёплай рэчцы, пастаяла, каб сцякла вада ды абсохла цела, тады разаслала коц i легла на яго.

Мясціна тут, зусім недалёка ад Вішнёўкі, была ціхая i нават глухаватая. Спачатку, амаль адразу за вёскаю, ляжала невялікае старое балотца, парослае алешнікам i елкамі, што ўзвышаліся на купінах. За балотцам утравеўся ладны кавалак сенакосу, i амаль пасярод яго цякла вузкая, з нізкімі берагамі, але глыбокая рэчка.