Выбрать главу

Няхай жа яно заўсёды ветла свеціць і маім дачушкам, і ўсім маім вучням і выхаванцам, з якімі пашчасціла сустрэцца ў жыцці!

Выбранцы

Мяне заўсёды цікавіла гісторыя Вашай, мама, роднай вёскі Падліпцы Слуцкага раёна. Там, у хаце з белымі аканіцамі, адной такой на ўсю вёску, Вы нарадзіліся. У Падліпцах усё сваё жыццё пражыў мой дзед Канстанцін Адамавіч Пятровіч і бабуля Марыя Есіпаўна (да замужжа Пунчык) — Вашы бацькі. Цяпер там жывуць нашы родзічы па лініі Пятровічаў і па лініі Янучкоў. Там, на могілках, у нас больш за два дзясяткі родных магіл.

Некалькі гадоў таму я пачала вывучаць свой радавод. Яшчэ з дзяцінства ведала, што нашы продкі і з роду Пятровічаў, і з роду Шахновічаў паходзяць з «выбранцаў», так называлі жыхароў шасці выбранецкіх вёсак у Слуцкім раёне — Лучнікі, Бранавічы, Варкавічы, Сярагі, Агароднікі, Падзер. Цікавыя звесткі, атрыманыя з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, сведчаць, што Ваш, мама, дзед, а наш прадзед Адам Сямёнавіч Пятровіч, як і яго жонка, наша прабабуля Усціна Іванаўна, нарадзіліся ў вёсцы Бранавічы на Случчыне. У рэвізскай сказцы вольных хлебапашцаў выбранецкай вёскі Бранавічы Слуцкага павета ад 20 красавіка 1834 г. значыцца Пётр Астапаў Пятровіч (1789 г. н.) і яго брат Герасім (1792 г. н.). Там жа запісаны нованароджаныя сыны іх брата Івана — Самуіл і Фёдар. У Фёдара потым нарадзіўся сын Сямён. Атрымліваецца, што мне ўдалося адшукаць звесткі пра Вашага, мама, прадзеда Сямёна Фёдаравіча Пятровіча (1840 г. н.); прапрадзеда Фёдара Іванавіча Пятровіча (1818 г. н.) і яго жонку, прапрабабулю Ганну Цімафееўну (да замужжа Васілевіч); прапрапрадзеда Івана Астапавіча Пятровіча (памёр да 1828 г.) і яго жонку, прапрапрабабулю Матрону (1788—26.12.1839); прапрапрапрадзеда Астапа Нікіфаравіча Пятровіча і яго жонку, прапрапрапрабабулю Наталлю (1766—11.02.1828); прапрапрапрапрадзеда Нікіфара Пятровіча і яго жонку, прапрапрапрапрабабулю Марыю (1724—24.11.1799).

Колькі цікавых рэчаў адкрылася мне! З ведамасці Лучнікоўскага сельскага таварыства казённага маёнтка Выбранцы ад 26 ліпеня 1858 г. аб колькасці заможных дамаўласнікаў, якія могуць быць пераведзены ў вышэйшыя разрады, даведалася, што ў жыхара вёскі Бранавічы, Вашага мама, прапрадзеда Фёдара Іванавіча Пятровіча (цяглых) на той час было: рабочых душ — 3 мужчынскія, 1 жаночая; жывёлы: рабочай — 4, буйной — 3, дробнай — 6. Сям’ю прапаноўвалася «перасяліць у Варкавічы на надзелы, што засталіся ад «несостоятельных», дзе каждаю надзяліць па 2 палавіны надзела» (НГАБ, ф. 27, воп. 5, спр. 1234, арк. 11).

Прасочваючы лёс свайго прапрапрадзеда Фёдара Іванавіча Пятровіча, з рэвізскай сказкі вольных хлебапашцаў, «названых выбранцамі» Лучнікоўскага сельскага таварыства Слуцкага павета, падпарадкаваных ведамству Міністэрства дзяржаўных маёмасцей ад 10 мая 1858 г., даведалася, што ў сям’і Фёдара Іванавіча і Ганны Цімафееўны нарадзіліся сыны: Дзмітрый, Сямён (наш прапрадзед), Мікалай (памёр у 1853 г.) і дочкі: Аўдоцця і Марыя. Выхоўваўся ў сям’і Фёдара таксама і дваюрадны брат Нікіфар Гарасімаў Пятровіч (1842 г. н.), сын Гарасіма Астапава Пятровіча. Гарасім (Герасім) — родны брат Фёдаравага бацькі Івана (НГАБ, ф. 333, воп. 9, спр. 1055, арк. 741 адв. — 742).

Адшукаліся звесткі і пра некаторых іншых родзічаў. З выпісу з метрычных кніг Слуцкай саборнай Мікалаеўскай царквы аб тых, хто нарадзіўся, браў шлюб і памёр за 1799 — 1840 гг. сталі вядомыя даты знакавых падзей у жыцці маіх продкаў, прозвішчы святароў, якія засведчылі тыя падзеі, і многае іншае.

Шмат цікавых гісторый даведалася пра прадстаўнікоў нашага роду. Напрыклад, Ваш, мама, дзядзя Іван Адамавіч Пятровіч, ваенны ўрач, палкоўнік медыцынскай службы, атрымаў медыцынскую адукацыю пасля заканчэння духоўнай семінарыі.

Ваш бацька, а мой дзед, Канстанцін Адамавіч Пятровіч, цудам пазбег высылкі пасля раскулачвання, аддаўшы сваю новую хату пад сельскі савет, а яшчэ раней у яго забралі сеялку і веялку. І віна яго была ў тым, што мае вялікую гаспадарку, а на тое, што вялікая сям’я вымушала яе мець, ніхто не звяртаў увагі. [У маіх дзядулі Канстанціна і бабулі Мар’і (іх не стала ў 1948 г.) было дзевяць дзяцей: Насця (1919 г. н.), Ганна, наша мама, (1921 г. н.), Іван (1923 г. н.), якога доўга лічылі прапаўшым без вестак; Аляксандр (1926 г. н.), Алена (1930 г. н.), Мікалай (1935 г. н.), Леанід (1937 г. н.), Анатоль (1938 г. н., памёр маленькім), Уладзімір (1940 г. н.).]

Акрамя родных дзяцей, у сям’і гадаваўся пляменнік Ахрэм, сын памерлай Параскі, сястры бабулі Мар’і. Дарэчы, гэтая добрая справа амаль не загубіла дзедаву сям’ю: Ахрэмаў бацька Паўлюк, як яго звалі ў Падліпцах, адчуваючы няёмкасць перад сваякамі, што гадуюць яго сына, які ў яго новай сям’і раптам стаў лішнім, напісаў данос на нашага дзеда Канстанціна Пятровіча, што ён трымае парабка. Пра тое, што хлопчык — пляменнік бабулі Мар’і, сірата, улады не сталі нават і слухаць. Сям’ю даўно «прыберагалі» для наступнай хвалі раскулачвання, калі патрэбны будуць паказчыкі. Крыху раней нечакана выключылі з калгаса, але дзед паехаў з заявай у Слуцк, у раён, і там яго зноў прынялі. А пасля, у гэтай і так няпростай сітуацыі, паступіў Паўлюкоў данос. Сям’я трапіла пад раскулачванне. Цудам пазбеглі высылкі, магчыма, спрацавала тое, што новую прасторную хату дзед аддаў пад кантору, а самі перасяліліся ў невялічкія сенцы.