1958
* * *
А мы не шкадавалі ног,
Бо гнаўся дождж па пятах.
Ды так нагнаць ён i не змог —
Страхой акрыла хата.
Дождж сціх.
I сонца з вышыні
Зірнула над пасёлкам.
Ты ўся — як нехта падмяніў —
Свяцілася ў вясёлках.
Вясёлкі ў кроплях дажджавых,
Як завушніцы, ззялі.
Яны на вейках трапяткіх
Сямікалёрна гралі.
Была ты у мяне адна,
Бы з казкі чараўніца,
Якая i ў вясновых снах
Не кожнаму прысніцца.
Як прытуліць цябе, не знаў,
Заранку маладую,
Якой i неба, i вясна
Вясёлак не шкадуюць...
1958
СОЛЬ
Нясецца рэхаў пераклічка.
Анёлы... Саляны Хрыстос...
Вядзе тунелямі Вялічка [3].
Звісаюць ледзяшы наўскос.
Хоць год ідзі — не знойдзеш выйсця.
Легенда нават ёсць пра соль.
...Князёўну з Венгрыі калісьці
У жонкі браў сабе кароль.
Нявеста ў горную лавіну
Укінула пярсцёнак свой,
Сказала, што яго павінны
Знайсці у Польшчы, пад зямлёй...
А вось i Інга. Задумёна
Стаіць. A з солі крышталі
Зіхцяць алмазамі. Пярсцёнак
Князёўне ўрэшце тут знайшлі...
Пацее столь. А я міжволі
Згадаў суровыя гады:
Ласункам самым—шчопаць солі
Для кожнага была тады.
I клалі ў суп кускі ад кадкі,
Дзе соль ляжала да вайны.
Салодкімі былі астаткі,
Ды хутка таялі яны...
I кажуць нездарма — ніколі
Не будзеш сябра знаць, пакуль
З ім гэткай вось сярдзітай солі
Не з'еў ты разам добры куль.
I нездарма ў забоях гэтых
Згубіўшы лік вякам, сасна
На плечы возьме паўпланеты,
Бо ў солі ўся наскрозь яна...
Тут з солі нават абеліскі
Легендам, марам узвялі:
Яна нам дорага i блізка,
Бо соль — працоўны пот зямлі,
1958
вернуться
3
Вялічка — саляная капальня ў Польшчы. У забоях шмат капліц, ёсць касцёл легендарнай Інгі.