Выбрать главу

Заняткі ў вячэрняй школе былі арганізаваныя ў дзве змены — раніцай і ўвечары. Паколькі маёй Ганначцы было толькі паўгода, увечары вучыцца я не магла. Давялося выбраць ранішні час.

Вячэрнюю школу я закончыла даволі паспяхова — з некалькімі чацвёркамі. Здавалася б, нарэшце можна паступаць, але мой муж «прыклаў намаганні», і свае атэстат аб сярэдняй адукацыі і ваенны білет я ўбачыла толькі праз некалькі гадоў, і то з дапамогай супрацоўнікаў абласной пракуратуры.

Сцяўшы зубы, пайшла іншым шляхам. Каб зарабіць педагагічны стаж, я іду на працу ў дзіцячы садок № 20 «Казка». У маёй групе ранняга ўзросту (ад года да трох) было ажно трыццаць дзетак. Клопатаў хапала.

Аднойчы да мяне зайшла калега па паліклініцы Ірына, медсястра, якая змяніла мяне на ўчастку.

— Як ты тут выжываеш? Не шкадуеш, што пайшла з участка?

— Не шкадую. Не той генерал, што салдатам не быў.

Школа педагагічнага майстэрства ў нашым дзіцячым садку сапраўды была моцная. Кожнае святочнае мерапрыемства ці адкрытыя заняткі прадумваліся да самых дробязяў. І заўсёды ўсё праходзіла паспяхова. Набыты вопыт вельмі спатрэбіўся мне і пазней. Дзе б ні працавала, заўсёды ўзгадвала ўрокі нашай загадчыцы дзіцячага садка паважанай Марыі Міхайлаўны Рэмізавай. Лёгка мне было і на пасадзе арганізатара аддзела адукацыі, і на пасадзе галоўнага інспектара міністэрства адукацыі выязджаць на праверкі. Я ведала асаблівасці працы і ў дзіцячым садку (пачынаючы ад прамаркіраваных прылад да планавання і непасрэднай работы з дзецьмі), і ў школе, і ў аддзеле адукацыі.

Увогуле, колькі жыву, пераконваюся, што для чалавека лішніх ведаў не бывае. Усё, што з намі адбываецца, пэўна, даўно нейкай вельмі значнай сілай запланавана ў касмічнай прасторы. Перажытае, хоць часам і занадта горкае, ідзе чалавеку на карысць у будучым. Як і тая мая вучоба ў адзінаццатым класе пасля надзвычай паспяхова закончанага медвучылішча. Вось як яно бывае ў жыцці.

Экзамен на сталасць: мая малодшая дачушка Насцечка

Трыццаць першага мая 1987 года ў Мінскім абласным раддоме ў мяне нарадзілася другая дачушка — Анастасія. За тыдзень да гэтага я прыехала ў Мінск, спынілася ў брата Грышы з нявесткай Надзеяй, паступала ў педінстытут імя Максіма Горкага (з 1993 года — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта.

Сямейнае жыццё маё канчаткова разладзілася. Аднак, даведаўшыся, што другі раз стану мамаю, я з радасцю ўспрыняла гэтую вестку. Неяк у той год навіны ішлі адна за адной: цяжарнасць, блізкі развод, паступленне ў інстытут.

Са Слуцка ў Мінск мяне прывезлі на сваёй машыне пляменніца Ірына з мужам. Я сабрала два чамаданы: адзін, старэнькі, але памятны (з ім Ларыса пасля заканчэння Слуцкага медвучылішча паехала на сваё першае працоўнае месца, у Засульскую бальніцу) — з кнігамі, а ў другі паклала шмат новенькіх пялёнак, дзіцячую коўдрачку, нават новенькую бутэлечку для малака, некалькі пустышак, медыцынскія прылады і шмат якіх дробязяў для будучага дзіцяткі. А раптам. каб усё было з сабою. Я павінна была прадугледзець многае на выпадак родаў, якія чакаліся яшчэ толькі праз два тыдні.

Трыццатага мая адбылася агульная нарада з абітурыентамі ў педінстытуце, і я, спяшаючыся, нават падбягала, каб не спазніцца. Сярод абітурыентаў адна я была цяжарная, таму адчувала сябе няёмка.

Вечарам таго дня, 30 мая, мы святкавалі дзень нараджэння нашай Надзеі, братавай жонкі. Яна хораша спявала і была надзвычай гасціннай, таму ў іх двухпакаёвай кватэры на праспекце Ракасоўскага, 81 было заўсёды людна, весела і ўтульна, на кожнае свята гучалі песні, якіх яна ведала мноства. Кожнаму з нас там заўсёды былі рады і ўсім хапала месца.

Пасля таго як разышліся госці, я яшчэ некаторы час паўтарала пытанні да экзаменаў. Мне дапамагала сястра Ларыса, якая таксама жыла ў той час у брата, здаючы апошнюю сесію ў педінстытуце на дэфекталагічным факультэце. Хутка, праз дзень, у мяне першы ўступны экзамен. Але ўжо раніцай 31 мая я адчула, што мяне чакае іншы экзамен. І вечарам, у 21.20, у мяне нарадзілася другая дачушка.

Калі забіралі ў бальніцу, брат Грыша ўсё ніяк не мог зразумець, чаму я не крычу. Ажно пытаўся: «Гэта так нараджаюць? А чаму ты не крычыш?» А я трымалася з усіх сіл, не разумеючы, што ж будзе? Заўтра — экзамен. І чаму ж менавіта сёння такое са мною, чакалася ж яшчэ праз два тыдні. Святая наіўнасць маладосці!