Выбрать главу

Нашы Настаўнікі вучылі нас не проста прафесійнаму майстэрству. Дасканала ведаючы свой прадмет, будучы патрабавальнымі і чалавечнымі, яны навучылі нас многаму, галоўнае — выхавалі ў нас павагу да прафесіі, якую абралі, навучылі бачыць у кожным са сваіх вучняў найперш чалавека, асобу з яе клопатамі, радасцямі і праблемамі.

Ведаючы, як мне няпроста адной з двума маленькімі дзецьмі, мае выкладчыкі заўсёды з разуменнем і павагай ставіліся да мяне як да студэнткі. Пры гэтым скідак ніколі не рабілі: стараліся навучыць, паболей даць інфармацыі, абавязкова падказаць, дзе можна купіць ці ўзяць у бібліятэцы тую ці іншую кнігу.

Уяўляеце, мама, аднойчы адкрываю паштовую скрыню, а там ліст з педуніверсітэта. Канверт, падпісаны рукою нашага паважанага і любімага студэнтамі метадыста Святланы Міхайлаўны Аляксандравай, і спіс пытанняў да экзамену па беларускай мове (пунктуацыя) з подпісам выкладчыцы Алены Казіміраўны Юрэвіч. Як мне тады гэтая ўвага Настаўніка дапамагла! Вядома ж, я сур’ёзна рыхтавалася да экзамену, але толькі па тэмах, бо неяк так атрымалася, што пытанняў у мяне не было. Сёння ўжо не памятаю, па якой прычыне. Мая выкладчыца не ведала, ёсць у мяне тыя пытанні ці не, але яна ведала маю сітуацыю і маю адказнасць.

Экзамен я тады здала на «выдатна». І да гэтага часу памятаю тактоўнасць выкладчыка, яе па-мацярынску цёплую, шчырую ўсмешку. Мне здавалася, што яна нават любуецца мною падчас адказу на пытанні білета. Ну якраз як некалі Марыя Лаўрэнцьеўна, мая першая настаўніца, калі выклікала мяне да дошкі.

Да гэтага часу, як паказчык чалавечнасці Настаўніка, захоўваю той канверт і два лісткі паперы з пытаннямі да экзамену з подпісам «А. К. Юрэвіч».

А якія ў нас былі лекцыі па беларускай літаратуры загадчыка кафедры Мікалая Іванавіча Мішчанчука! Захоплены сваім прадметам, далікатны і тактоўны, шаноўны прафесар, на той час яшчэ кандыдат філалагічных навук, дацэнт, мог гадзінамі трымаць нашу ўвагу. Мы абсалютна не заўважалі, як хутка ляцеў час на яго лекцыях. А некаторыя невядомыя нам вершы мы нават перапісвалі ад рукі і перадавалі адно аднаму.

Мікалай Іванавіч адкрыў для нас свет эмігранцкай літаратуры, пра якую мы тады амаль нічога не ведалі. Ён напісаў для нас патрэбную кнігу «Настаўніку пра настаўніка», якая стала, асабліва першыя гады працы, настольнай. Да кожнага са студэнтаў ён ставіўся шчыра, клапатліва, сардэчна і разам з тым патрабавальна.

Аўтар многіх манаграфій, падручнікаў, доктар філалагічных навук Мікалай Іванавіч Мішчанчук доўгі час быў навуковым кансультантам і членам рэдкалегіі навукова-метадычных часопісаў «Роднае слова» і «Беларуская мова і літаратура». Да ўсяго, ён аўтар зборнікаў паэзіі «Вернасць», «Трывожуся за белы свет», «Струна надзеі».

Ведаючы яшчэ падчас вучобы свайго шаноўнага Настаўніка як паэта, аднойчы я рызыкнула паказаць яму свае вершы. Некалькі набраных на друкавальнай машынцы стандартных лістоў з вершамі на рускай і беларускай мовах. Ужо на наступную лекцыю Мікалай Іванавіч прынёс тыя лісточкі з пазнакамі амаль на кожнай страфе: «добра», «цуд!», «калька з рускай», «штамп». А пасля лекцыі дэталёва разабраў кожны мой радок, адзначыўшы метафарычнасць бачання з’яў, што вельмі важна для паэта. Параіў абраць для напісання вершаў родную мову, калі я хачу сцвердзіцца як творца на сваёй зямлі. Столькі сілы мне надала тая размова, і ўпэўненасці, і роздуму, і жадання вучыцца майстэрству ў класікаў, і жаданне апраўдаць давер свайго Настаўніка. Мікалай Іванавіч кіраваў навуковымі працамі многіх аспірантаў. На жаль, падчас майго паступлення ў аспірантуру шаноўны прафесар ужо жыў у

Брэсце, дзе працаваў ва ўніверсітэце імя А. С. Пушкіна. Ён пагадзіўся быць навуковым апанентам пры абароне маёй дысертацыі. Але гэтаму не суджана было збыцца.

Узгадваючы пра сваіх выкладчыкаў, нізка схіляю галаву перад кожным. Светлая памяць тым, каго ўжо няма сярод нас. Дзякую, што навучылі найперш майстэрству і чалавечнасці. Без чаго, якімі энцыклапедычнымі ведамі ні валодаў бы выкладчык, яму не адбыцца як Настаўніку.

Доўгіх гадоў жыцця ўсім нашым педагогам, хто па-ранейшаму працягвае аддаваць цеплыню свайго сэрца студэнтам ці пайшоў на заслужаны адпачынак. Як вядома, былых Настаўнікаў не бывае.