Выпускны вечар
У апошні год маёй працы ў школе я была класным кіраўніком выпускнікоў. Са сваімі вучнямі я «падрастала» з пятага класа. І вось яны, такія дарослыя, прыгожыя і самастойныя.
Выпускны вечар 11-га філалагічнага, які, дарэчы, заканчвала і мая Ганначка, адбываўся ў чэрвені 2001 года. Гэта быў свайго роду і мой «выпускны». Я завяршала працу ў школе, дзе пакінула толькі 9 гадзін, каб давесці свой выпускны клас, і ў Слуцкім гарадскім аддзеле адукацыі, дзе працавала арганізатарам. Завяршаўся і мой этап жыцця ў Слуцку. У канцы жніўня мы з дзецьмі пераязджаем у Мінск.
А сёння я з лёгкім смуткам развітваюся са сваімі вучнямі. Усе яны мне як родныя дзеці. Тым больш што некаторых я ведала ад нараджэння — яны былі маімі пацыентамі на 13-м участку дзіцячай паліклінікі, потым (так склаўся лёс) выхаванцамі ў групе дзіцячага садка. Пасля прыйшлі да мяне ў 5-ы клас, і я стала іх класным кіраўніком. Таму сапраўды мне яны былі вельмі блізкія.
Мы пайшлі сустракаць узыход сонца на гістарычнае месца горада, дзе сёння размяшчаецца гарадскі Дом культуры. Мне важна было, углядаючыся ў світальнае неба і чакаючы першыя сонечныя промні, расказаць сваім выпускнікам пра наш горад, пра мужную зямлячку княгіню Анастасію Слуцкую.
Вучням я расказвала, пэўна, многае з таго, што яны ўжо ведалі. Пра першае ўзгадванне Слуцка каля 1116 г. у «Аповесці мінулых гадоў». Пра тое, што ў пачатку XFV ст. Слуцкае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага і наш горад амаль 200 гадоў быў адным з палітычных і культурных яго цэнтраў. Нават у 1441 г. атрымаў Магдэбургскае права.
Я гаварыла пра тое, што ў Слуцку заўсёды жылі мужныя людзі. У 1410 г. Слуцкае апалчэнне прымала ўдзел у бітве з крыжакамі пад Грунвальдам. Не раз на Слуцк нападалі татары, але так і не змаглі захапіць горад.
Кіравала ў той час горадам згаданая мною княгіня Анастасія — дачка Івана Юр’евіча, князя мсціслаўскага. У 1490-я гады яна стала жонкаю Сямёна Міхайлавіча Слуцкага, князя слуцкага і капыльскага. Князя праз некаторы час не стала. Іх сын Юрый быў яшчэ малы, і Анастасіі давялося кіраваць княствам да сынавага паўналецця. Больш за тое, у пачатку XVI ст. слуцкая княгіня ўзначаліла войска і мужна абараняла горад ад нападу крымскіх татар на чале з Баты-Гірэем.
У маладую ўдаву быў закаханы князь Міхаіл Львовіч Глінскі, але яна адмовілася выйсці за яго замуж. І тады ў 1508 г. войскі князя напалі на Слуцк, але княгіні Анастасіі ўдалося абараніць горад. (Некаторыя даследчыкі лічаць, што на Слуцк нападаў не Міхаіл, а яго родзіч Андрэй Дрождж.)
Праз некаторы час Міхаіл Глінскі з братамі перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ. А княгіня Анастасія занялася аднаўленнем разбуранага падчас нападаў горада. Дарэчы, тагачасная планіроўка цэнтральнай часткі Слуцка ў агульных рысах захоўвалася прыкладна да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Мае выпускнікі з цікавасцю слухалі пра княгіню-зямлячку. Тады мы яшчэ не ведалі, што праз два гады, у 2003 годзе, на кінастудыі «Беларусьфільм» здымуць выдатны фільм «Анастасія Слуцкая», дзе ролю княгіні Анастасіі выканае Святлана Зелянкоўская.
Не стала Анастасіі каля 1526 года. Горадам кіраваў яе дарослы сын Юрый, у якога нарадзіліся дзеці: сын Юрый і дачка Сафія. Пройдуць гады і Сафія выйдзе замуж за Януша Радзівіла (у 1612 г. Слуцкае княства перайшло да яго).
Княгіня Сафія мужна адстойвала праваслаўе на слуцкай зямлі. Памерла яна ва ўзросце 26 гадоў ад цяжкіх родаў. Беларускай праваслаўнай царквой княгіня Сафія Слуцкая далучана да ліку святых. Святая Сафія лічыцца ахоўніцай беларускай сям’і. Я расказала выпускнікам, што мошчы святой праведнай Сафіі знаходзяцца ў Мінску ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Каб моладзь ведала, куды ісці прасіць заступніцтва ў цяжкую хвіліну жыцця. Бо, як вядома, святая Сафія не раз ратавала наш горад ад вялікай бяды.
У той вечар мы гаварылі і пра слуцкія паясы, і пра пісьменнікаў-землякоў, і пра асаблівую Слуцкую зямлю, дзе, як кажуць, «усё па-людску». Добра памятаю, як на развітанне я наказвала сваім вучням заўсёды заставацца чалавечнымі, якія б праблемы ні здараліся на іх доўгім жыццёвым шляху. І словы народнага паэта Пімена Панчанкі мне былі ў падмогу: «Без чалавечнасці не будзе вечнасці».
Мае выпускнікі з цікавасцю, як заўсёды, слухалі мяне, жартавалі, весяліліся і адначасова сумавалі перад расстаннем. Заўтра іх чакала дарослае і нязведанае жыццё.
Надыходзіла раніца, і мы фатаграфаваліся, падставіўшы далоні пад залаціста-чырвоны кружочак, які паціху ўздымаўся на ўсходзе над лініяй гарызонту. На здымку падобна, быццам трымаем у сваіх далонях сонейка.