Выбрать главу

Рубежнае, Наурская, Надцерачная, Мінеральны, Калінаўская, Чарвлёная, Знаменскае, Талстой-Юрт, Гудэрмес, Аргун, Ханкала, Грозны, Урус-Мартан, Шалі — гэтыя назвы чачэнскіх мясцін, дзе давялося быць і адкуль пашчасціла вярнуцца, і сёння жывуць зарубкай на сэрцы.

Ідуць гады. І яшчэ больш прыходзіць усведамленне ўсяго перажытага. Да гэтага часу ўважліва сачу за падзеямі там, дзе засталіся мае сябры, з асцярожнасцю ступаю на траву і берагу як свяшчэнную памяць атрыманую з рук генерала дарагую для мяне ўзнагароду — знак «За службу на Каўказе».

Ты вернешся!

Наш тэлефон маўчыць

                                каторы дзень.

Усім багам малюся

                            ў спадзяванні,

Што ворага жахлівы

                             чорны цень

Адступіцца, адыдзе і —

                                   растане.

Ты вернешся.

Ты выжывеш.

Не зломяць баевікі

                            твой афіцэрскі дух.

А горы смерць-неспадзяванку

                                            тояць.

А горы — сыплюць кулямі

                                       наўкруг!..

І вобраз Яраслаўны праз

                                     гады

Мне стаў такі да болю

                                зразумелы.

О, адгукніся, любы,

                               дарагі!

Я ўжо ад невядомасці

                                 нямею.

О неба, сведка войнаў,

                                 перамог,

Твой Млечны Шлях, я ведаю, —

                                              ад Бога.

Вярні! З усіх крывавых

                                 пройдзеных дарог

Вярні майго... Вярні яго...

                                      Жывога.

Дзень Перамогі

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі мне ўдалося пагаварыць з бацькам і нават запісаць яго ўспаміны. Інтэрв’ю з ветэранам Вялікай Айчыннай і ветэранам педагагічнай працы Іванам Паўлавічам Янучком убачыла свет у навуковым і метадычным часопісе «Роднае слова», які наш бацька, настаўнік роднай мовы і літаратуры, выпісваў з першага нумара.

Доўгімі зімовымі вечарамі, калі клопатаў па гаспадарцы было няшмат, бацька напісаў для нас, яго дзяцей ад першага шлюбу, некалькі сшыткаў успамінаў, якія сёння проста бясцэнныя.

...Нарадзіўся наш бацька ў 1923 г. у вёсцы Сярагі Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Хата была старэнькая, таму бацькі купілі ў суседняй вёсцы зруб, перавезлі яго і заснавалі хутар паміж вёскамі Сярагі і Падліпцы. Недалёка, каля лесу, знаходзіўся пасёлак Манькова, у якім налічвалася дзевяць гаспадарак.

Так сталася, што нашага бацьку Івана і яго малодшага брата Пятра матуля Арына Адамаўна выхоўвала адна. Старэйшы сын Іван імкнуўся да ведаў, марыў стаць настаўнікам. Маці аддавала апошняе, каб вывучыць сына.

Вясной 1939 г. Іван закончыў 7 класаў Сяражскай няпоўнай сярэдняй школы, а восенню паспяхова здаў уступныя экзамены і паступіў у Слуцкае педвучылішча. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў закончыць толькі два курсы. Як успамінае бацька, вучоба давалася лёгка, хоць студэнты жылі бедна, галаднавата. Грошай не хапала на самае неабходнае. Стыпендыю атрымлівалі толькі выдатнікі, а іх налічвалася ў групе 2-3 чалавекі.

Слуцкая электрастанцыя працавала тады на торфе, таму нярэдка здараліся перабоі са святлом. Часта вечарамі ў інтэрнаце яго проста не было, а таму навучэнцы адчувалі цяжкасці ў падрыхтоўцы дамашніх заданняў. А вучыцца вельмі хацелася. І моладзь старалася, аднак планы перакрэсліла вялікае гора, што абрынулася на людзей.

...Вайна пачалася амаль у бацькаў дзень нараджэння. 21 чэрвеня 1941 г. яму споўнілася 18 гадоў. Хлопцаў 1923 года нараджэння на пачатку вайны не мабілізоўвалі ў рады Чырвонай Арміі. Усе тры гады акупацыі Івану давялося жыць і працаваць у пасёлку Манькова на сельскай гаспадарцы, трымаючы сувязь з партызанамі. І праз дзясяткі гадоў бацьку было страшна пра гэта ўспамінаць. Ён часта здзіўляўся, як застаўся, ацалеў іх маленькі лясны пасёлак Манькова. Ён мог бы стаць другой Хатынню.

Бацька часта ўспамінаў той дзень, калі 30 чэрвеня 1944 г. Чырвоная Армія вызваліла Слуцк. З вялікай радасцю, хваляваннем і слязьмі на вачах сустракалі жыхары Случчыны нашых байцоў і камандзіраў, абдымалі і цалавалі сваіх вызваліцеляў.

Стаяла гарачая летняя спёка. Ваенныя падраздзяленні ўсімі дарогамі рухаліся па слуцкай зямлі на Захад. Байцы Чырвонай Арміі, стомленыя, запыленыя, з перасохлымі вуснамі, стараліся хутчэй дапасці да калодзежа, каб напіцца халоднай вады. У кожнага на грудзях зіхацелі баявыя ўрадавыя ўзнагароды.