— Дзякуй Гарбачову.
Потым, ачуняўшы канчаткова, распавяла. Яна прайшла ў будынак КДБ, папрасіла растлумачыць, дзе можна атрымаць даведку. Ёй назвалі нумар пакоя. І, увайшоўшы ў пакой і кінуўшы погляд на сцяну, яна пазнала партрэт Дзяржынскага - той, што вісеў на іншай сцяне ў іншым кабінеце, з 1949 па 1956 год, калі яе выклікалі штомесяц і задавалі адно і тое ж пытанне. І нават мэбля была расстаўлена гэтак жа - іншая мэбля, але - гэтак жа.
І ёй стала блага.
Яна была гіпертанічкай. Першы крыз, што застаўся ў маёй памяці, — крыз 1972 года, калі мне, хлапчуку, які тэлефанаваў у “хуткую”, не паверылі, і мне давялося будзіць нашага суседа, дзядзьку Бору Мірановіча, кавалера ордэна Леніна, каб ён сваім гучным матам прымусіў “хуткую” ўсё-ткі прыехаць. Гэта было страшнае відовішча: мама ляжала белая, і я адчуваў набліжэнне смерці.
Так было і гэтым разам. Але побач апынуліся людзі, якія спалохаліся яшчэ больш. Выклікалі лекара, які адпаіў маму валакардзінам. Узялі ў яе, калі яна ачуняла, заяву, з якой было зразумела, якая менавіта даведка ёй патрэбна. Адзін з тых, хто прыводзіў яе ў сябе, пацікавіўся:
— А кім Вам даводзіцца Аляксандр Іосіфавіч? - І, убачыўшы, як яна зноў пачынае бляднець - цяпер ужо ад страху за мяне - паспяшаўся супакоіць: - Ён вучыць майго малодшага брата.
Я дагэтуль не ведаю, хто менавіта гэта быў.
Маму прывялі ў прытомнасць, пасадзілі ў нейкую службовую машыну і прывезлі дахаты. Напрыканцы сказалі, калі будзе гатовая даведка.
— Дзякуй Г арбачову.
Гэтыя яе словы на адрас чалавека, якога яна не любіла і звала балабонам, былі словамі падзякі таму, хто пазбавіў яе ад страху - у той момант, калі ёй налілі 26 кропляў валакардына ў будынку гарадзенскага УКГБ.
Страх - страх за мяне - вярнуўся да яе ўвосень 1996 года.
Гэтак жа сама страх абрынецца на маю цешчу ў студзені 2011 года - калі яна зразумее, што мяне арыштавалі больш, чым на сакраментальныя пятнаццаць сутак.
Мама любіла мяне. Г эта была вельмі цвярозая любоў. Калі ў красавіку 1997 года ішлі памінкі па маме, і мая стрыечная сястра, дачка цёткі Галі, Лорка, сказала пра слепату матчынай любові, ёй запярэчыў мой навуковы кіраўнік, дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэта Ігар Вячаслававіч Ягораў:
— Няпраўда! Любоў Валянціны Іосіфаўны не была сляпая: яна ведала ўсе Сашавы недахопы.
Так яно і было. Але і любіла мяне яна самааддана.
Мне дазвалялася многае. Мама ніколі, напрыклад, не адмаўляла мне ў просьбах. Але я ведаў, што трэба прасіць. І прасіў - кнігі.
Калі мне споўнілася шэсць гадоў, яна прывяла мяне ў маленькую кнігарню на вуліцы Гарнавых, над Старым мостам. Вуліца вяла ад бабцінай хаты да “тытунёўкі”, шлях быў, так бы мовіць, сямейны. У кнігарні, якая складалася з двух маленькіх гандлёвых пакояў і зусім ужо мікраскапічнай бакоўкі, гаспадарылі дзве прадавачкі - Алена Мікалаеўна і Ганна Міхайлаўна, цёмнавалосая і рудая. Мама прывяла туды, паказала ім мяне, дазволіла мне самому выбраць сабе кнігу. І сказала:
— Калі Саша будзе прасіць пакідаць кнігі да вечара - пакідайце. Да трох рублёў.
Гэта быў мой ліміт у шасцігадовым узросце. Тры рублі ў тыдзень на кнігі. Амаль бутэлька гарэлкі.
Я ішоў з хаты - тады мы жылі ў “тытунёвым” доме па адрасе: вуліца Міра, дом 3, — і абавязкова заходзіў у “сваю” кнігарню. Алена Мікалаеўна і Г анна Міхайлаўна паказвалі мне навінкі. Я быў самым маладым пакупніком, верагодна, за ўсю гісторыю крамы. Я адкладаў кнігу і бег да мамы на працу, на “тытунёўку”. З цэха выходзіла адна з маміных сябровак-каляжанак: цёця Зіна Коўрах, цёця Ліда Бутрымовіч - і мяне вялі ў цэх.
Мама працавала майстрам папяроснага цэху. Цэх быў на добрым рахунку, таму Павел Пятровіч унёс маму ў кадравы рэзерв. Да таго часу яна была партыйнай. Менавіта на партыйную яе свядомасць і націснуў Сяргееў, калі ўгаварыў кінуць наладжаны цэх і сысці старэйшым майстрам у цыгарэтны. Цыгарэтны цэх быў “дзіркай”. Ніводны начальнік, нягледзячы на вышэйшую адукацыю, не мог з ім зладзіць. Мама разумела, што гэта дакладны пройгрыш, але Сяргееў паабяцаў ёй кватэру з падменнага фонду. І яна пагадзілася: дзеля мяне.
У цэху пахла тытунём. Гэта не пах тытунёвага дыму - гэта свежы пах сухога тытуню, які я і дагэтуль памятаю, памятаю носам. Мама ніколі не курыла сама - не куру і я. Так выйшла. Калі я быў у шостым ці сёмым, не памятаю, класе, яна пасадзіла мяне перад сабой.
— Курыш?
— Не.
— А хлопцы ў класе?
Двое курылі. Але мама была старшынёй бацькоўскага камітэта школы, і прасцей было адразу пайсці і напаклёпнічаць дырэктару. Я маўчаў.