Выбрать главу

Пабудавана вёска з поўначы на поўдзень. За гародамі па аселіцы (так называюць луг вёскі) на адлегласці 200—300 м ад Падліпцаў працякае рэчка Лакнея, што апаясвае вёску з захаду і поўдня ў бок вёскі Бязверхавічы. Цераз раку зроблены два масты. На поўначы ад вёскі праз мост праходзіць гравійка, на поўдні — чыгуначны мост. У месцы павароту рэчкі на ўсход у яе ўпадае прыток Лакнеі, які цячэ каля вёскі Старцавічы (цяпер Знамя).

На поўнач ад вёскі размяшчалася кузня, дзе працавалі і ў ваенны час. А ў пасляваенныя гады яе знеслі, пабудавалі новую, за вёскай, на калгасным двары. Першым кавалём працаваў Хведар Янковіч (Кавалёвых), які жыў непадалёк ад кузні.

Побач з кузняй размяшчалася школа, якая складалася з аднаго пакоя. Пасля, яшчэ да вайны, яе перанеслі на ўсход ад вёскі. Да рэвалюцыі 1917 г. дзеці хадзілі ў школу толькі зімою, а вясною і летам дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Таму і казалі, напрыклад, «я скончыла адну зіму школы». Маці Івана Барцэвіча, Таццяна Гурбо, скончыла тры зімы царкоўна-прыходскай школы, а наша бабуля Арына Шахновіч — дзве.

Новая школа мела два класныя пакоі і пакой для вясковага настаўніка. У той школе вучыўся Іван Барцэвіч, Іван Ляткоўскі і іншыя вясковыя хлапчукі і дзяўчаткі.

Побач са школай быў клуб з калгаснай канторай, а паміж імі — дзіцячы сад-яслі, які размясцілі ў панскім доме, перанесеным з Манькова (туды адзін год таксама хадзіў маленькі Янка Барцэвіч).

У пасляваенныя гады за новай школай пачалі будаваць і новыя хаты. З’явілася яшчэ адна вуліца, якая цягнулася да вясковых могілак. Хаты ў Падліпцах былі аднатыпныя, стаялі па абодва бакі вуліцы. Пад адной страхой знаходзіліся хата, сенцы, прыклетнік, клець, падпаветка, хлеў (пагонная забудова). Некаторыя сядзібы з другога боку двара мелі яшчэ склеп, падпаветку. На новых вуліцах ставілі ўжо хаты з верандамі, а хлявы — асобна.

Паміж вясковымі агародамі і рэчкай размяшчаўся луг. Тут расла мяккая трава, усеяная прыгожымі рознакаляровымі кветкамі. Рэчка рабіла дугападобныя павароты. Берагі, асабліва вясною, былі забалочаныя. Да агародаў даходзіла балота, якое доўга не высыхала.

Бераг Лакнеі каля агародаў быў цвёрды і сухі. Называлі яго «поплаў». На ім людзі бялілі палотны. Займаліся гэтай справай у асноўным дзеці. Палатно складалі «гармонікам», неслі да рэчкі і апускалі ў ваду, а потым слалі на поплаве. Так паўтаралася, пакуль грэла сонца. За лета палатно станавілася бялюткім.

У рэчцы Лакнеі любілі купацца дзеці і дарослыя. Дно рэчкі было жоўтае, пясчанае. У вадзе, якая за дзень добра награвалася, было відаць, як плаваюць маленькія рыбкі.

Глыбіня Лакнеі была неаднолькавая, дзе-нідзе — глыбокія мясціны, «ямачкі», там дарослы мужчына, апускаючыся ў ваду, не мог дакрануцца нагамі да дна. Каля Падліпцаў былі тры такія ямачкі: Каранейчавых, з паўночнага канца вёскі, далей на поўдзень — Ярмачковых ямачка, і трэцяя — Убранцавых (нашых родзічаў).

Поле за рэчкай называлі Карыціна, а недалёка ад Карыціна знаходзілася поле Паленава. На поўнач ад вёскі размяшчаўся луг, які называлі Маргі. Там была крыніца з чыстай халоднай вадою. За Маргамі — яшчэ адзін луг. Яго перасякаў забалочаны ручай. Гэтае месца называлі Конскае плёса. Вясною праз яго можна было праехаць толькі вярхом на кані (вада даставала каню да жывата).

За Конскім плёсам распасціраліся вялікія абшары балот. Яны таксама мелі назву — Далёкія. Там нарыхтоўвалі сена, якое складалі ў стагі, а зімою звозілі ў вёску. На ўсход ад Далёкіх знаходзіліся Капані — альховы лясок на балоце. Капані лічыліся «балотным гарадзішчам». У ім хаваліся на працягу некалькіх вякоў у часы ліхалецця ад набегаў татар, шведаў і іншых заваёўнікаў. Сенакосу на Далёкіх было амаль 70 гектараў.

На паўднёвы захад ад вёскі Падліпцы расце невялікі лес пад назвай Востраў. Калісьці ён быў акружаны вадою. І цяпер вясною з-за забалочанасці да яго нельга дайсці. З аднаго боку лесу расло шмат валяр’яну, які вяскоўцы капалі, а сушаны корань здавалі ў слуцкую аптэку.

У 1937 г. на Востраве адбылася Рэспубліканская маёўка. Прысутнічалі на ёй чыноўнікі з раёнаў і з Мінска. Адкрываў маёўку Мікалай Галадзед, старшыня Савета народных камісараў БССР.

З гэтай нагоды лес упрыгожылі плакатамі, напісанымі на фанеры, прымацаваўшы іх да дрэў. На лясных сцежках стаялі гандлёвыя латкі, дзе прадавалі квас, сітро і іншыя напоі, цукеркі, пячэнне. Дзецям цікава было збіраць прыгожыя абгорткі ад цукерак, і яны радаваліся, калі камусьці ўдавалася назбіраць іх больш за іншых. Пасля маёўкі некаторыя маглі праехаць на цягніку да мяжы з Польшчай, да станцыі Цімкавічы. Адсвяткаваўшы, вяскоўцы здымалі з дрэў тыя плакаты з фанеры, наводзілі парадак у лесе.