1957
НАД ВОЗЕРАМ
Конікі — начныя матарысты —
Завялі свае рухавічкі.
На траве раса гарыць іскрыста,
Разбрыліся лугам светлякі.
У люстэрка вод глядзяць бярозкі,
Быццам карагод дзяўчат-красунь,—
Як мадней навесці ім прычоскі,
Як заплесці зоркі у касу.
Вось стаіць па пояс у пшаніцы
Стройным кавалерам дужы дуб.
I яму сягоння штось не спіцца,
Зухавата распусціў свой чуб.
Лье святла няспынныя патокі
Месяца далёкі аб'ектыў,
І ад захаплення у затоках
Не паварухнуцца чараты.
Ды парою лешч хвастом пялёхне,—
Паплывуць да берага кругі.
А навокал гэтак свежа, лёгка!
Пахне мята, хмеляць мурагі.
Часам качка ўскракне нечакана
Ды кігікне кнігаўка ў нудзе.
Эх, i слаўна ж удваіх з каханай
Фільмы ночы жнівеньскай глядзець
1955
ЗІМОВАЕ
Зноў зіма старая
На азёрах селіцца,
Шыбы-льдзіны працірае
Рукавом мяцеліцы.
Высыпае зоры,
Шчодрая, багатая,
Дым слупамі ўгору
Цягне па-над хатамі.
Маладзік на небе,
Воўк галодны шчэрыцца
Тым акрайцам хлеба
Добра б павячэраў ён.
Снег рыпіць настылы,
Як масніцы новыя:
Як ты сэрцу міла,
Роднае,
зімовае!
1958
* * *
Чарот у кольцах ледзяных
Шапоча пра вясновы вечар...
Замоўкне свіст віхураў злых,
Туман атуліць зябка плечы...
Аеру корань у віры,
Як вуж бліскучы, паласаты.
Тут недзе над карчом старым
Заснуў спакойна сом вусаты.
Снег прыбярэжны на вадзе
Бялее чарадой хмурынак.
Адна рачулка анідзе
Не спыніцца ні на хвіліну,
Імчыць да возера хутчэй,
Глытае жорсткі снег завеяў —
Ёй трэба возера яшчэ
I абудзіць i абнадзеіць:
Пара ўжо лёд, як ганьбу, змыць!
Ці ж возера не мае сілы,
Што так пакорна для зімы
Абрус свой белы раскаціла?!
1958
БОР
Чаго, бор мой, не шумен?..
Іду па зайцавых слядах.
У вышыні гамоняць хвоі.
I галаву мне хмеліць пах
З халодным снегавым настоем.
Заняты думаю сваёй,
Бор, уздыхаеш, засмучоны.
Чуваць, як аб галінкі хвой
Сняжынкі б'юцца з мяккім звонам.
Мне навяваеш роздум, сум,
Казычаш кволаю ігліцай.
Табе i радасць я нясу,
Спяшаю горам падзяліцца.
Дзесь рэха клікае тапор.
Прайшоўся вецер бураломам.
I дзе б ні быў я,— чую, бор,
Твой бас прыглушаны,
знаёмы..
1958
ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ІНТЭРНАТ!
Дзень добры, інтэрнат,— стары знаёмы,
Вясёлая студэнцкая радня!
Зноў важыць чамадан лягчэй, чым дома,
Зноў дабаўляем дзірак у рамнях.
За лета шмат пытанняў не рашылі —
Па вечарах дыскусія кіпіць.
Над кнігай чайнік, выцягнуўшы шыю,
Нібы гусак разгневаны, шыпіць...
Зноў, любы інтэрнат, да позняй ночы
Струменіцца святло з тваіх акон —
Так свецяцца ад шчасця ў бацькі вочы,
Калі сваіх сыноў сустрэне ён...
1956
* * *
Ca стараны радзімай зноў
Я да цябе прыехаў,—
Адтуль, дзе статкі туманоў,
Дзе пераклічцы перуноў
Уторыць баравое рэха.
Галінку з ветрам — ад сасны
Чарот—з азёрных хваляў,
Ад бору — веснавыя сны,
I колас — з першай баразны,
I ўсмешку сонечную з даляў