Пройдзе час, і мы з Ларысай Іванаўнай будзем працаваць разам настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў слуцкай СШ № 10 імя С. Ф. Рубанава. Менавіта ў той школе, дзе наш бацька ў 1948 годзе быў на педагагічнай практыцы.
А пакуль што любоў да кнігі, чытання, цікавыя школьныя ўрокі, без сумневу, паўплывалі на тое, што ўжо ў першым класе я пачала, як некалі казаў незабыўны Алесь Пісьмянкоў, «думаць вершы». І гэтыя вершаваныя дзіцячыя радкі давалі надзею на маё далейшае сяброўства са словам.
Студэнцкае жыццё
Верасень 1980 года. Падчас вучобы на першым курсе Мінскага медыцынскага вучылішча № 2 жыву ў сям’і сястры Тамары, на вуліцы Галадзеда. І хоць самі яны на той час месціліся з маленькімі дзецьмі ў «палутарцы», знайшлося там месца і мне. Родныя вырашылі прыгледзець за мною, пятнаццацігадовай, дапамагчы на першым часе адаптавацца ў вялікім горадзе, за што я ім вельмі ўдзячная.
За першы год неабходна было не толькі адолець агульнаадукацыйныя прадметы, але і добра вывучыць лацінскую мову, каб пасля не рабіць памылак пры выпісванні рэцэптаў, не проста вывучыць, а «выгрызці» анатомію, прычым назву кожнага органа, кожнай костачкі не толькі па-руску, але і на латыні. Карацей, хто вучыўся ў медыцынскім, той мяне разумее. Было няпроста, асабліва на пачатку. Дапамагала цікавасць да будучай прафесіі. Не паверыце, але радавалі вочы нават насценныя і настольныя пластмасавыя муляжы, сапраўдныя чалавечыя косці, некаторыя нават з «мазалямі» пасля пералому, перасыпаныя спецыяльным белым парашком, ад якога рукі доўга мелі спецыфічны пах.
Стыпендыя мая на той час была невялікая — 30 рублёў, але пры рэжыме страшэннай эканоміі хапала на ўсё — сціплыя абеды, касметыку, бялізну, якую хацелася мець самую прыгожую. Добра, што не было вялікай патрэбы ў адзенні: усё роўна з раніцы да вечара мы хадзілі як на заняткі, так і на практыку ў белых халатах. І таму большую частку стыпендыі мы з сяброўкамі трацілі на білеты ў тэатры. Не заставалася ніводнай прэм’еры ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, Тэатры оперы і балета, дзе б мы ні пабывалі.
Адкрывалі для сябе паэзію Марыны Цвятаевай, Ганны Ахматавай, перапісвалі і вучылі на памяць песні Уладзіміра Высоцкага, часта хадзілі ў кіно. Больш за ўсё любілі наведваць кінатэатры «Кастрычнік» і «Перамога». Захапляліся нямецкай дыска-групай «Boney M.», улюбёныя ў салістку Элізабет Мітчал, шведскім квартэтам «ABBA», што былі асабліва папулярныя ў пачатку 1980-х гадоў.
У канцы першага года навучання мне далі месца ў пакоі ў інтэрнаце для медыцынскіх работнікаў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі г. Мінска. Жылі ў новым дзевяціпавярховым будынку па адрасе: Кіжаватава, д. 60А, п. 903. Для студэнтаў тады было адведзена некалькі паверхаў. Спачатку прывыкалася няпроста, а пасля мяне пасялілі ў адзін пакой з дзяўчынай з групы — Ларысай Палянскай. Мы пасябравалі. Дзяліліся апошнім. Я — са стыпендыі, яна — калі прыедзе ад бацькоў, з вёскі. Так і сябруем да гэтага часу. Ларыса стала хроснай маці маёй старэйшай дачкі Ганны.
...На ўсё жыццё запомніла прозвішча сваёй першай хворай, якую давялося прымаць на агульнай медыцынскай практыцы ў пульманалагічным аддзяленні 9-й мінскай бальніцы — Туміловіч. А падчас практыкі ў аддзяленні гнойнай хірургіі 2-й савецкай бальніцы, як мы называлі яе і якая тады размяшчалася ў будынку па вул. Максіма Багдановіча, наўпрост з акна другога паверха, з перавязачнай, я назірала за адкрыццём помніка Максіму Багдановічу. Праўда, толькі паспела кінуць вокам: неабходна было тэрмінова скончыць перавязку. Працавала ў пары з доктарам-інтэрнам. Ён ставіў дрэнаж, я перавязвала.
Потым была грунтоўная практыка пасля першага курса ў гінекалагічным аддзяленні Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі г. Мінска. Вось тут я працавала амаль месяц. Усе студэнты раз’ехаліся на канікулы, а мне не было куды спяшацца, і я папрасіла дазволу затрымацца на практыцы даўжэй. Так і працавала цэлы чэрвень. Толькі за раніцу трэба было зрабіць больш за 80 уколаў.
Мае старанні не прайшлі дарэмна. У канцы месяца загадчыца аддзялення паклікала ў ардынатарскую, шчыра пагаварыла са мною, распытала пра далейшыя планы і прапанавала, у выпадку маёй згоды, пры размеркаванні зрабіць на маё прозвішча запыт для далейшай працы ў іх аддзяленні. Аўтаматычна за мною замацаваўся б не проста ложак, а пакой у інтэрнаце. Я дала згоду. Аднак гэтаму не суджана было збыцца: лёс распарадзіўся так, што на трэцім курсе, незадоўга да дзяржаўных экзаменаў, мне давялося па сямейных абставінах пераводзіцца ў Слуцкае медвучылішча, якое скончыла паспяхова, здаўшы на выдатна ўсе дзяржаўныя экзамены.