Даехалі да Салікамска, адкуль яе з дзецьмі забраў Мікіта Карнеевіч. Марыя пражыла ў бацькі з мачыхай літаральна пару дзён і перайшла на кватэру да старэнькай жанчыны па прозвішчы Папова. Жылі з ёю дружна. Бабулька дапамагала гадаваць дзяцей, якіх стала ўжо трое. Рызыкуючы ўсім, старалася і сястра Марыі, Ефрасіння, якая прыносіла дзецям па кроплі малака. Сама ж жанчына амаль кожны дзень хадзіла за 10 км па талерку супу, які спецыяльна варылі для афіцэрскіх жонак і дзяцей. Дзякуючы гэтаму і выжылі.
У 1944 годзе, пачуўшы па радыё, што родная Шапятоўка вызвалена Савецкай Арміяй, Марыя Мікітаўна адразу сабралася ў дарогу. Да Масквы дабраліся больш-менш нармальна. Застаўшыся ў тапачках, абмяняла на хлеб дзве пары чаравікаў, якія ўдалося зберагчы ў эвакуацыі. Выехаць ва Украіну было амаль немагчыма, ішлі толькі грузавыя цягнікі. І жанчына рашаецца на крайняе — садзіцца на металічную счэпку паміж вагонамі. Уладкаваўшы шасцігадовую Алу паміж сваіх ног, загадала ёй моцна трымацца за нагу, а сама рукамі абхапіла чатырохгадовую Тамару і двухгадовую Святлану. Трэба было сядзець і не варушыцца, моцна ўпіраючыся нагамі — інакш упадзеш і загінеш. Больш за суткі не звяла вачэй. Бачыла трагічны выпадак, калі жанчына, якая сядзела насупраць, толькі на хвілінку задрамала — і тут жа апынулася пад коламі цягніка.
З Божаю дапамогаю, мужна вытрываўшы цяжкасці, дабраліся да Шапятоўкі. А там свае праблемы. Да канца вайны яшчэ было далёка, а тут хапала «бандэраўцаў», якія не шкадавалі сем’яў савецкіх афіцэраў. Уначы даводзілася трымаць каля ложка дзве сякеры:
— Хто паткнецца, засяку адразу!
Абышлося. А пасля Перамогі стала спакайней. Наладжвалі жыццё, чакалі з фронту родных. Марыя ведала, што ёй няма каго чакаць: пахавальны ліст атрымала яшчэ на Урале, дзе гаварылася, што яе муж, Якаў Пятровіч Вінакураў, загінуў пры высадцы марскога дэсанта ў 1943 годзе.
Марыя Мікітаўна адна выгадавала трох дачушак, дапамагла кожнай з іх атрымаць вышэйшую адукацыю. Так і не выйшла замуж, хоць сваталася шмат прыстойных кавалераў. Дажыла да 90 гадоў, лічачы, што муж патануў падчас абстрэлу ў моры. Дарэчы, яшчэ ў маладосці паспрабавала адзін раз адпачыць на моры, але не змагла. Увесь час жанчыне здавалася, што вада вось-вось выкіне на бераг яе мужа. А таму праз дзень сабралася дадому і на мора ніколі больш не ездзіла: балюча. Не стала Марыі Мікітаўны ў 2006 годзе.
А ў 2008 годзе, калі ў Падольску адкрыліся звесткі архіва Міністэрства абароны РСФСР, стала вядома, што Якаў Пятровіч Вінакураў загінуў на караблі і пахаваны з усімі ўшанаваннямі на вайсковых могілках у Новарасійску.
Але Марыя Мікітаўна так і не даведалася пра гэта, кожны дзень размаўляючы з партрэтам, як з жывым.
Гэтая жаночая вернасць, пранесеная праз гады, настолькі мяне ўзрушыла, што вяртаючыся ў Мінск, яшчэ ў цягніку, я запісала свае думкі. І нічога не правіла ў гэтым вершы.
Вернасць
Удаве камандзіра Чырвонай Арміі Марыі Мікітаўне Сапранюк
Пра гэта ведаў толькі
Бог,
Як ты чакала Перамогі.
І як маліла ўсе
дарогі
Вярнуць яго на свой
парог.
Пра гэта ведаў толькі
Бог.
Яшчэ — маленькія дачушкі.
Душылася слязьмі
ў падушку
І лёс маліла, каб збярог.
Ды не пачуў малітвы Бог.
У дваццаць сем ужо ўдава.
Навошта словы суцяшэння,
Жанок вясковых
галашэнне?
Пакрыта срэбрам галава.
У дваццаць сем ужо ўдава.
...Чарнела сонца
ў вышыні,
І сохлі мальвы каля хаты.
Дамоў вярталіся
салдаты,
А ты не бачыла
вясны:
Магутны Бог,
яго вярні!
І з той пары
да гэтых дзён
Пранесла вернасць
у расстанні,
Святое, чыстае каханне,
Як светлы і чароўны сон.
І войнам жудасным праклён.
Р. S. Прайшло два гады пасля таго, як сям’я даведалася, што ёсць месца пахавання бацькі, дзеда і прадзеда. Дочкі Ала, якая жыве ў Ізяславе, Тамара, што ў Кіеве, і Святлана з Ноўгарада-Валынскага планавалі сабрацца разам і наведаць магілу бацькі. Але жыццёвыя абставіны не дазволілі паехаць адразу, потым у адной з іх памёр муж і паездка зноў адклалася.