Выбрать главу

А пра ўсё астатняе, мама, лепш я скажу радкамі.

Бывай

Яшчэ нядаўна цешыла цяпло,

А зараз — толькі холадам і вее.

Зноў нашы сцежкі снегам замяло —

Над горадам — каторы дзень! — завея.

Пара было б прывыкнуць да зімы.

Пара. І не трывожыцца у скрусе.

І даць магчымасць светлай завірусе

Завеяць сны, пачуцці і шляхі.

Даверыць ёй, мяцеліцы-кудасе,

Наладзіць баль расстайны, не памінкі.

Кахання боль непадуладны часу.

Ён нам заўсёды — вечным напамінкам.

Маім кастрам рабінавым гарэць.

Ды, мабыць, і стагоддзяў мне не хопіць,

Каб сэрца заінелае сагрэць.

Бывай. У шчасця літасці не просяць.

Горкі пацалунак

Я разумею: ты — даўно не мой,

Не трэба шчасця нізкага гатунку.

Стараешся зрабіць мяне нямой,

Апёкшы вусны горкім пацалункам.

Што ж, прамаўчу. Хоць вельмі прыкра мне,

Што стала нам і холадна, і цесна.

Хай журавы загадкавай вясне

Спяюць самотна развітання песню.

На вальс запросіць жоўты лістапад.

Адорыць срэбрам снежань пасівелы

І замяце шляхі ў дзівосны сад,

Дзе прыпамін жыве цнатліва-белы.

Жыла табой. А ты — даўно не мой.

Паэзія — адзіны паратунак.

Гарыць рабіна снежнаю зімой,

Як той апошні, горкі пацалунак.

Памятны 2004 год

1 верасня 2004 года. Гэтую дату памятаюць цяпер многія. У той дзень падчас урачыстай лінейкі адбыўся тэракт у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 1 горада Беслана, што ў Паўночнай Асеціі. Тры дні тэрарысты трымалі дзяцей і дарослых у замініраванай школе, з першага дня расстрэльваючы заложнікаў, якіх, па некаторых звестках, загінула 338 чалавек. У першы дзень былі забіты ўсе дарослыя мужчыны. Заложнікаў не падпускалі да кранаў з вадой, забаранялася праносіць у школу ежу і ваду.

На другі дзень у выніку перамоў удалося вывесці з будынка школы 12 жанчын з груднымі дзецьмі.

3 верасня прагрымелі выбухі, праз некаторы час абваліўся дах школы і пачаўся вялікі пажар.

Бой доўжыўся каля 13 гадзін. Байцы падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння «Альфа» і «Вымпел» як маглі дапамагалі заложнікам выбірацца з будынка, ахопленага агнём, выступаючы жывым шчытом, закрывалі сваімі целамі дзяцей ад куль. 10 вайскоўцаў загінулі. Іх родныя дзеці так і не дачакаліся бацькоў у той дзень са службы. Самаму старэйшаму з герояў было 39, самаму малодшаму — 23, тыдзень таму ажаніўся.

Вечная памяць ахвярам і вечная слава героям Беслана!

Цяпер 2014-ы. І тыя першакласнікі, якім пашчасціла выжыць, сёлета закончылі школу. Жыццё працягваецца. Ды боль мінулай трагедыі не адпускае. У горадзе ўсталяваны помнік загінулым у тыя трагічныя вераснёўскія дні — «Дрэва смутку»: чатыры матулі, узяўшыся за рукі, узнялі іх увысь, а над імі, як птушкі, ляцяць у неба душы страчаных дзяцей. І ў кожнага з іх за спінаю крылы, нібы ў анёлаў.

Прайшло дзесяць гадоў, а мая душа не пакідае балець. І за гэтых ні ў чым не вінаватых асецінцаў, і за простых чачэнцаў, якім даўно хочацца міру і спакою. Я ведаю гэта. Я была там.

Так, мама, 6 верасня 2004 года, калі яшчэ не былі пахаваныя ўсе загінулыя, воляю лёсу я апынулася паблізу Беслана, у невялікім чачэнскім пасёлку, а праз дзень — у Ханкале. Мне давялося бачыць слёзы на вачах у суровых камандзіраў і дзікі, нечалавечы боль на тварах родзічаў пацярпелых у той бесланскай трагедыі. І слухаць расказы афіцэраў, якія толькі што вярнуліся з Беслана, як амаль па кожнай вуліцы плывуць пад крыкі і галашэнне труны.

Тут, у Ханкале, дзе чатыры гады таму была адкрыта база расійскіх войскаў, жывуць сваім асаблівым жыццём аэрадром, шпіталь і першая праваслаўная на тэрыторыі базы капліца. Тут яшчэ не забыліся пра верасень 2001-га і збіты над Ханкалой верталёт Мі-8 з камісіяй Генштаба, калі загінулі два генералы і восем палкоўнікаў. Яшчэ свежыя, балючыя ўспаміны двухгадовай даўніны, калі ў жніўні 2002-га пры пасадцы ракетай з ПЗРК «Ігла» быў збіты ваенна-транспартны верталёт Мі-26, які ляцеў з Маздока. 124 чалавекі са 154-х загінулі.

Тут не забыліся і пра многае іншае, што было ўчора, пазаўчора ці год таму. Тут развітваюцца за руку, калі па службе трэба ад’ехаць на паўгадзіны, і зноў за руку вітаюцца па вяртанні. Тут ніколі не прамаўляюць слова «апошні». Тут трэцяя чарка выпіваецца не за каханне, як там, на радзіме, а за тых, каго ўжо няма сярод іх, за загінулых сяброў. Тут не хаваюцца за чужыя спіны, а закрываюць сабой. Тут ведаюць, што такое кодэкс афіцэрскага гонару. Тут. Тут я стала іншай і ўжо ніколі не буду ранейшай.