А потым ён падумаў: "А я ж яшчэ думаў, што валодаю адзiнай у свеце кветкай, а цяпер аказалася, што гэта звычайная ружа. Усяго i было ў мяне звычайная ружа ды тры вулканы вышынёй мне па калена, адзiн з якiх, мабыць, назаўсёды патух... Якi ж я пасля ўсяго гэтага прынц?.."
I ён уткнуўся тварам у траву i заплакаў.
ХХI
У гэты момант i з'явiўся Лiс.
- Добры дзень, - сказаў ён.
- Добры дзень, - ветлiва азваўся Маленькi прынц, абярнуўся на голас, але нiкога не ўбачыў.
- Я тут, - данёсся голас. - Пад яблыняй...
- Хто ты? - спытаў Маленькi прынц. - Якi ты прыгожы!
- Я - Лiс, - сказаў Лiс.
- Пагуляй са мной, - папрасiў Маленькi прынц. - Мне так сумотна.
- Не магу я гуляць з табою, - сказаў Лiс. - Я не прыручаны.
- Ах, прабач, - сумеўся Маленькi прынц.
Ён трошкi падумаў i спытаў:
- А што азначае - прыручыць?
- Ты не тутэйшы, - заўважыў Лiс. - Чаго ты тут шукаеш?
- Людзей шукаю, - сказаў Маленькi прынц. - Што азначае - прыручыць?
- У людзей ёсць стрэльбы, i яны ходзяць на паляванне, - сказаў Лiс. - Гэта так непрыемна! А яшчэ яны разводзяць курэй. Гэта адзiны iх прыстойны занятак. Ты шукаеш курэй?
- Не, - адказаў Маленькi прынц. - Я шукаю сяброў. А што азначае "прыручыць"?
- Гэта нешта вельмi прызабытае, - сказаў Лiс. - Нешта накшталт "ствараць сувязi"...
- Ствараць сувязi?
- Але, - сказаў Лiс, - Вось ты пакуль для мяне ўсяго толькi маленькi хлопчык, так падобны на сотнi тысяч iншых маленькiх хлопчыкаў. I ты не патрэбен мне. I я не патрэбен табе таксама. Я для цябе проста лiсiца, падобная на сотнi iншых лiсiц. Але калi б ты прыручыў мяне, мы сталi б патрэбныя адно аднаму. Ты стаў бы для мяне адзiным у свеце. I я стаў бы для цябе адзiным у свеце...
- Я пачынаю разумець, - сказаў Маленькi прынц. - Ёсць на свеце адна кветка... Мусiць, яна мяне прыручыла...
- Усё магчыма, - згадзiўся Лiс. - Чаго толькi не бывае на гэтай Зямлi...
- Не, гэта было не на Зямлi, - сказаў Маленькi прынц.
Лiса гэта вельмi зацiкавiла.
- На iншай планеце?
- Так.
- А на той планеце ёсць паляўнiчыя?
- Няма.
- Як цiкава! А куры ёсць?
- Няма.
- Няма ў свеце дасканаласцi! - уздыхнуў Лiс.
Але ён зноў вярнуўся да разважанняў:
- Маё жыццё такое аднастайнае. Я палюю на курэй, людзi палююць на мянё. Усе куры падобны адна на адну, i ўсе людзi падобны адзiн на аднаго. З гэтай прычыны мне i сумнавата. Але, калi ты прыручыш мяне, жыццё мае нiбы сонцам азарыцца. Я навучуся распазнаваць твае крокi сярод тысячы iншых. Калi я чую людскiя крокi, я ўцякаю i хаваюся. Твае ж паклiчуць мяне з нары як музыка. I потым - паглядзi! Бачыш, там, удалечынi, жытняе поле? Я не ем хлеба. Жыта мне нi да чаго. Збажына нiчога не напамiнае мне. I гэта так сумна! А ў цябе залатыя валасы. I як цудоўна было б, калi б ты прыручыў мяне! Залатое жыта заўсёды было б мне напамiнкам пра цябе... Я палюбiў бы песню ветру ў калоссi...
Лiс змоўкi доўга глядзеў на Маленькага прынца.
- Калi ласка... прыручы мяне! - папрасiў ён.
- З радасцю, - адказаў Лiсу Маленькi прынц, - але ў мяне так мала часу. Мне яшчэ трэба знайсцi сяброў i шмат чаго ўведаць.
- Рэчы можна ўведаць толькi тады, як прыручаеш iх, - сказаў Лiс. - У людзей не хапае часу ўведаць што-небудзь. Яны купляюць усё гатовае ў крамах. Але сябра ж не купiш у краме, вось чаму людзi i не маюць сяброў. Калi ты хочаш, каб у цябе быў сябар, прыручы мяне!
- А што для гэтага трэба зрабiць? - спытаў Маленькi прынц.
- Па-першае, трэба быць вельмi цярплiвым, - адказаў Лiс. - Спачатку ты сядзi вунь там, воддаль ад мяне, на траве. Я буду сачыць за табой краёчкам вока, але ты маўчы. Словы - крынiца непаразуменняў. Але дзень пры днi ты сядай усё блiжэй i блiжэй...
