Антаніна разгарнула часопіс на патрэбнай старонцы, паспрабавала чытаць далей аповесць пра курортнае каханне. Але чамусьці не чыталася, i яна пагартала часопіс, пазіраючы на малюнкі, а потым зусім адклала яго ўбок.
«Зараз яшчэ раз пакупаюся — i ўсё пройдзе...— падумала яна.— Але чаму ён не выходзіць мне з галавы? Здаецца, прайшло ўжо гэтулькі дзён, павінна ўсё забыцца. Але не забываецца. Ох, гэты Міхаіл Іванавіч! I чаму ён толькі прыйшоў у нашу школу?! Не прыйшоў бы, дык усё было б добра, спакойна....А то i вечарам доўга не магу заснуць, шмат думаю, i ноччу сны ўсякія сняцца, i раніцай рана-раненька падымешся, падоіш карову, выправіш на пашу, прыляжаш... Раней паспіш яшчэ крыху, а цяпер не ідзе сон: усякія думкі лезуць...»
— Трэба пакупацца, — сказала сама сабе, — i, можа, усё выветрыцца... Але вот праўду кажуць людзі: ад сябе нікуды не ўцячэш...
Антаніна рэзка павярнулася: пачула паблізу крокі. Нехта паволі, заблытваючыся ў траве, ішоў ужо зусім паблізу. Здаецца, па ёй жа пратаптанай сцежцы. Яна падпаўзла да куста лазы, расхінула яго — i анямела: сюды ішоў Міхаіл Іванавіч.
«Як ён здагадаўся, што я тут? Ці тут нейкая ўжо няшчасная доля мая?»
Міхаіл Іванавіч нёс у руках туфлі (штаны яго былі закасаныя амаль да каленяў), хутка ішоў i, здаецца, глядзеў: дзе ж яна?
Антаніна ўскінула на сябе халат, пачала дрыготкімі пальцамі зашпільваць гузікі. I ніяк не магла зашпіліць ix. Потым, нарэшце, здолеўшы гэта, схапіла часопіс i пачала чытаць. Нібы не бачыць i не чуе нічога. Уцячы неўпрыкметку не было як: вакол ляжаў голы без кустоў — луг. Пакуль што хаваў яе толькі адзін лазовы куст.
Ён падышоў.
— Вось вы дзе! — усклікнуў.— Добры дзень!
Антаніна, нібы толькі цяпер учуўшы яго, наўмысна ca сполахам зірнула на яго.
— Добры дзень, — адказала збянтэжана: ён пазіраў на яе, усміхаўся.
— Прыгожа тут!— прамовіў ён, сеў ля яе, адкасаў калашыны.— Не трэба i ніякага поўдня.
— Ды няблага, — мармытнула яна, села, абцягнула на калені халат.— Во пакупацца можна, пазагараць.
— Давайце трохі скупянёмся.
— Я толькі што купалася, — адказала яна i ўявіць сабе не магла, як яна скіне перад ім халат.
— Ну, ладна. Купанне купаннем...— зморшчыўся ён.— Добра, што знайшоў вас...— апусціў галаву, пагладзіў рукою траву.— Развітаюся вот з вамі, пажадаю вам усяго найлепшага...
— Чаму — развітаецеся? — затрывожылася яна.
— Думаю з'язджаць адгэтуль. Паеду ў другі раён.
— Чаму?
— Няўжо вам расказваць? Вы ўсё ж ведаеце...
Яна замаўчала.
«Чаго ён прыйшоў? Няхай бы i ехаў — i ўсё забылася б...»
— Антаніна Іосіфаўна!..— прашаптаў ён i дакрануўся да яе рукі.
Яна забрала руку, адсунулася.
— Я нешчаслівы, самы нешчаслівы чалавек на свеце, — шэптам сказаў ён, падсунуўся бліжэй.— Але я не мог з'ехаць, не пабачыўшы вас. Даруйце за гэта... Вы для мяне надзея... Я толькі ваш...
— Я ж гаварыла: не трэба, — ужо не з рашучасцю, а з просьбаю сказала яна.— Вы ж бачыце, што я вас... паважаю, дык пашкадуйце, не мучце. Можа, вы i добра робіце, што з'язджаеце. Так нам абоім будзе лепш...
Ён узяў яе руку. Пацалаваў. Раз-другі. Прыціснуў яе да грудзей. I ці не заплакаў: раптам павільготнелі яго вочы.
«О божа! — з адчаем падумала яна.— Я яго люблю. Не магу прагнаць, не магу вось падхапіцца i ўцячы. I нельга мне тут быць, ні хвіліны нельга... Не вытрымаю ж...»
Міхаіл Іванавіч абняў яе, пацалаваў у вусны.
— Міхаіл Іванавіч, не трэба! Перастаньце! — прасілася яна, адчуваючы, што прападае ўсякі страх, а агортвае хмель. Але ўсё яшчэ баранілася. Як магла.— Ну, прашу вас, пусціце...
Але ён зусім не слухаў яе. Ірвануў полы яе халата, аж з яго пырснулі ў бакі гузікі, нахіліў, цалаваў — i яна зусім страціла сілу, усякі розум. Заплюшчыла вочы, моцна абняла з нейкім адчаем...
— Антаніна Іосіфаўна...— Міхаіл Іванавіч пакратаў яе за плячо, хацеў павярнуць яе, але яна не паддалася.— Вы мілая, самая-самая лепшая на свеце. Я вас вельмі люблю. Вельмі-вельмі.
Яна плакала i не адказвала.
— Вы не думайце чаго кепскага... Я...
— Ідзіце адгэтуль...— ужо не папрасіла, а запатрабавала яна.— Ідзіце...— i не назвала яго па імені.
8...
Твар яе пылаў, на душы было так горка, што хацелася праваліцца скрозь зямлю, не пазіраць на зялёны лазовы куст, на зялёную траву ды на блакітнае неба з ужо нізкаватым цёплым сонцам...