Выбрать главу

...Раніцай 1 чэрвеня 1987 г. я павінна была здаваць першы ўступны экза­мен на філалагічным факультэце, а напярэдадні ўвечары, як я ўжо распавядала, у мяне нарадзілася другая дачка — Анастасія. Я ляжала на бальнічным ложку і думала пра ўсё адразу: добра, што з дачушкай і са мною ўсё ў парадку, калі ж нас выпішуць і як паспець на экзамены з другім патокам.

Ларыса занесла на філфак даведку, што я ў раддоме, а ў дэканаце не адра­зу нават зразумелі, дзе ж знаходзіцца абітурыентка. Так і спыталі:

— А чаму сама не прынесла даведку? Дзе ж сама абітурыентка?

— Я ж і кажу вам: у раддоме. Просіць дазволу здаваць экзамены з другім патокам. Вось заява і даведка.

Мне дазволілі. На ўсё жыццё я запомніла той, можа, у нечым і неардынарны, але бясконца чалавечны ўчынак тагачаснага прарэктара па завочным навучанні сп. Васіля Варывончыка. І хоць, як аказалася, у гісторыі філфака такога прэцэдэнту не было, ён сказаў, што ёсць пісаныя законы, а ёсць законы чалавечыя, і дазволіў мне здаваць уступныя экзамены. Хоць ведаў, што калі паступлю, мяне адразу трэба будзе адпраўляць у акадэмічны адпачынак. Так і адбылося.

На вялікі жаль, Васіля Іванавіча хутка не стала, і я не паспела выказаць яму словы ўдзячнасці. Прайшлі гады, і, ужо будучы прарэктарам па вучэбнай рабоце Мінскага гарадскога дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адукацыі, падчас правядзення гарадской прадметнай алімпіяды сярод школьнікаў, мне выпала сустрэцца з кандыдатам гістарычных навук, сынам гэтага незабыўнага чалавека. Яму я і падзякавала за тое даўняе дабро яго бацькі, Васіля Іванавіча Варывончыка, — даць шанц незнаёмай яму абітурыентцы і паверыць у яе. Невядома, як склалася б маё далейшае жыццё, не прымі ён тады лёсавызначальнае для мяне рашэнне. Такое не забываецца.

Зноў жыццё усміхаецца мне

Чулі жаўранка спеў па вясне?

Столькі вёснаў спяваў,

Ды не мне.

...Кладкай вузкай раку перайду.

Страх і холад — наперад іду.

Пада мною вада бурліць,

Дай, Бог, сілы, хоць крок ступіць.

Не стаміцца, не стаць, ісці.

Бераг той — як збавенне ў жыцці.

Крок. Яшчэ. Ну, яшчэ адзін.

Сэрца шэпча: «Смялей ідзі».

Сэрца ведае: перайду.

Там каралі з бурштыну знайду:

Слёзы соснаў, як слёзы мае,

Сушыць сонейка па вясне.

Крок, нарэшце, апошні. Ўсё.

За спіною не метры — жыццё.

Я змагла. Перайшла! Сустрэнь,

О прыгожы і сонечны дзень!

Сінь нябёсаў і зелень траў

Для мяне ты ў вянок сабраў.

Зіхаціць у рацэ вада,

Назаўсёды сплыла бяда.

Зноў жыццё ўсміхаецца мне

Песняй жаўранка па вясне.

Былых настаўнікаў не бывае

Вучоба ў інстытуце мне давалася лёгка. Столькі было радасці ад таго, што нарэшце я стала студэнткаю, што мара атрымаць вышэйшую адукацыю паступова збываецца. Адразу мяне прызначылі старастай групы, і выконвала я гэтыя абавязкі ўсе пяць гадоў да дня атрымання дыплома.

У нас на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта была такая слаўная кагорта выкладчыкаў! Кім Уладзіміравіч Скурат, Эвеліна Данілаўна Блінава (некалі яны прымалі ў мяне ўступны экзамен, які я здала на «выда­тна»), Алена Казіміраўна Юрэвіч, Алесь Аляксандравіч Каўрус, Міхась Станіслававіч Яўневіч, Ніна Васільеўна Гаўрош, Марыя Фёдараўна Шаўлоўская, Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі, Алена Сяргееўна Гурская, Тамара Мікалаеўна Трыпуціна, загадчык аспірантуры і дактарантуры Лідзія Барысаўна Варабей.. І гэты пералік трэба доўжыць і доўжыць. Жанчыны-педагогі не толькі цудоўна выкладалі свой прадмет, добра ведалі сваю справу. Кожная з іх стала ўзорам, сапраўдным прыкладам для нас і ў паводзінах, і ў манеры апранацца і падбіраць упрыгожанні пад той ці іншы ўбор, і ў манеры весці размову, і ў многім іншым, што з кожным днём паступова «ляпіла» з нас прыгожых адукаваных людзей.

Дэканам факультэта ў той час быў Алесь Іванавіч Лугоўскі. Замежную літаратуру выкладала Г аліна Яўгенаўна Адамовіч — чалавек энцыклапедычных ведаў, незвычайна захоплены сваім прадметам. Дзякуючы ёй мы спазналі дзівосны свет твораў Шэкспіра, Дантэ, Гётэ.

Адам Антонавіч Грымаць, выкладаючы педагогіку, сам быў узорам сапраўднага педагога. З першых гадоў навучання, заўважыўшы мае даследчыя здольнасці, прапанаваў рыхтавацца ў аспірантуру і выказаў жаданне быць маім навуковым кіраўніком. Нават тэму курсавой работы падказаў нестан­дартную «Адмоўныя маральныя якасці на літару л у творах беларускай літаратуры». Ох і папацела ж я, перачытаўшы, перагартаўшы «горы» празаічных твораў беларускіх пісьменнікаў. Аказваецца, вельмі рэдка сустракаюцца ў нас такія словы, як лянівы, лайдакаваты і інш. Ды і адкуль ім узяцца, калі народ наш працавіты і руплівы! Ацаніўшы маю курсавую на «выдатна», Адам Антонавіч яшчэ раз нагадаў пра аспірантуру. А праз некалькі гадоў, на вялікі жаль, вядомага вучонага Адама Грымаця не стала.