Выбрать главу

Бацька прыгадваў, як аднойчы надвячоркам, калі ўжо прыйшлі каровы з пашы, з’явіліся вызваліцелі ў Манькове. Яны рухаліся прасёлачнай дарогай з Сяраг на Падліпцы. Многа салдат ішло пешшу, некаторыя ехалі на грузавіках. Спявалі ваенныя песні, смяяліся.

Бабуля Арына толькі што падаіла карову, увайшла ў хату, каб працадзіць малако. Раптам у хату заскочыла трое радавых. Бабуля прапанавала ім выпіць па кубачку сырадою. Двое салдат напіліся, а трэці не паспеў: трэба было тэрмінова рухацца наперад па ўказаным маршруце.

Малады лейтэнант заўважыў у бабуліным двары авечак (іх было чатыры). Ён папрасіў у бацькі дазволу ўзяць адну з іх на вячэру салдатам. Той прапанаваў любую з чатырох. Салдаты ж пакінулі ў двары маладую, вельмі змучаную паходам кабылу. Бацькаў брат Пятрок даглядаў яе, вадзіў на пашу, і праз некаторы час кабыла пайшла на папраўку. Пазней яе здалі ў калгас, яшчэ да бацькавага вяртання з фронту.

Пасля вызвалення Слуцка мужчын адпаведнага ўзросту, якія жылі на акупаванай ворагамі тэрыторыі, прызвалі ў армію. 7 ліпеня 1944 г. усе мабілізаваныя з вёсак Сярагі, Падліпцы, пасёлка Манькова павінны былі да 11 гадзін прыбыць на зборны пункт, што размяшчаўся ў вёсцы Старцавічы (цяпер вёска Знамя), якая знаходзілася за Падліпцамі. Акрамя бацькі з Манькова на фронт пайшло яшчэ шэсць чалавек: Іван Чыжэўскі, Ярафей Шахновіч, Андрэй Яўсеенка, Міхаіл Амбражэвіч, Васіль Пушкарэнка, Яўген Бараноўскі.

За ноч бабуля Арына пашыла сыну паходны мяшок, які да раніцы быў напоўнены няхітрым скарбам. Раніцай 7 ліпеня 1944 г. уся сям’я хвалявалася, збіраючы салдата ў дарогу. Маці надзела сыну на шыю бліскучы срэбны крыжык, пацалавала, заплакала, благаславіла, каб Бог збярог у паходзе і на фронце, каб жывым вярнуўся да сваёй сям’і.

Да драбніц запомнілася бацьку тое развітанне. Ён падзякаваў матулі за ўсё і пацалаваў яе правую маршчыністую руку. Разам з фотакарткамі паклаў у запісную кніжачку маленькі абразок Мікалая Цудатворцы. Вопратка на прызыўніку была зусім старая, зацыраваная. Лепшае адзенне пакінуў свайму брату Пятру. Селі за стол снедаць. Крыху перакусілі, і бацька пачаў збірацца. Плакалі ўсе.

Іван ускінуў на плечы рэчавы мяшок. Маці глянула яму ў вочы і са слязьмі сказала: «Дарагі мой сынок, выканай маю маленькую просьбу. Перахрысціся і пацалуй кожную ікону». Іконы размяшчаліся ў старэнькай манькоўскай хаце на сцяне. Іх было пяць. Сын не стаў пярэчыць, выканаў матуліну просьбу.

Неўзабаве ўся сям’я выйшла на вуліцу. Трэба было праходзіць паўз хату дзеда Паўла. І будучы салдат вырашыў усё ж зайсці развітацца, хоць той ужо даўно жыў у іншай сям’і. Яго бацька, наш дзед Павел, сказаў тады: «Сынок, калі ты будзеш паранены, няхай рана будзе несмяротнай». Ніхто і не падумаў, што гэтыя дзедавы словы стануць прарочымі.

...На зборным пункце, праводзячы родных на фронт, плакалі ўсе: і падлеткі, і старыя. Людзі благаслаўлялі блізкіх, жадалі здароўя і салдацкага шчасця ў паходах і на вайне.

Праз некаторы час давялося развітацца з роднымі, бо прызыўнікоў хутка пастроілі і павялі ў Слуцк. Там размясцілі ў былым ваенным гарадку па вуліцы Валадарскага. Заснуць будучыя салдаты ў тую ноч не змаглі, бо нямецкія самалёты бамбілі горад.

Раніцай 8 ліпеня 1944 г. іх павялі са Слуцка ў кірунку Сіняўкі.

Бацька прыгадваў, што тады іх размясцілі непадалёк ад Сіняўкі, у лесе. Дарэчы, гэта былі родныя мясціны нашага дзеда Паўла, які родам з вёскі Туча, што недалёка ад Сіняўкі Клецкага раёна. Там прастаялі амаль тыдзень. Жылі ў шалашах. Трэба сказаць, што жанчыны, даведаўшыся, дзе спыніліся навабранцы, прыязджалі да іх, а некаторыя, каб праведаць сваіх мужоў, увогуле дабіраліся пехатою.

Мы ведаем, мама, што і Вы таксама наведалі бацьку. У той трывожны ваенны час змаглі яшчэ раз убачыцца з мужам перад адпраўкай на фронт, прывезлі салдату самае неабходнае — бялізну, сыр, кавалак сала. Бацька гаварыў нам, што пра гэта ён памятаў усё сваё жыццё і быў вельмі ўдзячны Вам за клопаты.

Потым ізноў рушылі ў дарогу. Ішлі салдаты доўга. Днём адпачывалі, лячылі на нагах крывавыя мазалі, а ноччу рухаліся, робячы невялікія прывалы. Як пасля аказалася, іх вялі на вызваленне польскай сталіцы Варшавы. Бацька добра памятае падліпскіх хлопцаў, якія ішлі побач з ім: Уладзімір Долбік, Іван Кірута, Іван Барцэвіч, Сямён Дубовік, Павел Шуманскі, Аляксей Жук, Іван Ляткоўскі, Анатоль Ляткоўскі, Іван Пятровіч (малодшы брат мамы, якога доўгі час пасля вайны лічылі прапаўшым без вестак. — З. П.), Васіль Кітун, Пётр Канончык, Грыша Канончык, Грыша Жук, Васіль Пунчык, Уладзімір Ажэўскі, Леанід Янковіч, Міхаіл Янковіч, Мікалай Паўлейчык, Іван Янковіч, Мікалай Пятровіч са сваім бацькам і многія іншыя.