Цяпер трэба было думаць пра іншы экзамен — другі галоўны экзамен у жыцці. На права яшчэ раз стаць мамаю.
Урачы хуткай дапамогі прывезлі мяне ў абласны раддом і, як пасля высветлілася, я стала там апошняй пацыенткай: бальніцу закрывалі на пэўны час на дэзынфекцыю і рамонт. Парадзіх было мала, і мяне паклалі ў асобную светлую палату, чаму я была вельмі рада. Праз акно было відаць, як па чыгунцы ідуць цягнікі. Каб неяк адагнаць невыносны боль, я пачала лічыць вагоны: адзін, два, тры, пяць. Чамусьці ніяк не магла ўспомніць, якая лічба ідзе пасля лічбы «тры». Успомніла, што гэта «чатыры», толькі пасля таго, як нарадзіла.
Доўга адна ў палаце я не ўседзела: не дазволіла медыцынская адукацыя і павышаны ўзровень эмпатыі. Чуючы, як крычаць у суседняй палаце парадзіхі, пайшла да іх.
— Дзяўчаты, хто яшчэ можа нешта ўспрымаць і разумець, глядзіце на мяне і паўтарайце за мной, як трэба дыхаць. Будзеце правільна дыхаць — хутка пройдзе боль. Спакайней будзеце чакаць наступнай схваткі.
Спачатку нехта не звярнуў увагі, нехта адвярнуўся, але знайшліся і такія, хто паслухаў. У хуткім часе ўжо амаль усе ў палаце прыціхлі, стараючыся правільна дыхаць. Паспакайнелі. Пачалі нават усміхацца. Адчыніла дзверы акушэрка, глянуць, што адбываецца тут. Здзівіўшыся, пахваліла мяне і выйшла.
Амаль адразу ж за ёю і я пайшла ў сваю палату. Трошкі счакаўшы, сама выйшла да ўрачоў:
— Мне пара. Вядзіце.
— Не можа быць. Яшчэ пагуляйце трошкі.
— Гавару вам, пара.
— Ну, калі пара, то хадзем, — прыязна ўсміхнулася доктар.
Аказалася, што я ўсё правільна адчувала. І праз некалькі хвілін на свет з’явілася мая дзяўчынка. Мне адразу яе паказалі, нават паклалі каля мяне на маленькі столік, так, каб магла яе не толькі бачыць, але і дакранацца да яе. Завяршаючы ўсе неабходныя справы, доктар пахваліла мяне і сказала вельмі знакавую ў маёй сітуацыю фразу:
— Ставім вам за паводзіны ў нас пяцёрку.
— Першая пяцёрка, — прашаптала я і нечакана для сябе заплакала.
— Што-што? — не зразумела доктар. — Вы чаго? Радавацца трэба, такое прыгожае, здаровенькае дзіцятка.
— А я і радуюся, — адказала я і пачала разглядваць сваю Насцечку.
Зразумела, што для кожнай мамы сваё дзіця самае прыгожае. Не выклю-
чэнне і я. Углядалася ў свой найдаражэйшы на свеце скарб і не магла наглядзецца на чорненькія вейкі, смугла-ружовенькі колер тварыку, маленькія, як вытачаныя, вусначкі. Прыгажуня мая!
Дачушка спакойна спала, увогуле трэба сказаць, што яна расла спакойным дзіцем. У адрозненне ад Г анначкі, з якою я ўпершыню змагла заснуць ноччу, калі ёй было крыху больш за годзік, Насцечка паводзіла сябе заўсёды спакойна і роўна. І плакала вельмі рэдка.
«Вось і ў мяне ўжо дзве дачушкі, — паступова пачынала ўсведамляць я. — І ў кожнай з іх свая сцяжына, свая дарога. Божа, як я хачу, каб мае дзеці былі шчаслівыя. Здаецца, захінула б іх ад усіх нягод, каб толькі магла.»
.Выпісалі нас на чацвёрты дзень. Усіх сустракалі мужы. А мой мала таго, што ні разу не пазваніў, не пераведаў, дык і забіраць з раддома не прыехаў. У бальніцы, мабыць, лічачы мяне маці-адзіночкай, карэктна пра мужа не пыталіся. Забіралі нас з дачкою сёстры Тамара з Ларысай. Усё як трэба — з цукеркамі, кветкамі.
Дык вось, яшчэ адзін экзамен здадзены. Наперадзе — наступныя — уступныя экзамены ў інстытут.
Мама, я цвёрда вырашыла не здавацца і верыць у сябе.
І лёсу веру я...
Імкнуся не растраціць
дабрыню,
Хоць выпалі на долю
на маю,
І горыч, і вялікая любоў
Праз холад спапяляючы
снягоў.
А лёс паціху шэпча,
як замову:
«Ўся сіла ў дзецях, там
твая аснова —
Развага, розум, шчасце,
дабрыня».
І лёсу веру я.
Дзве сцяжынкі
Дзве дачушкі —
дзве сцяжынкі,
Долі Бог вам дай
І на кволыя сцяблінкі
Сонейкам заззяй.
Як ад горкае самоты
Мне вас зберагчы?
Вы ў часіну адзіноты
Верце ў касачы,
Што цвілі ля нашай хаты
З даўняе пары.
Верце ў песню, што
дзяўчаты
Спявалі на зары.
Паступленне ў педінстытут
Сёння, з пазіцыі пражытых гадоў, мне застаецца толькі здзіўляцца з той мяне, маладой і адчайнай. Але не ў маім характары адступаць. І праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі я іду здаваць уступныя экзамены ў інстытут.