Выбрать главу

На шляху былі гарады: Бяроза, Кобрын, Жабінка, Сядлец, Макабоды, Янаў-Мазавецкі, Венграў, Лосіцэ.

Некаторы час Іван Янучок знаходзіўся ў 197-м армейскім запасным стралковым палку, адкуль і трапіў на перадавую. Ваяваў у складзе 52-га стралковага палка 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту, якім камандаваў І. Д. Чарняхоўскі.

Далёка на захад часці іх злучэння не пайшлі. Ім давялося ўдзельнічаць у незвычайна жорсткіх баях ва Усходняй Прусіі. З баямі бралі гарады Інстэрбург (Чарняхоўск), Велау, Домнау.

З бацькавых успамінаў: «Пад Варшавай мы ў бой не ўступалі, а пайшлі ў зусім процілеглым кірунку, назад. Дайшлі да Пружан, Ваўкавыска, прайшлі правей Гродна, затымКаўнас, Вільнюс, Алітус, Кібартай, Эткунен, Марыямпаль, Інстэрбург. Такім чынам, прайшлі па тэрыторыі Літвы і апынуліся ва Усходняй Прусіі. Хутка ноччу нас накіравалі на пярэдні край, дзе давялося капаць траншэі, некаторы час стаяць у абароне, а затым па ўказанні камандавання з цяжкімі баямі рухацца па тэрыторыі Усходняй Прусіі (цяпер Калінінградская вобласць).

Праз некаторы час мне прысвоілі званне малодшага сяржанта. Я стаў камандзірам аддзялення. На перадавой людзі доўга не затрымліваліся. У час баёў салдаты і камандзіры хутка выходзілі са строю.

У маім аддзяленні ваявалі байцы розных нацыянальнасцей: Уладзімір Чыж (в. Вялікая Сліва Слуцкага раёна), Субоцін, Карымаў, Бальшакоў, Ягораў, Сахараў, Бернутайціс, Татарадзэ, Пятрок Грыцкевіч, Раман Гапановіч. Камандзір роты Хамза Гарыфавіч Сабітаў. Камандзір узвода малодшы лейтэнант Кучаран. Усе мы жылі дружнай сям ’ёй франтавікоў, бо мэты і задачы ў нас былі адны: перамагчы ворага. На дарогах і ў населеных пунктах, праз якія мы праходзілі, размяшчалася наглядная агітацыя: плакаты, на якіх было напісана: «Путь домой только через Берлин», «Дойдем до Берлина!». У маім аддзяленні некаторы час знаходзіліся два землякі: Гапановіч Раман Раманавіч (1925 г. н.) і Грыцкевіч Пётр Пятровіч (1924 г. н.). Яны загінулі ў баях пад Кёнігсбергам 17 студзеня 1945 г.

Каля Знаменскай бальніцы ў Слуцкім раёне высіцца помнік загінулым воінам. Не раз я падыходзіў да яго і ўглядаўся — залатымі літарамі сярод іншых прозвішчаў значылася: Гапановіч Р. Р (з вёскі Сярэднікі).

Побач з Лучнікоўскай школай Слуцкага раёна таксама стаіць помнік загінулым у барацьбе з фашыстамі. Я ніколі не праходжу міма, а здымаю шапку і іду каля кветніка па высыпанай сцежцы. З болем у сэрцы сярод шматлікіх прозвішчаў прачытваю: Грыцкевіч П. П. (з вёскі Варкавічы).

Часта прыгадваю той світанак 17 студзеня 1945 г. перад апошнім для іх боем. Мы адкрылі кансервы, укусілі па аднаму разу, Гапановіч Раман першы паклаў сваю лыжку ў свой рэчавы мяшок і выказаўся коратка: «Не хочацца есці, нас усё роўна паб’юць, а кансервы забяры, Янучок, у свой рэчавы мяшок, калі сустрэнемся пасля бою, тады і перакусім». Яго словы паўтарыў і салдат Грыцкевіч Пятрок. На вялікі жаль, не прыйшлося мне больш сустрэцца з імі пасля таго страшнага бою. Яны абодва загінулі. У час зацішша на перадавой я развязаў свой рэчавы мяшок, седзячы ў траншэі, глянуў на тую бляшанку кансерваў і адчуў, як нечакана пасыпаліся з вачэй слёзы. Я падумаў: «Вечная памяць вам, дарагія таварышы». Зняў шапку, перахрысціўся і пачаў даядаць тыя кансервы. Яшчэ доўга па твары цяклі слёзы. У хуткім часе я напісаў дадому ліст, у якім паведаміў, што не стала маіх баявых таварышаў Грыцкевіча і Гапановіча».

...У баях з фашыстамі наш бацька быў двойчы паранены. Першы раз — асколкам міны ў правую руку вышэй за локаць, калі іх падраздзяленне дапамагала польскім сялянам збіраць ураджай на пачатку жніўня 1944 г. Было гэта ў польскім пасёлку Люта, дзе байцы спыніліся, рухаючыся на Варшаву.

Другі раз атрымаў раненне ў твар пры наступленні на тэрыторыі Усход­няй Прусіі. Нямецкі снайпер пацэліў якраз у пераноссе. За секунду да гэтага салдат крыху павярнуў галаву. Магутная Боская сіла ўратавала байца: куля ўвайшла ў пераноссе і выйшла пад ніжняй сківіцай. Гэта здарылася 21 студзе­ня 1945 г. пад горадам Гумбінен (Усходняя Прусія). Амаль тры месяцы бацька праляжаў у шпіталі ў Каўнасе (Літва).

Прайшлі гады, але ніколі не забываў гвардыі малодшы сяржант ўмелыя рукі хірургаў. Асабліва часта прыгадваў загадчыка афтальмалагічнага аддзялення Лілію Лазараўну — вялікай душы чалавека, якая зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб вярнуць маладому байцу зрок. Ці ж не цуд, што наш Іван Паўлавіч ніколі не карыстаўся акулярамі і меў зрок «адзінку»!