Выбрать главу

Кожны раз перад сном моліцца пасля поўнай малітвы коратка: «Дай, Божа, добрай ночы. Усім людзям і нам».

Мне бывае трошкі страшнавата, але я іду з бабуляю (бярэ мяне з сабою), калі яе часам увечары клічуць пачытаць Псалтыр па памерлым вяскоўцы. Бабуля чытае на стараславянскай мове. Яна, бадай, адна ў вёсцы толькі і ўмее. Я ціхенька сяджу і слухаю. Запамінаю. Вучуся суперажываць чужому гору. Іншая рэч, ці патрэбны гэты боль дзіцяці, але так было.

Прайшлі гады, і падчас вучобы на філалагічным факультэце педуніверсітэта ў мяне не было ніякіх праблем з прадметам «Стараславянская мова». На лекцыі шаноўнага выкладчыка кандыдата філалагічных навук Алеся Аляксандравіча Каўруса ішла заўсёды са светлым хваляваннем у душы. Здавалася, што чую знаёмае з дзяцінства, роднае, бабуліна: «Азъ, буки, вЪди, глаголь, добро.»

А яшчэ я нечакана зразумела, што, кладучыся спаць, прагаворваю тую ж бабуліну малітву: «...усім людзям і нам.»

Можа, так і прыходзіць яна, сталая мудрасць, да чалавека. З бабулінай ці матулінай малітваю, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. І я ўсцешана, што мае абедзве дачушкі і Вашы ўнучкі, мама, Ганначка і Насцечка ведаюць малітвы сваёй прабабулі Арыны Адамаўны і нясуць у сваіх дзявочых маладзенькіх сэрцах дабрыню і спагаду да людзей.

Кісель

Сёння да нас прыехаў брат Грыша з нявесткай Надзеяй і сваім першынцам, сыночкам Вадзімам — Вашым унукам, мама. Вынеслі посцілку, разаслалі яе на поплаве каля хаты. Вадзімка, мабыць, самы жвавы з Вашых унукаў, бегае па мяккай зялёнай траўцы, зрывае кветачкі, нешта радасна прамаўляе. Яму нядаўна споўнілася два гадочкі.

Добры настрой братавай сям’і нечакана сапсавала я, калі моўчкі, глытаючы гарачыя слёзы (барані божа, каб пачулі суседзі), выйшла да іх, каб расказаць пра сваю крыўду.

Справа ў тым, што з прыходам у сям’ю мачыхі ў нас, мама, з’явіліся замкі: у клеці, дзе стаяў кубёлак з салам, у шафе, дзе ляжала яе бялізна. Можа, і яшчэ дзе, сёння ўжо не ўзгадаю. І трэба было абавязкова спытаць дазволу, перш чым узяць у рукі нейкую рэч ці нават кавалак хлеба з салам.

А ў той дзень, мама, мне так захацелася кісялю, які стаяў у каструлі ў сен­цах на стале, што я наліла сабе кубачак і выпіла. І кубачак за сабою памыла. І накрыўку закрыла. І нідзе ні кропелькі не разліла. Але мяне адлупцавалі, бо не спытала дазволу.

* * *

Як цяжка жыць, матулечка,

                                        на свеце.

Як горка нам, тваім сіротам

                                         дзецям.

Бы тыя касачы, схіліліся

                                    пад ветрам.

Як месяц уначы, ты нам

                                  патрэбна.

Як сонейка удзень, глыток

                                       паветра.

Ты кожнаму з дзяцей

Жывой патрэбна.

Льняное мора

З дзяцінства люблю назіраць, як цвіце лён. Тысячы блакітных маленькіх кветачак разам утвараюць суцэльнае шаўковае покрыва. Падзьме ветрык — і закалышацца нябеснага колеру хваля.

Спрактыкаваныя льнаводы сцвярджаюць: «Лён два тыдні цвіце, чатыры тыдні спее, на сёмы насенне ляціць». Насенне лёну, бліскучае, цёмна-карычневае, звычайна саспявае ўжо ў жніўні. У кругленькай каробачцы прыкладна з дзясятак прыплюснутых зярнятак. Захопіш жменькаю некалькі сцяблінак, страсянеш — і зашастае, зашамаціць сваёй непаўторнай мелодыяй спелае дзіва.

У Антычнасці лён быў сімвалам святла, чысціні і вернасці. Льняное семя чалавек выкарыстоўваў у ежу яшчэ з часоў бронзавага і жалезнага вякоў. Цікава і тое, што льняная тканіна ўпершыню была выраблена ў горных раёнах

Індыі каля 9 тысяч гадоў таму. Затым каштоўная старажытная культура трапіла ў Вавілон, а пасля ў Егіпет. Старажытныя егіпцяне лічылі лён першым дабрадзеяннем багоў, а неўраджай яго — найвялікшым бедствам. З Егіпта лён трапіў у Грэцыю і Рым, а адтуль — у Заходнюю Еўропу. Да часу ўтварэння Кіеўскай Русі льнаводствам займаліся ўсе славянскія плямёны Усходняй Еўропы.

З XVI ст. ільнаводства стала традыцыйным промыслам ва ўсходніх сла­вян. Народ нават мае нябесную ахоўніцу гэтай справы — Святую Параскеву.

Далёка за межамі краіны славіцца наш беларускі лён. Вырошчвалі яго ў нашай вёсцы і ў часы майго дзяцінства. Нярадаснымі дзіцячымі ўспамінамі той лён і дагэтуль цвіце ў маёй душы.