Я прыйшоў у пустую без мамы “палутарку” і патэлефанаваў Марыне. Новы год трэба было сустракаць у Гародні, з мамай.
Марына прыехала. Я сустрэў яе на аўтавакзале 31 снежня 1995 года, і на халодным аўтобусе з замёрзлымі шыбамі мы даехалі да вуліцы Гагарына.
Г эта было самае цяжкое свята ў маім жыцці. І змрочнае паліттэхналагічнае навагоддзе 2008 года, якое прайшло ў Нар'ян-Мары, і “амерыканка” (СІЗА КДБ РБ 2010/2011 гг.) не магло параўнацца з імі. Мама была маўклівай, самотнай; яе фірмовыя катлеты падгарэлі, а салаты, спехам прыгатаваныя Марынай, здаваліся нясмачнымі. Праз два дні, калі мы з'язджалі, мама змірылася з непазбежнасцю пераезду ў Мінск.
Пытанне было вырашана за месяц. На працягу студзеня мой старэйшы сябар і таварыш па працы ў школе. Аляксандр Віктаравіч Шчарбакоў знайшоў пакупніка на нашу старэнькую “палутарку”. Прадалі мы яе за вар'яцкі па тых часах кошт - за 6,5 тысяч даляраў. Марына знайшла і аформіла куплю аднапакаёвай кватэры на вуліцы Рафіева ў Мінску. Я бегаў і шукаў грошы, якіх бракавала. І знайшоў.
Мой былы кіроўца з ЦК Саюза моладзі, Віктар Яскевіч, прыехаў у Гародню па нас. Мама правяла апошнія свае гарадзенскія дні ў маёй стрыечнай сястры Лоркі. Мы з Віктарам туды за ёй і прыехалі. Гэта было 1 лютага 1996 года.
Я потым згадваў, як з'язджала з Г ародні ў апошні месяц свайго жыцця бабця Каця, мамчына мама, Кацярына Карлаўна Фядута, народжаная Крыштопік. Маленькая, далікатная, чорна-сівая, бабця пагадзілася з'ездзіць у Друскінінкай да сваёй сярэдняй дачкі, Раісы Іосіфаўны Шацікоўскай, у якой гасцявалі жонка майго старэйшага стрыечнага брата, Сашкі, Тамара, з дачкой - адзінай да таго часу бабцінай праўнучкай Воляй. Бабця хацела яе пабачыць - самы малодшы свой працяг. І яе ўгаварылі паехаць на месяц у Літву.
Бабця спускалася з трэцяга паверху нашага дому павольна, трывожна, баючыся спатыкнуцца. Ёй ішоў семдзесят чацвёрты год. Калі ўлічыць, што выпала на яе долю падчас вайны, пяцёра дзяцей, скон малодшай дачкі і знясільвальная праца санітаркай, ёй можна было даць і ўсе восемдзесят пяць.
Яе сустрэў у пад'езда любы зяць, мой хросны, Мікалай Сцяпанавіч Свістун. Усёй сям'ёй, сапраўды адчуваючы сыход Вечнасць, мы пасадзілі бабцю ў яго “масквіч” - сіняга, як сцены бабцінай старой хаткі на Леванабярэжнай, даўно прададзенай і падзеленай ёю, падобна шэкспіраўскаму каралю, паміж дзецьмі. Сцяпаныч, па звычцы крэкнуўшы, сеў за стырно
і адвёз бабцю назаўсёды.
.Мама спускалася па лесвіцы Лорчынага дому цяжка, хоць ёй было ўсяго семдзесят гадоў. Накладала адбітак вайна, гады працы на “тытунёўцы” з яе так і не выкашляным з лёгкіх зеллем. Мы з Віктарам стаялі ўнізе. Воўка Ляўшук, мой сябар, які замяніў мяне пры маме, клапатліва распытваў пра новую маміну кватэру: ці будзе ёй там добра, цёпла, што за кухня.
Дзверы чорнай “Волгі” зачыніліся, як дзверы катафалка. Мама з жахам паглядзела на чужы ёй двор, заплюшчыла вочы, потым раптам шырока расплюшчыла іх і сказала:
— Я не паспела...
Але машына кранулася. Мы ехалі ў Мінск.
6-15. 01. 2011 СІЗА № 1 КДБ РБ