Выбрать главу
Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя, Хай жа над вамі з зары да зары Радасна жаўранкі звоняць натхнёныя, Сонца гарыць!
1957

ДОМА

Якая радасць у мяне, Калі дадому завітаю! Тут ні адзін не абміне, Пагутарыць i распытае.
I як жыццё, i як настрой, I чым я маю пахваліцца... — Зайшоў бы на бліны,— парой Мне кіне цётка-жартаўніца.
Суседка ўспомніць, як сама Маю калыску калыхала, Як прыгажэйшае імя Яна мне колісь выбірала.
А то заўважыць: паплячэў, Прыгнуўшыся заходжу ў хату. I мімаходзь дадасць яшчэ, Што падрасло дзяўчат багата...
1957

У РОДНАЙ ХАЦЕ

Нарэшце я у роднай хаце, Тут конины шорах песціць слых. Зноў пра жаніцьбу кажа маці Ды пра чужых нявестак злых.
Ніжэйшай, меншай стала хата... Будзільніка знаёмы стук... Маленства чарамі багаты У столі кожны цьмяны сук.
Мне гэты прыпечак знаёмы I кожны вілачнік сухі, Парог, што ў шлях адзін — дадому Заўжды злучае ўсе шляхі.
Парог пасечаны, шурпаты (Зрабіў яго чарнейшым час): Зімой дрывотняй i варштатам Служыў ён удаве не раз.
Мне кожны кут тут казак поўны, Ён даражэй для сэрца стаў. I фікус, што я флянцам помню, Упёрся ў столь ілбом ліста...
1957

* * *

Сёння я шчасцем п'яны, Сёння я ўсім расчулен. Чаю чаборам духмяным Мне завары, матуля.
Сёння пачуццям цесна, Сёння я ў цуд паверу. Ты заспявай мне песню Аб перапёлцы шэрай,—
Як яна з крыкам лятала Ды па-над чыстым полем, Дзетачак дробных шукала, Ды не знайшла ix болей...
Сёння я поўны ласкі, Сёння я зноў гатовы Любай з дзяцінства казкі Слухаць чароўныя словы:
«Воўк к кавалю прыходзіць: — Чуў, што ты майстра вялікі. Стану табе на выгодзе — Тонкім язык мне выкуй...»
Хай калыханкай знаёмай Казка гучыць i песня, Хай жа маленства на момант У сэрцы маім уваскрэсне!..
1957

БАЦЬКУ

He выйшаў ты i ў гэты раз Мяне спаткаць, паднесці рэчы... Ля весніц толькі зноў твой вяз Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі, Глядзіш удаль з-за шкла партрэта. Ці бачыш, вырас сын які? Скажы хоць слова для прывета.
А я... чакаў з усіх дарог Цябе ў сорак чацвёртым... летам. Калоны ні адной не мог Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок...» I крыкнуць радаскае: «Тата!» Бацькоўскім быў мне кожны крок... Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў снег... Дамоў вярнуліся суседзі. Я кожнаму насустрач бег I чуў кароткае: «Прыедзе...»
Калі ж у крыўдзе мне сябры Гразіліся падчас бацькамі, Тады хацелася наўзрыд Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я — усім на злосць, Бо ў хаце быў адзін — мужчына. Не йшоў ты... Маці маладосць Глыбей заворвалі маршчыны.
І зараз — еду я здалёк, Чакаю ўсё — зайду, a маці Мне скажа: «Пазиаеш, сынок?.. Вось наша ўся сямейка ў хаце...»
Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды здыму Перад магілай невядомай...
1958

* * *

Ізноў вясна гасцюе на Ушаччыне, Усмешкай сонца маладзіць блакіт. Няўпэўнена, з чупрынай ускалмачанай, Ступаюць па праталінах гракі.
Загаварылі льдзіны звонкай моваю, Раздаўся ручаёў вясёлы спеў. Пакуль што футру цёплую, зімовую Таропкі заяц скінуць не паспеў.