- Хлапчанятка маё, я хачу яшчэ паслухаць, як ты смяешся...
Але ён адказаў:
- Сёння ноччу спаўняецца роўна год. Сёння мая зорка будзе якраз над той мясцiнай, дзе я прызямлiўся летась...
- Хлапчанятка маё, скажы, гэта ўсё проста нядобры сон - i змяя, i спатканне, i зорка - проста нядобры сон, праўда?
Але ён не адказаў на маё пытанне.
- Сама галоўнае - тое, чаго не ўбачыш вачыма... - прамовiў ён.
- Гэта праўда, канечне...
- Гэта як з кветкай. Калi любiш кветку, што расце недзе на зорцы, так прыемна ноччу глядзець на неба. Здаецца, усе-усе зоркi цвiтуць.
- Гэта праўда, канечне...
- Гэта як з вадой. Тая вада, што ты даў мне напiцца, была як музыка. Музыка калаўрота i вяроўкi... Памятаеш... Як жа гэта было цудоўна...
- Гэта праўда, канечне...
- Начамi ты будзеш глядзець на зоркi. Мая зорка вельмi маленькая, я не магу паказаць табе, дзе яна. Але гэтак нават лепей. Яна будзе табе проста адной з зорак. I ты палюбiш глядзець на ўсе зоркi... Усе яны стануць тваiмi сябрамi. А яшчэ я зраблю табе сякi-такi падарунак...
Ён зноў засмяяўся.
- Ах, малыш, малыш, як я люблю, калi ты смяешся!
- Вось гэта i будзе маiм падарункам... Гэта будзе, як з вадой...
- Як гэта?
- У кожнага чалавека - свае зоркi. Адным людзям - тым, хто любiць падарожнiчаць, - зоркi паказваюць дарогу. Для iншых гэта проста маленькiя светлячкi. Вучоным яны - задачы, якiя трэба рашыць. Майму дзялку яны - золата. Але ва ўсiх людзей зоркi - нямыя. У цябе ж будуць зоркi, якiх не будзе анi ў каго на свеце...
- Як гэта?
- Ноччу ты глянеш на неба, а там будзе ж i тая зорка, дзе я жыву, дзе я смяюся. Ты не будзеш ведаць, дзе яна, мая зорка, таму табе будзе здавацца, што смяюцца ўсе-усе зоркi. Вось i выходзiць, што ў цябе будуць зоркi, якiя ўмеюць смяяцца!
I ён зноў засмяяўся.
- I калi ты ўцешышся, - а рана цi позна заўсёды прыходзiць суцяшэнне, табе будзе прыемна, што калiсьцi ты ведаў мяне. Ты назаўсёды застанешся маiм сябрам. Табе захочацца пасмяяцца разам са мной. I аднойчы ты адчынiш акно, проста так, ад радасцi... I твае сябры будуць вельмi здзiўлены, чаго гэта ты смяешся, калi глядзiш на неба. А ты iм скажаш: "Так, так я заўсёды смяюся, калi гляджу на зоркi". I яны падумаюць, што ты звар'яцеў. Бачыш, як кепска я абышоўся з табою...
I ён зноў засмяяўся.
- Нiбыта замест зорак я падарыў табе мноства званочкаў, якiя ўмеюць смяяцца...
I ён зноў засмяяўся. Потым твар яго пасур'ёзнеў:
- Ты... вось што... сёння ноччу... ты... не прыходзь...
- Я не пакiну цябе аднаго.
- Табе памроiцца, што мне нядобра... Памроiцца нават, быццам я памiраю. Што зробiш, так трэба. Але я не хачу, каб ты бачыў гэта. Не прыходзь, не трэба...
- Я не пакiну цябе аднаго.
Але ён ўсё непакоiўся.
- Разумееш... гэта яшчэ i праз змяю. А раптам яна цябе ўкусiць... Змеi злыя. Iм адно задавальненне - уджалiць каго-небудзь.
- Я не пакiну цябе аднаго.
Нечакана ён трошкi падбадзёрыўся:
- Але ж праўда, на двух у яе не хопiць атруты...
Вечарам я i не заўважыў, калi Маленькi прынц сабраўся ў дарогу. Ён знiк цiшком. I калi мне ўсё-такi ўдалося дагнаць яго, ён крочыў хутка i рашуча.
- А! Гэта ты... - толькi i сказаў ён.
Ён узяў мяне за руку. Але нешта ўсё яшчэ трывожыла яго.
- Дарма ты iдзеш са мной. Табе будзе балюча. Табе здасца, што я памiраю, але я не памру...
Я маўчаў.
- Разумееш, гэта надта далёка. Маё цела надта цяжкае. Мне не ўзнесцi яго.
Я маўчаў.
- Але гэта ўсё роўна нiбы скiнуць старую абалонку. Тут няма чаго журыцца... :
Я маўчаў.