На другi дзень Маленькi прынц зноў прыйшоў пад яблыню.
- Лепей з'яўляйся ў адзiн i той жа час, - параiў Лiс. - Калi ты прыходзiш, да прыкладу, а чацвёртай папалуднi, то ўжо а трэцяй гадзiне я адчуваю сябе шчаслiвым. I чым блiжэй да азначанага часу, тым я шчаслiвейшы. А чацвёртай гадзiне я ўжо стану хвалявацца i непакоiцца. Я спазнаю кошт шчасця! А як ты будзеш прыходзiць абы-калi, то я нiколi не буду ведаць, з якой хвiлiны мне рыхтаваць сваё сэрца. Трэба трымацца абраду.
- А што такое - абрад? - спытаў Маленькi прынц.
- Гэта таксама нешта даволi прызабытае, - растлумачыў Лiс. - Ну, тое, пры дапамозе чаго адзiн дзень робiцца непадобным на другi, адна гадзiна - на другую. Ну вось, напрыклад, у маiх паляўнiчых ёсць такi абрад: у чацвер яны танцуюць з местачковымi дзяўчатамi. I чацвер для мяне - сама шчаслiвы дзень! Я магу прагульвацца аж да самых вiнаграднiкаў. А калi б паляўнiчыя танцавалi абы-калi, усе днi былi б падобныя адзiн на адзiн i я нiколi не ведаў бы спакою.
Так Маленькi прынц прыручыў Лiса. I вось надышоў дзень развiтання.
- Ах! - уздыхнуў Лiс. - Я буду плакаць...
- Ты сам вiнаваты, - сказаў Маленькi прынц. - Я ж не хацеў, каб табе было кепска. Ты сам хацеў, каб я прыручыў цябе...
- Ну вядома ж, - адказаў Лiс.
- Значыць, табе ад гэтага дрэнна!
- Не, - запярэчыў Лiс. - Узгадай, што я казаў табе пра залатое калоссе...
Ён памаўчаў, потым дадаў:
- Iдзi яшчэ раз глянь на ружы. Ты зразумееш, што твая ружа - адзiная ў свеце. А калi вернешся, каб развiтацца са мною, я раскрыю табе адзiн сакрэт. Гэта будзе мой падарунак табе.
Маленькi прынц пайшоў яшчэ раз глянуць на ружы.
- Вы зусiм не падобны на маю красуню, - сказаў ён ружам. - Вас нiхто не прыручаў, i вы нiкога не прыручылi. Зараз вы такiя, якiм быў раней мой Лiс. Ён нiчым не адрознiваўся ад сотнi тысяч iншых лiсiц. Але я пасябраваў з iм, i цяпер ён - адзiны ў свеце.
Ружы вельмi збянтэжылiся.
- Вы прыгожыя, але пустыя, - працягваў Маленькi прынц. - Дзеля вас нельга памерцi. Вядома, звычайнаму прахожаму мая ружа можа здацца падобнай на вас. Але яна адна даражэй мне за вас усiх, таму што яе, а не вас, палiваў я штодня. Яе, а не вас, хаваў пад каўпак. Яе, а не вас, закрываў парасонам. Дзеля яе знiшчаў я вусеняў, толькi двух цi трох пакiнуў, каб вывелiся матылькi. Я слухаў, як яна скардзiлася i выхвалялася, я прыслухоўваўся да яе, нават калi яна змаўкала. Яна - мая!
I Маленькi прынц вярнуўся да Лiса.
- Бывай, - сказаў ён.
- Бывай, - сказаў Лiс. - Вось мой сакрэт: вiдушчае толькi сэрца. Сама галоўнага вачыма не ўбачыш.
- Сама галоўнага вачыма не ўбачыш, - паўтарыў Маленькi прынц, каб лепш запомнiць.
- Твая ружа такая дарагая табе таму, што ты аддаваў ёй усе свае днi.
- Таму, што я аддаваў ёй усе свае днi... - паўтарыў Маленькi прынц, каб лепш запомнiць.
- Людзi забылiся пра гэтую iсцiну, - сказаў Лiс. - Але ты не забывай: ты заўсёды ў адказе за ўсiх, каго прыручыў. Ты ў адказе за сваю ружу...
- Я ў адказе за сваю ружу... - паўтарыў Маленькi прынц, каб лепш запомнiць.
ХХII
- Добры дзень, - павiтаўся Маленькi прынц.
- Добры дзень, - азваўся стрэлачнiк.
- Што ты тут робiш? - спытаў Маленькi прынц.
- Сартырую падарожнiкаў, - адказаў стрэлачнiк. - Адпраўляю iх у цягнiках, аж па тысячы чалавек запар - адзiн цягнiк направа, другi - налева.
I мiма з перуновым грукатам, ад якога задрыжала кабiна стрэлачнiка, увесь у агнях пранёсся хуткi цягнiк.
- Як яны спяшаюцца! - заўважыў Маленькi прынц. - Чаго яны шукаюць?
- Нават сам машынiст таго не ведае, - адказаў стрэлачнiк.
I ў другi бок, увесь у агнях, прагрукатаў яшчэ адзiн хуткi цягнiк.