Выбрать главу

Цікавая гісторыя жыцця і маёй прабабулі Ганны Пунчык (у дзявоцтве Караневіч), маці бабулі Мар’і. Родам прабабуля была з Падліпцаў. Як мне расказвалі, статная, прыгожая з твару, з доўгімі цёмнымі косамі. Васямнаццаць разоў да яе засылалі сватоў, а яна ўсё адмаўляла. Апошнія сваты раззлаваліся і, ад’язджаючы, завязалі вяроўкай брамку, зрабілі шмат вузлоў, каб дзяўчына ніколі не выйшла замуж. Праўда, мая прабабуля Ганна 19-м сватам не адмовіла. Выйшла замуж за не зусім прыгожага, з васпаватым тварам, але добрага хлопца-аднавяскоўца Есіпа Пунчыка. Муж вельмі шанаваў Ганну. У іх нарадзіліся тры дачкі — Таццяна, Марыя і Параска. Сярэдняя з іх, Марыя Есіпаўна, Мар’я, як яе звалі ў Падліпцах, выйшла замуж за Канстанціна Пятровіча, хлопца з выбранецкай сям’і. Гэта была мая бабуля.

Увесь назапашаны матэрыял цяпер я старанна апрацоўваю. І ганаруся, што паходжу з «выбранцаў». Зразумела, што мне вельмі хацелася больш даведацца, хто ж такія выбранцы. Яшчэ ў юнацтве я прачытала кнігу «Древний город на Случи» вядомага краязнаўцы, доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча, які таксама паходзіць з «выбранцаў». Прайшоў час, і аднойчы я натрапіла на сайт «Наследие Слуцкого края», дзе даволі падрабязна распавядаецца гісторыя слуцкіх выбранцаў. Дзякуючы гэтым крыніцам, а таксама архіўным матэрыялам, цяпер я больш ведаю пра сваіх продкаў, ваенна-служылых людзей — выбранцаў, правы якіх былі запісаны ў княжацкіх і каралеўскіх граматах.

За сваю службу выбранцы атрымлівалі на вечнае карыстанне зямлю, іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей. Служба пераходзіла ў спадчыну ад бацькі да сына. Тыдзень служылі, а тыдзень працавалі на зямлі, якая іх карміла. Самі куплялі зброю і абмундзіраванне. Падпарадкоўваліся камандзіру сваёй «выбранецкай» роты — капітану. У выбранецкіх вёсках гаспадарчымі і адміністрацыйнымі справамі кіравалі капралы, якіх прызначаў камендант крэпасці, ваенны губернатар Слуцкага княства. Як аказалася, капралам выбранецкай вёскі Сярагі быў наш продак па лініі бабулі Арыны Адамаўны з роду Шахновічаў.

Даўно няма на свеце нашых прадзедаў — вольналюбівых выбранцаў, нашых дзядуляў і бабуль. Яны памерлі яшчэ да майго нараджэння, таму я ніколі іх не бачыла, акрамя бабулі Арыны, бацькавай маці, якая нас гадавала. Але тады, у дзяцінстве, у бабулі мы рэдка пыталіся пра мінулае, ды і ўспрымаліся тыя расповеды не так, як успрымаліся б сёння. Цяпер, на жаль, ужо і спытаць няма ў каго. Але мне пашчасціла.

Аднойчы ў рэдакцыю часопіса «Роднае слова» пазваніў наш сваяк Іван Васільевіч Барцэвіч, урач-пенсіянер, ураджэнец Падліпцаў. Ён падрыхтаваў вельмі важныя для мяне ўспаміны пра Вашу родную вёску, шмат апавядаў пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны і жыццё на акупаванай тэрыторыі (яму тады было адзінаццаць гадоў). Іван Васільевіч расказваў мне і пра Вас, мама, ён памятае Вас. Я ўслухоўвалася ў кожнае яго слова, для мяне была важная любая, нават самая нязначная, дэталь з мінулага. Тыя ўспаміны таксама ляглі ў аснову майго аповеду.

З гісторыі вёскі Падліпцы Слуцкага раёна

(на аснове ўспамінаў Івана Васільевіча Барцэвіча)

Вёска Падліпцы знаходзіцца на адлегласці 10 км на захад ад Слуцка.

У пачатку ХХ ст. да вёскі Падліпцы адносілася адна вуліца ў Манькове і хутар Шклярэўскага ў лесе Звярынец. Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было каля 100 хат. У канцы 1930-х гадоў пачалі будаваць новую вуліцу. Пер­шую хату паставіў Сяргей Гусак, якраз на месцы, дзе раней праходзіла дарога наўпрост ад Падліпцаў да пасёлка Манькова і якую потым аднеслі далей ад вёскі. І гэтая дарога праходзіла па новай вуліцы, якую празвалі чамусьці Чапячкі. Цяпер ужо і дарога не мае таго значэння, як да рэвалюцыі, калі па ёй вазілі збожжа ў панскі вятрак, якім, дарэчы, карысталіся і ў гады вайны, і ў пасляваенны час.

У 1940-х гадах вёска складалася з дзвюх вуліц, а пасля вайны з’явілася трэцяя. Яна аб’ядноўвала дзве першыя вуліцы, і ў вёсцы яе называлі Афіцэрскай. Там пабудавалі хаты старшыня калгаса Леановіч, старшыня сельскай спажыўкааперацыі Янковіч, бухгалтар Шэлег ды іншыя.