Ён трошкi ўпаў духам. Але ўсё-такi зрабiў яшчэ адно намаганне:
- А ведаеш, будзе дужа мiла! Я таксама буду глядзець на зоркi. Усе зоркi будуць, як калодзеж з заржавелым калаўротам. I кожная падасць мне напiцца...
Я маўчаў.
- Падумай, як забаўна! У цябе будзе пяцьсот мiльёнаў званочкаў, а ў мяне пяцьсот мiльёнаў крынiчак...
I Маленькi прынц змоўк. Ён плакаў...
- Ну, вось i прыйшлi. Застанься тут, я зраблю яшчэ крок.
Але ён апусцiўся на пясок, бо яму стала страшна.
- Ведаеш, - сказаў ён, - мая кветка... Я ў адказе за яе! Яна такая кволая! I такая наiўная... У яе ўсяго i ёсць, што чатыры недалужныя калючкi, каб уберагчы сябе ў гэтым свеце...
Я таксама сеў, ногi не трымалi мяне болей. Ён сказаў:
- Ну... Вось i ўсё...
Павагаўся яшчэ з хвiлiну i ўстаў. I зрабiў адзiн-адзiны крок. А я не мог варухнуцца.
Нешта, як жоўтая маланка, блiснула каля яго косткi. Нейкi мiг ён стаяў нерухома. Нават не ўскрыкнуў. Потым паволi, як падае ссечанае дрэўца, бясшумна ўпаў на пясок.
ХХVII
I вось шэсць гадоў мiнула з тае пары... Яшчэ нiколi i нiкому я не расказваў пра гэта. Мае таварышы былi вельмi радыя зноў убачыць мяне жывога i здаровага. На роспыты ж, чаму я такi засмучаны, я адказаў: "Проста знямогся..."
Цяпер я трохi суцешыўся. Праўда... не зусiм. Але я ведаю, што Маленькi прынц вярнуўся на сваю планету, таму што на досвiтку я не знайшоў яго цела. Яно было не такое ўжо i цяжкае. А начамi я так люблю слухаць зоркi. Яны - нiбы пяцьсот мiльёнаў званочкаў...
Але iншы раз са мною творыцца нешта незвычайнае. Справа ў тым, што да напыснiчка, якi я намаляваў для Маленькага прынца, я забыў дадаць скураны аброжак. Маленькi прынц нiколi не здолее прывязаць свайго баранчыка. I я проста месца сабе не знаходжу. "Што адбылося на яго планеце? - пытаюся я ў сябе. - Няўжо баранчык з'еў ружу?"
То я кажу сабе: "Ды, безумоўна, не! Маленькi прынц штовечар накрывае сваю ружу шкляным каўпаком, ды i за баранчыкам ён добра наглядае..." Тады я шчаслiвы. I ўсе зоркi цiха смяюцца.
А то я кажу сабе: "Хiба не здараецца, што мы бываем няўважлiвыя? На бяду шмат не трэба! А што, калi аднойчы ён забыўся пра шкляны каўпак, альбо баранчык ноччу ўпотай выбраўся на волю i..." I тады ўсе званочкi горка-горка плачуць...
Усё гэта так загадкава, незразумела-дзiўна. Вам, хто таксама палюбiў Маленькага прынца, як i мне, гэта зусiм, зусiм не ўсё роўна: увесь свет робiцца для нас iнакшым ад таго, што дзесьцi ў невядомым куточку Сусвету баранчык, якога мы нiколi не бачылi, можа, ужо з'еў незнаёмую нам ружу...
Гляньце на неба. I спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа цi не? А раптам баранчык з'еў яе? Убачыце, як усё пераменiцца...
I нiколi нiводны дарослы не зразумее, як гэта важна!
Гэта для мяне сама прыгожая i сумная мясцiна на свеце. Гэта той самы куточак пустынi, што намаляваны i на папярэдняй старонцы, але я намаляваў яго яшчэ раз, каб вы лепей разглядзелi яго. Менавiта тут Маленькi прынц з'явiўся на Зямлi, а потым знiк.
Уважлiва прыгледзьцеся да малюнка, запомнiце гэты куточак да драбнiцы, каб маглi пазнаць яго ў пустынi, калi вам некалi, можа, давядзецца падарожнiчаць па Афрыцы. I калi вам надарыцца праходзiць гэтымi мясцiнамi, малю вас, не спяшайцеся, супынiцеся на хвiлiнку пад гэтай зоркай! I калi да вас падыдзе невялiчкi золатавалосы хлапчук, калi ён будзе звонка смяяцца i не будзе адказваць на вашы роспыты, - вы ўжо, несумненна, здагадаецеся, хто гэта такi. То майце ласку! Здымiце з сэрца майго гэтую журбу: хутчэй напiшыце мне, што ён вярнуўся...