Выбрать главу

Наша калега, настаўнік гісторыі слуцкай СШ № 10 імя С. Ф. Рубанава, Наталля Аляксандраўна Сівідава, якая паехала наведаць маці ў Славянск Краснадарскага краю, вырашыла адшукаць магілу дзеда Іны Тамай.

9 мая 2010 года Іне Уладзіміраўне пазванілі з Новарасійска: «Іна, я стаю каля магілы твайго дзеда. Я прывезла яму ружы і паклон ад цябе.»

Так і сябруем мы па жыцці: Пшанічныя і Падліпскія — беларусы, Тамаі — украінцы, Сівідавы — рускія, з Кубані. Наталля Аляксандраўна праехала са Славянска больш за 100 км, каб адшукаць магілу невядомага ёй вайскоўца з Украіны і пакланіцца яму. Вось і ўся палітыка. Чалавечнасці, жыцця і вернасці.

Дом творчасці «Іслач»

1 сакавіка 1999 года. Сёння я прымаю ўдзел у творчым пісьменніцкім семінары, які адбываецца ў Доме творчасці «Іслач». Выехала вельмі рана са Слуцка. І ўжо каля 8 гадзін раніцы была ў Мінску. Адразу паехала ў Дом літаратара, на Фрунзе, 5. Там нас, маладых і творчых людзей, сталыя пісьменнікі сустрэлі вельмі прыязна. Было яшчэ багата вольнага часу, і я паступова пазнаёмілася з астатнімі ўдзельнікамі семінара. У 12 гадзін дня мы на двух аўтобусах накіраваліся ў «Іслач». Так атрымалася, што ад Мінскай вобласці ў семінары ўдзельнічала я адна. Пасялілі мяне ў цудоўным, двухузроўневым нумары, чамусьці запомнілася — № 45.

На першым паверсе — гасцёўня з пісьмовым сталом і тэлефонам. Тут, на ўтульнай канапе, мы вечарамі размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі ад работы секцый з маладымі творцамі з Віцебскай і Гомельскай абласцей, дзяўчатамі, некаторыя з якіх былі маімі калегамі, таксама настаўнікамі беларускай мовы — Аленай Гінько, Аленай Несцяронак, Вольгай Шкурдзюк, Інесай Буднік. Выбіралі вершы, каб аддаць іх у часопісы «Маладосць» і «Полымя», штотыднёвік «ЛіМ».

Другога сакавіка пачалася работа па секцыях. Секцыю паэзіі, куды размеркавалі і мяне, праводзіў Леанід Дранько-Майсюк. Ён даваў час кожнаму з нас, маладых, на прачытанне тых твораў, якія мы прапаноўвалі на разгляд секцыі. Тактоўна разбіраў кожны твор, кожны вобраз, далікатна падказваў. І мы, нанава перачытаўшы радок, бачылі, што так, як сказаў сталы і таленавіты аўтар, наш старэйшы сябар, сапраўды лепш.

Такія семінары былі сапраўднай школай майстэрства для нас, будучых творцаў. І не толькі ў Іслачы. Раз на два гады літаратурныя семінары праводзілі ў купалаўскіх Акопах, на Лагойшчыне. Шкада, што цяпер гэтая традыцыя перапынена.

З другой групай паэтаў працавала Галіна Каржанеўская, а секцыю празаікаў вёў Генрых Далідовіч. Два дні ішла работа секцый. Вядомы журналіст Пятро Сабіна запісаў нас, маладых літаратараў, на радыё.

Чацвёртага сакавіка работа семінара завяршалася. Мне даручана было выступіць са словам у адказ прадстаўнікам Саюза пісьменнікаў. Ад імя мала­дых творцаў я падзякавала за цікавы і неабходны семінар, за майстар-класы, праведзеныя для нас, за магчымасць надрукавацца ў часопісах, за запісы на радыё. Увогуле, скажу шчыра, дзякаваць было за што. Усе мы пакідалі семінар акрыленыя і гатовыя тварыць далей.

...У гэты ж вечар, выйшаўшы каля Дома літаратара з аўтобуса, я пачула, як мяне паклікаў Яўген Каршукоў. І праз некалькі хвілін я трымала ў руках бланкі заяў і пералік дакументаў, якія нам з сястрой Таісай Трафімавай неабходна было сабраць для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Вось такая гісторыя толькі аднаго семінара, а іх, перш чым стаць сябрам СПБ, мне пашчасціла наведаць дзясяткі.

...На жаль, сёння мы ўжо не можам пахваліцца, што ў нас, пісьменнікаў, ёсць свой Дом адпачынку. Далёка ў мінулым засталася наша «Іслач», але яна была.

Паэткам

Журбой калін,

                   святлом бяроз

Асвечана зямля мая.

Шчаслівы лёс —

                        зайздросны лёс! —

Сцвярджаць сябе

                         зямлянамі.

Тутэйшыя і моцныя

Карэннямі і кронамі.

І слову маці —

                    верныя,

І дрэвам —

                сёстры кроўныя.

І іншага не дадзена,

Бо прамаўляем душамі.

Агнём каліны

                  спраўджваем,

Святлом бяроз —

                         абуджваем.

«Боль той даўні...»

Мама, я вельмі рада, што змагла спазнаць у сваім жыцці «вялікае, зямное» каханне. І нават калі яно падарыла мне не толькі найвялікшае шчасце, але і найвялікшы боль, усё роўна я шчаслівая. Не кожная жанчына можа смела сказаць: так, я кахала і была каханаю.

Гэтае пачуццё заўсёды дае сілы жыць і тварыць, робіць самай прыгожай жанчыну, а калі жанчына — паэт, то нараджаюцца новыя вершы. Быццам пра мяне некалі трапна сказала шаноўная Раіса Баравікова: «Боль той даўні — мой найлепшы верш!»