Выбрать главу

У Год кнігі паважаны аўтар на дабрачыннай аснове падтрымаў фарміраванне фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, перадаўшы каля 700 экзэмпляраў сваіх кніг. З дапамогай Нацыянальнай бібліятэкі кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава распаўсюджаны ў бібліятэкі краіны і замежных дзяржаў — Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літвы, Расіі, Украіны, Канады, Злучаных Штатаў, Англіі, Францыі і інш.

Мы пазнаёміліся з Анатолем Статкевічам-Чабаганавым і яго творчасцю ў студзені 2010 г., калі ён завітаў у рэдакцыю «Роднага слова». Анатоль Васільевіч прынёс не проста рукапісы, а папярэднюю вёрстку адразу шасці тамоў свайго даследавання, прыкладна па 600 старонак кожны! Сказаць, што мы былі здзіўлены — не сказаць нічога. Упэўнена, што такога кшталту даследавання няма не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. І ўсё гэта плён нястомных пошукаў на працягу дваццаці гадоў. Апантана працуючы, пра публікацыі ў друку пэўны час не думаў. Г алоўнае было — адшукаць неабходныя звесткі, каб за пылам гісторыі не страціць унікальнай інфармацыі пра таго ці іншага прадстаўніка старажытнага роду.

Вось яна, рэдактарская ўдача — грунтоўны матэрыял з рук самога даследчыка! А будучы лаўрэат высокіх прэмій і атрымальнік шматлікіх узнагарод за свой сапраўдны духоўны подзвіг спакойна, з ветлівай годнай усмешкай назіраў за нашай збянтэжанасцю ад убачанай упершыню ў жыцці такой фундаментальнай працы. Ён, зразумела, ведаў сапраўдную цану зробленаму.

Ужо ў красавіку таго ж года ў раздзеле «Нацыянальная і сусветная куль­тура» пад рубрыкай «Вяртанне да вытокаў» чытачы часопіса «Роднае слова» змаглі пазнаёміцца з артыкулам «Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша»». Адразу адчулася жыццёвая праўда, інтэлігентная шчырасць, энергетыка радка, добрае веданне тэмы. Яно і зразумела. Аўтар распавядаў пра набалелае, перажытае ім і ягонымі продкамі. Прадстаўнікі старажытнага дваранскага роду спазналі ў жыцці горыч расчараванняў і трагедыю найвялікшых страт у пераломныя моманты гісторыі краіны.

Па сутнасці, пісьменнік паказаў праўдзівую гісторыю Айчыны ў асобах, раскрыў яе ў чалавеказнаўчым плане за пяць апошніх стагоддзяў. А гэта ўжо новы погляд на вывучэнне гісторыі, якую мы звычайна разглядаем праз прызму спосабу вытворчасці, ладу жыцця, значных падзей. Аўтар жа ідзе ад аповеду пра жыццё як звычайных людзей, якія проста жылі на гэтай зямлі, вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей, марылі і спадзяваліся на лепшае, а калі трэба было абараняць Айчыну, мужна змагаліся, не шкадуючы жыцця, так і вядомых, якія пакінулі адметны след у гісторыі. Як, напрыклад, мітрапаліт Кіеўскай і ўсяе Русі Грыгорый, архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іван, якія служылі справе духоўнасці ў XV—XVI стст., як вядомы акадэмік і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч, камандуючы ПДВ СССР генерал Казанкін. Кожны з герояў даследавання Анатоля Статкевіча-Чабаганава — рэальная, нявыдуманая асоба са сваім няпростым лёсам, пазначаным часам, у які давя­лося жыць.

Адразу захацелася больш даведацца пра наша мінулае. І пісьменнік не прымусіў ні нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, ні чытачоў доўга чакаць. У майскім нумары часопіса «Роднае слова» за 2010 г. быў апублікаваны наступны артыкул пра старажытны род Карафа-Корбутаў. З’явіліся аўтарскія публікацыі ў «Полымі», «Нёмане». І вось ужо на працягу амаль трох гадоў у часопісе «Роднае слова» існуе пастаянная рубрыка «Вяртанне да вытокаў», дзе Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядае пра шматлікія шляхецкія роды Беларусі, шчодра дзеліцца ўнікальным па сваёй сутнасці матэрыялам.

Неўзабаве адна за адной пачалі выходзіць з друку кнігі з заснаванай даследчыкам серыі «Летапіс беларускай шляхты». На беларускай мове — у «Родным слове», на рускай — у выдавецтве «Беларуская Праваслаўная Царква». Калі ўлічыць, што пісьменнік працаваў над серыяй кніг больш за дваццаць гадоў, то нічога дзіўнага тут няма. Захапляе іншае: навуковая дакладнасць, пацвярджэнне кожнага факта біяграфіі герояў твораў шматлікімі архіўнымі дакументамі, глыбіня і маштабнасць матэрыялу. Прасочаны лёсы дзясяткаў тысяч людзей! Вызначана аўтарская метадалогія даследавання, якой ужо можна навучаць паслядоўнікаў у гэтай найскладанейшай, але такой неабходнай для будучыні, для выхавання гістарычнай памяці ў новых пакаленняў.

Пры знаёмстве з героямі твораў Анатоля Статкевіча-Чабаганава міжволі захапляешся іх высакароднасцю, шляхецкай годнасцю, мужнасцю і самапавагай, здавалася б, у самых безнадзейных жыццёвых сітуацыях.