Табе ў дарунак я прывёз,
Каб ведала, што болей
Нідзе няма такіх нябёс
I летуценніцаў-бяроз,
Такога сіняга раздолля.
Яшчэ прывёз антонаў я,
Духмяных, сакавітых,—
Каб ведала: як i твая,
Матуля добрая мая
Характар мае не сярдзіты,
1958
ПАДАРУНАК
Магазін дарункаў, як заўсёды,
Перапоўнен перад Новым годам.
Кожны рэч купляе на свой густ.
Гэты — «Раніцу ў сасновым лесе»,
Той вось (пэўна, юнай паэтэсе)
Просіць загарнуць Купалы бюст.
Важны дзядзька ззяе веснім сонцам
Выбірае чарнабурку жонцы.
А сынку маленькаму няўцям,
Запытацца ён у таты мусіць:
— A лісіца маму не укусіць?
(Што пра моды ведае дзіця!)
На дарунак гэтакі багаты
Трох стыпендый трошкі малавата.
Адставаць ад іншых не люблю
I для аднакурсніцы чарнявай
(Бо, канешне, тут не у кошце справа)
Чамаданчык зручны я куплю.
Хай жа ў ім з канспектамі ў сяброўкі
Будуць пісьмы шчырыя, паштоўкі
I ад хлопца кветак цэлы куст!
Магазін дарункаў, як заўсёды,
Перапоўнен перад Новым годам.
Кожны рэч купляе на свой густ...
1955
З КАНЦЭРТА
Слупы спяшаюць следам.
Дарогаю шасэйнаю
Дамоў з канцэрта едуць
Артысты самадзейныя.
Што адсырэе голас,
Салісты не клапоцяцца,
I песень рой вясёлы
Прасторам вольным коціцца.
I дзеляць кавалеры
(Партнёршы дужа ласыя!)
З садоў глядачак бэры
I пінжакі уласныя.
Тут здыме ўраз рукою
Санлівасць, міну злосную,
Як дуб над галавою
Страсе галіну росную.
A пеўні навакола,
Пачуўшы песні шчырыя,
Гарланяць «біс!» вясёла
Ды крыллем апладзіруюць
1957
ЗАЗІМАК
А вецер вуліцы расчысціў.
Бухматы,
пухкі
снег пасыпаў,
I кулачкі засохлых лісцяў
Сціскаюць маладыя ліпы.
Застылі ясені ў палоне,
Ды толькі дворнікі ў адчаі.
Снег саграбці у дзве далоні
Спяшае снегаачышчальнік...
Мароз здароваецца палка —
Зіма ўжо тупае старая.
На Свіслачы праныры-галкі
Трываласць лёду правяраюць.
1957
ВОСЕНСКАЕ
Прыбавілася клопату ў шпакоў —
Абмеркаваць маршрут i ў шлях сабрацца,
I на прасторах скошаных лугоў
Стаяць стагі адзнакай рупнай працы.
Падперазаў фарсісты, дужы дуб
Зялёны пояс хмелю з кутасамі
I ў яр глядзіць, дзе, выпіўшы ваду,
Аер шавеліць вострымі вусамі.
А верабей чырыкае ўвесь час —
Ён задаволен восенскім парадкам.
З бусліхай бусел у апошні раз
У белых майках робяць фіззарадку.
Грукоча малатарня за сялом.
З-за хмар убачыць неба немагчыма.
Жывіцай хвойнай пахне новы дом,
I комін папярхнуўся першым дымам.
Зноў восень гаспадыняю прыйшла
I з новай збажыны — у дзве асьміны
Духмяных караваяў напякла,
А жар павыграбала на рабіны...
1958
ЛЁН
Павыспеў лён,
Кранеш рукою ледзьве -
Звініць загон,
Звініць літою меддзю.
Тут жаўрукі,
Што праслаўлялі далі,
Свае званкі,
Напэўна, пагублялі...
А лён збяруць —
Палёў калгасных цуда,—
На ўвесь раён
Грымець вяселлі
будуць.
Зімовы сон
Абудзяць бальшакамі —
Знаёмы звон
Пачуеш пад дугамі...
1957
ТРАДЫЦЫІ
Традыцый многа павялося.
Між іншых я люблю адну,
Калі — ці то зімой, ці ўвосень
Сусед суседа шчыра просіць
На навіну,
на свежыну.