1957
* * *
Жывіцы водарам густым
Настоены сасновы хорам.
I ў ім жывеш, канешне,— ты.
I звонкі бор гудзе — гуторыць.
Вартуюць хвоі твой спакой.
Птушыным песням — вокны насцеж,
Зязюля будзіць раніцой
I доўга-доўга лічыць шчасце.
Ідзеш ты — узыходзіць дзень.
Табе купаюць ногі росы.
Па красках лугавых ідзеш —
I прачынаюцца пакосы.
Над сонным возерам сядзіш,
Паволі заплятаеш косы.
Наўкол няспуджаная ціш.
Плыве—плыве туман бялёсы.
А ты ўсміхаешся, Вясна.
Каб толькі ведала сама ты,—
Як губы хмеляць дап'яна,
Як косы пахнуць лугам, мятай
I раптам — зніклі чараты,
I бор, i возера з туманам —
Быў гэта толькі сон жаданы.
Скажы, а як хацела б ты?..
1958
* * *
Ты рамонкаў белавейкіх
Не зрывай.
У пялёсткаў тайнаў нейкіх
Не пытай.
Хіба ж ты паверыць хочаш
Ix хлусні?
Я ж з табою — ты мне ў вочы
Зазірні.
Там ты ўбачыш — хмар прадонне
I блакіт,
Там ты ўчуеш — шчасцем звоняць
Жаўрукі.
Колькі там заранак ясных,
Залатых,
Сонцам ззяеш там нязгасным
Толькі ты.
1958
НА МАЕВАЙ РАСЕ
На лугу-
Мурагу
На зялёненькім
Ды пасе
Па расе
Хлопец коніка.
А лагчынай
За дуброваю
йшла дзяўчына
Чарнабровая.
Да вады
Ішла
Да крынічнае —
Не туды
Завяла
Сцежка звычная.
Заблудзілася,
Запазнілася.
Ногі ўсе
У расе —
Абрасілася.
У хлапиа-
Малайца
Ды прасілася:
— У тумане
Ты мяне,
Дзеўку моладу,
Не трымай —
Месяц май
Яшчэ з холадам
Ночка позная.
Маці грозная.
Маці злосная.
Сцежка росная.
— Я расу
Абтрасу
Да расіначкі.
Я цябе, красу,
На руках панясу
Да хаціначкі.
— Мне дамоў пара..
A ўзышла зара.
Хутка раніца —
А юнак ніяк
Не расстанецца...
1958
* * *
Удзень не паліць i не студзіць,
Уноч дыхне крыху марозна.
Чамусьці ў гэтым годзе студзень
Ужо занадта несур'ёзны.
То белахвостаю ваўчыцай
Раз'юшаная завіруха
Па тратуары чорным мчыцца.
То каняжы зазвоняць глуха.
I як застацца верным модзе? —
Папераблытаны сезоны:
Сягоння — футра не зашкодзіць,
A заўтра — кроч пад парасонам.
— Вясне даўно пар-ра! — вароны
Да хрыпаты крычаць гатовы.
I лужыну хлапчук дуроны
Фарсіруе ў валенках новых...
1958
* * *
З піпетак-сасулек,
як доктар, вясна
Адмервае каплі гаючыя...
Зямля ажывае. Гамоніць сасна
Пра летнія ночы над кручаю.
Адмервае каплі...
на узмежках, лугах
Пад снегам трава прачынаецца.
Ужо загуляла рака ў берагах.
Вясёлае сонца ўсміхаецца.
I хутка пралесак,
нібы праз агонь,
Праб'ецца праз снег пад ракітамі,
I адлюструецца ў воку яго
Лагоднэе неба блакітнае.
1957
* * *
Час вечаровы.
Пах чабаровы.
Кветку-званочак крані —
Песні палыоцца адтуль жаўруковы
Шмат ix за дзень названіў.
Золатам зорным
Бераг азёрны
Ночка гаціць пачала.
Чуецца гуд па-над прорваю чорнай
Рупіцца ў вулей пчала.
Вось ад затокаў
Топкіх, глыбокіх
Мякка туман паваліў,—
Быццам спусціліся долу аблокі,
Бы хто чарот запаліў.