Час быў трывожны. Як ўзгадвае Іван Васільевіч Барцэвіч, восенню папаўзлі чуткі, што Мікалая Галадзеда арыштавалі як ворага народа. Цяпер ужо мы ведаем, што 14 чэрвеня 1937 г. падчас чарговай «чысткі» М. Галадзед сапраўды быў арыштаваны ў Маскве і абвінавачаны як удзельнік нацыяналфашысцкай арганізацыі. У 1956 г. савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч Мікалай Мацвеевіч Галадзед рэабілітаваны і адноўлены ў партыі.
...На паўднёвым баку Падліпцаў у балоце было шмат торфу. Кожная сям’я, у тым ліку і наша, працавала на сваім надзеле. Капалі торф адмысловымі разакамі, цаглінкі торфу складалі ў «хаткі» па дзве штукі. А калі торф падсыхаў, то «хаткі» рабілі большыя — па шэсць цаглінак у кружок на 5-6 паверхаў. Звозілі торф у канцы лета на конях, а ў пасляваенны час — на валах, бо коней у калгасе не хапала. На шыю вала надзявалі ярмо і запрагалі ў воз.
У 1950-я гг. балота асушылі. У выніку знікла тое разнатраўе, якое вабіла вока. Цяпер усе балоты ўзараны. Пасля заканчэння меліярацыі праз асушанае балота праклалі дарогу паміж Старцавічамі і Падліпцамі. Пабудавалі масты на рэчцы Лакнеі і яе прытоку. Дарога спачатку была насыпная, а праз некалькі гадоў яе заасфальтавалі.
У Слуцк ездзілі па «стаўбавой» дарозе. Яна так называлася таму, што з аднаго боку стаялі слупы з тэлефонным дротам. Цяпер драўляныя апоры спілены. Дарога гэтая страціла сваё значэнне, бо пабудавалі новую асфальтавую праз вёску Сярагі. А былая «стаўбавая» выкарыстоўваецца цяпер аграфірмай «Лучнікі» для палявых работ.
Вернасць
У 1991 г. мы з сяброўкай, калегай і хроснай маці маёй Насцечкі Інай Уладзіміраўнай Тамай паехалі ва Украіну да яе родзічаў. Наведалі Івана-Франкоўскую, Хмяльніцкую, Цярнопальскую вобласці.
Пабывалі ў Шапятоўцы ў музеі Паўкі Карчагіна, галоўнага героя твора «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага. Бачылі звычайны жалезны ложак, на якім прайшлі апошнія гады жыцця героя грамадзянскай вайны, машынку, на якой быў надрукаваны той добра вядомы нашаму пакаленню раман.
У старажытным украінскім горадзе Ізяславе я пазнаёмілася з бабуляй Іны, удавой чырвонаармейца, камісара марской пяхоты. У пакоі на стале стаяў фотаздымак маладога афіцэра. І вось гэтая пажылая жанчына кожны дзень віталася з фотакарткай: «Доброго ранку!» І гаварыла: «Дабраніч!»
Няпроста склалася жыццё Марыі Мікітаўны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яе муж служыў начальнікам Аркадзіеўскага раённага ваенкамата ў Адэсе. У першыя дні вайны сем’і вышэйшага каманднага саставу спешна эвакуіравалі. Сям’я Якава Пятровіча не ўваходзіла ў гэты спіс. Але афіцэр знайшоў машыну і ноччу, амаль тайна, вывез жонку з дзвюма дачушкамі — трохгадовай Алай і гадавалай Тамарай — на вакзал і пасадзіў у цягнік, які накіроўваўся з Адэсы ў Сталінград. Жанчына яшчэ не ведала, што яна цяжарная трэцім дзіцем: дачка Святлана народзіцца ў пачатку 1942 года ў эвакуацыі. У дарозе ці інтуіцыя спрацавала, ці вышэйшыя сілы спынілі, але Марыя Мікітаўна вырашыла выйсці з цягніка. «Навошта ехаць у Сталінград. Лепш да родных, на Урал», — падумалася ёй.
Бацька Марыі, Мікіта Карнеевіч, жыў у пасёлку Чусавая ў Пермскім краі, куды ён быў высланы ў 1929 г. разам з жонкай Анастасіяй і старэйшай дачкой Ефрасінняй.
За старанную працу яго перад вайной абралі брыгадзірам, а дачка Ефрасіння працавала загадчыкам фермы. Але Марыя пра іх пакуль нічога не ведала, як не ведала і таго, што яе маці ўжо няма на свеце, а бацька жыве з другой, маладой жонкай.
...Жанчына доўга сядзела на незнаёмай станцыі. Цягнікі праносіліся не спыняючыся. Яна пачала ўжо вагацца, ці правільна зрабіла. Раптам да яе падышоў чалавек у цывільнай вопратцы, які ўжо даўнавата назіраў за ёю. Спытаўся, ці ёсць у яе «ліцера». Марыя адказала, што не ведае, што гэта такое. Хоць насамрэч муж забяспечыў яе неабходнымі дакументамі, але яна баялася наклікаць на мужа бяду.
...Здарылася нечаканае. Незнаёмец змог пасадзіць жанчыну з дзецьмі на цягнік, які рухаўся на Урал, у Салікамск. Сказаць, што ў дарозе з дзецьмі было нялёгка — гэта нічога не сказаць.
За Масквою цягнік спыніўся. Скамандавалі пакінуць вагоны — пачыналася бамбёжка. Марыя схапіла Алу за руку, а гадавалую Тамару падхапіў вайсковец і яны выбраліся з цягніка. Пакуль беглі, хаваліся ад бомбаў — згубілі адзін аднаго. Цэлую ноч жанчына не ведала, дзе яе дзіця. І толькі раніцай, калі пачалі збірацца каля сваіх вагонаў, жанчына ўбачыла знаёмага вайскоўца з яе дачкою на руках.