Выбрать главу
Здавалася, расшчэпіцца зямля. Ды гэта пекла вытрымалі людзі. Цяпер чаромхі квеценню пыляць I першы гром у лузе краскі будзіць.
A ў гнёздах-гамаках на ўсе лады Гарластыя гракі крычаць без сцерпу. Вярба стаіць сагнутай, як тады, Калі баец ваду пілоткай чэрпаў.
Для тых, хто гронку бэзу не кране, Каму не зазірне матуля ў вочы, Сюды вясна спяшаецца раней I пакідаць гэты куток не хоча.
Хор салаўёў не моўкне на зары. Смерць больш не хмурьщца халоднай мушкай. Вясёлка сяміцветная гарыць Над крэпасцю, як ордэнская стужка...
1958

ШЧАБЯТУН ПРАЦЯГНУЎ РУЧАНЯТЫ...

Шчабятун працягнуў ручаняты I крычыць, непаседа: «Дай!..» Дай — шпака i буслоў цыбатых, Дай — вясновае сонца над хатай, Вус дзядулеў паторгаць — дай!..
A ўзмужнее, дарослым стане — Што ён возьме ў рукі тады? Ці сякеру — стаўляць рыштаванні, Ці жалейку — будзіць світанні, Ці рыдлёўку — садзіць сады?
Хай не прыдзецца ім ніколі Прабіваць амбразуры ў муры. Браць сякеру — каб сеч таполі, Браць жалейку — пець аб няволі, Браць рыдлёўку — магілы рыць.
Спраў на свеце для рук багата: На зямлі ўсёй навесці лад, Кроквы ставіць над новай хатай І пралескі насіць дзяўчатам, Калыхаць дарагіх немаўлят...
1958

* * *

Світанняў я з табой не сустракаў, Не рассякаў вяслом азёрнай хвалі. I толькі ў хваляванні скуб рукаў, Калі цябе да дошкі выклікалі.
Здавалася, што бачыць увесь клас, Калі ў твой бок глядзеў я незнарокам. Каб аб сабе напомніць лішні раз, Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.
Што стала мне ты нейкаю другой, Баяўся i сабе прызнацца ў гэтым. Ды толькі ўсе чамусьці нас з табон На кніжках плюсавалі без сакрэту.
Ну, a калі кілометры за два Дамоў з аднавяскоўцамі ішла ты, Як крыўдна мне было, як я злаваў, Што каля самай школы наша хата.
Гады прайшлі. У кожнага свой шлях. I апынуўся я не ў роднай хаце. ...З усмешкай палахлівай на губах Я сніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце.
I вось, нарэшце, на лістах шасці Прызнаўся я табе ў сваім каханні. З трывогай «заказное» апусціў I атрымаў адказ — тваё маўчанне.
Дамоў прыехаў. Кажуць, трэці дзень Грьшіць тваё вяселле (я ж не веру). Вянок з гароху хочуць мне надзець Сябры, як адстаўному кавалеру.
Хай надзяюць — мне невялікі страх, Я з гора пацягну з кілішка троху. Дык пасядзім з табою мы ў вянках, Твой з красак палявых, а мой — з гароху.
...Хай снег гадоў асядзе ў валасах, Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць — Усмешкай палахлівай на губах Ты школьніцай мне будзеш усміхацца...
1957

ДОБРАЙ РАНІЦЫ!

A птушкі расстанне прарочаць. Зара маладая займаецца... Кажу я табе: — Добрай ночы... Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы. I вочы ўглядаюцца ў вочы, Гарэзныя, шчыра ўсміхаюцца. I кажуць яны: — Добрай ночы. Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы. I рукі разняцца не хочуць— Мацней яшчэ толькі сціскаюцца. I кажуць яны: — Добрай ночы. Хоць трэба казаць: — Добрай раніцы!
1957

ВІШНІ СПЕЛЫЯ...

Жнівень плаваў па-над даллю Пахмурнелаю. Мы з табою абіралі Вішні спелыя.
Нам з табою самі голлі Нагіналіся. Рукі нашыя міжволі Сустракаліся.
Адвячорак нахапляўся. Праца ўвішная. Ды марудна запаўняўся Кошык вішнямі.
Ды палалі твае вусны Зружавелыя — Сакавіты ж i смакуемы Вішні спелыя...