Выбрать главу

Нараджэнне першай дачушкі Ганначкі

Стаяў марозны лютаўскі дзень 1984 года. Мы жылі тады на кватэры ў Слуцку непадалёк ад Свята-Міхайлаўскай царквы па вуліцы Чырвонаармейскай, 54. Пераехалі туды ў снежні 1983 года, амаль за месяц да маіх родаў. Здымалі пакойчык у Алены Савельеўны Сяргеевай. Абаграваўся пакой печкай, а дроў мы на зіму не нарыхтавалі, бо нават не думалі, што давядзецца жыць у прыватным сектары. Выкарыстоўваць гаспадыніны я шкадавала, дзе ёй, старэнькай, пасля браць: самой трэба было штодзень паліць у печы. Я глядзела на гаспадыню, і ў памяці ўсплываў вобраз бабулі Арыны.

Алена Савельеўна была цудоўным і добрым чалавекам. Жылі мы з ёю душа ў душу.

Якраз днём 6 лютага старэйшая сястра Алена выпісала на заводзе прычэп драўнінных адходаў. Прыйшла цяжарная дачкою Сашкаю Ларыса і мы ўчатырох — сёстры Ларыса і Алена, Алена Савельеўна і я насілі гэтыя, як мы называлі, «шчэпкі». Муж мой быў на працы, ды і, папраўдзе, яго ніколі не цікавілі дамашнія клопаты.

Старэйшыя бераглі мяне, не давалі памногу падымаць, вельмі перажывалі, як-ніяк праз два дні ў мяне быў тэрмін родаў. Але на каго перакінеш гэтую работу: на Ларысу, якой самой праз месяц нараджаць, на гаспадыню кватэры, якой 85 гадоў, ці на Алену, якая пасля начной змены сама была вельмі стомленая. Таму я і старалася працаваць нароўні з усімі.

Ужо бліжэй да вечара ў мяне забалела спіна, пачаліся рэдкія схваткі, але ўсё ж нам удалося разгрузіць той памятны прычэп.

Муж, вярнуўшыся з работы, адвёз мяне ў радзільнае аддзяленне Слуцкай ЦРБ. І прыехаў пераведаць толькі праз два дні.

Так 6 лютага 1984 года я стала мамаю. Роўна ў 24 гадзіны, пад гукі гімна Савецкага Саюза (радыёкропка была побач з радзалай), я ўпершыню пачула галасок сваёй дачушкі. Цяпер дзіця адразу не забіраюць ад маці, а тады дачку мне нават не паказалі.

Праз недарэчную ўрачэбную недакладнасць — чамусьці палічылі, што ў нас розныя рэзус-фактары, — яе не прыносілі да мяне карміць ажно два дні. І толькі на трэці, калі я ўжо не магла больш жыць абяцанкамі акушэрак, а цвёрда запатрабавала прынесці маё дзіцятка, мне прынеслі адразу чацвёра: два беленькія тугія скрутачкі на адной руцэ, і яшчэ два — на другой. З прыязнай усмешкай медсястра прапанавала:

— Выбірайце сваё, калі пазнаеце.

А што ж тут выбіраць! Тут сэрцам адчуваеш — твая! Зразумела, што я беспамылкова паказала на сваю дачушку. Яна была вельмі падобная да мяне ў маленстве — тыя ж вочкі, той жа носік, вусны. Крывінка мая.

Я ўжо ведала, што назаву яе Ганнай, Анюткай — у Ваш гонар, мама.

Адзінаццацікласніца

Дзіва дзіўнае, але адзінаццацікласніца — гэта я. У дваццаць адзін год.

Зразумеўшы, што з мараю пра медыцынскі інстытут мне давядзецца развітацца, я пачала думаць пра дэфекталагічны факультэт педінстытута. Аказалася, што прынялі б пры ўмове наяўнасці накіравання, а яго ніхто ў нашым невялікім горадзе Слуцку мне даць не мог: спецыялістаў хапае, вакансій няма. А не вучыцца было нельга. Мне здавалася, што гэта будзе здрада ў адносінах да Вас, мама. Ваша Зоя, выдатніца, якая ў пяць гадоў ужо чытала (няхай і амаль нічога не разумеючы) асобнай кніжачкай работу «Лев Толстой как зер­кало русской революции» У. І. Леніна (?!), абавязкова павінна была атрымаць вышэйшую адукацыю. Інакш нельга. І тады выйшла на першы план яшчэ адна любоў — любоў да роднай мовы і літаратуры. Аднак паступіць у педінстытут з медыцынскай адукацыяй было няпроста.

Пасля смерці Генеральнага сакратара ЦК КПСС Л. І. Брэжнева, а затым Ю. У. Андропава, Цэнтральны Камітэт узначаліў К. У. Чарненка, які вырашыў распачаць рэформы ў адукацыі. У 1984 годзе ім была ўнесена прапанова змянення школьнай структуры і павелічэння тэрміну навучання. Цяпер замест 10 класаў трэба было вучыцца 11, дзяцей прымалі ў школу з шасці гадоў, некаторыя змены былі і ў вышэйшай школе. Пэўна таму, калі я пачала кансультавацца наконт паступлення на базе сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі, мне адказалі проста: паступайце ў медінстытут. А вось каб была агульная сярэдняя адукацыя, або педагагічны стаж.

І я іду на неардынарны крок. Змаўчаўшы пра медыцынскую адукацыю, паступаю вучыцца ў вячэрнюю школу. Здаю экстэрнам экзамены за 9-ы і 10-ы класы, і мяне залічваюць у 11-ы. Праўда, настаўнікі рассакрэцілі мяне хутка, бо я ніяк не магла сарыентавацца, што я павінна ведаць, а якую тэму быццам яшчэ і не вучыла. Зразумеўшы маю сітуацыю, на дзіва, паставіліся да мяне надзвычай прыязна.