З асаблівай цеплынёй успамінаецца і час навучання ў Слуцку. Так атрымалася, што маім класным кіраўніком стала Марыя Сцяпанаўна Мяцельская, якой, на жаль, ужо няма сярод нас. Яна была класным кіраўніком і ў сястры Ларысы, падчас яе вучобы на медсястрынскім аддзяленні Слуцкага медвучылішча. Мабыць, было наканавана лёсам, каб мы пасябравалі з Марыяй Сцяпанаўнай на ўсё жыццё. І на тое было шмат прычын, але не пра гэта размова.
А ў групе Марыі Сцяпанаўны, як яна мне расказвала праз гады, з маім прыходам жыццё актывізавалася. Перад дзяржаўнымі экзаменамі ў медвучылішчы праводзілі конкурс прафесійнага майстэрства, для ўдзелу ў якім ад нашай групы вылучылі мяне. Усе практычныя этапы конкурсу прайшла бездакорна: «Першасная апрацоўка нованароджанага», «Унутрымышачныя ін’екцыі», «Унутрывенныя ін’екцыі», «Накладванне павязак», «Накладванне шын (імабілізацыя пераломаў)». Зрабіла толькі дзве памылкі ў кантрольнай рабоце (на гэта былі свае прычыны), з якой пачынаўся конкурс, і апынулася ў першай пяцёрцы ўдзельнікаў. А марыла ж пра першае месца.
Марыя Сцяпанаўна тады мяне шчыра супакойвала. Яна, як ніхто, ведала прычыну, што перашкодзіла мне перамагчы ў конкурсе, да якога я рыхтавалася цэлы месяц, адпрацоўваючы навыкі маніпуляцый з секундамерам.
На жаль, па аб’ектыўных прычынах мне не давялося стаць урачом, пра што я заўсёды марыла і нават скончыла падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага медыцынскага інстытута, але да гэтага часу не пакідае любоў да прафесіі медыцынскага работніка і захоўваецца мой самы прыгожы і дарагі сэрцу ўбор — белы халат і белая шапачка.
Але ведаеце, мама, я ні пра што не шкадую. Філалогія стала маім жыццём. Сёння я маю гонар і вялікую адказнасць кіраваць лепшай сярод лепшых рэдакцыйных устаноў і кожны месяц, трымаючы ў руках свежы нумар часопіса «Роднае слова», радавацца нашым сумесным з калегамі поспехам. А прафесія медыцынскага работніка, атрыманая ў юнацтве, дапамагае мне пачалавечы ставіцца да людзей, суперажываць чужому гору, успрымаць чужы боль як свой і радавацца, калі радуюцца іншыя.
Перад вяселлем
Заўтра маё вяселле. Людзі кажуць, «у маі жаніцца — век маяцца». Тады пра гэта не ведала. Нечакана для сябе выходжу замуж за хлопца са сваёй вёскі. Пазнаёмілася з ім прыкладна год таму, калі ў нашай школе быў выпускны вечар. Як толькі ўбачыла, сэрца падказала: ён будзе маім мужам. Чаму так інтуітыўна адчула, і сёння не ведаю. Яшчэ зусім не збіралася замуж. Наперадзе была вучоба ў медінстытуце. Ды і ўсё было супраць гэтага шлюбу. Мне б добра падумаць, угледзецца ў факты і знакі, якіх было больш чым дастаткова. Можа, гэта Вы, мама, так аберагалі мяне. А я, зусім маладзенькая, тады не зразумела гэтага.
...І вось заўтра вяселле. З нашай групы медсястрынскага аддзялення выходжу замуж першай. Дзяўчатам не верыцца: занадта сур’ёзнай я была на свае гады. І ўсе ведалі пра маю мару паступіць у медінстытут, стаць урачом, а тут ні з таго ні з сяго — вяселле.
Бацькі будучага мужа Міхаіл Сцяпанавіч і Надзея Васільеўна, якія прынялі мяне ў сваю сям’ю як родную дачку, з самага пачатку прапаноўвалі згуляць вяселле толькі ў іх, але чамусьці розуму не хапіла прыслухацца. Ды і як жа так, у нас новая бацькоўская хата! І мы зрабілі яшчэ адну памылку, пагадзіўшыся ладзіць першы дзень вяселля ў доме бацькі і мачыхі.
Забягаючы наперад скажу, што незвычайныя метамарфозы адбыліся і з вясельным караваем, дзе ў самым цэнтры красаваліся два лебедзі. Засталося толькі дзівіцца, каму спатрэбілася адрэзаць і выкінуць аднаго лебедзя з каравая, які захоўваўся ў новым, чыстым бетонным склепе і куды доступ мелі толькі бацька і мачыха. Калі прыйшла пара дзяліць каравай, яго прынеслі з адной птушачкай. Які трывожны знак! А на раніцу некуды знік і кавалак каравая маладых, які мы з мужам, паклаўшы на стол, з-за хвалявання і няведання народных традыцый, нават не пакаштавалі. А між тым, гэта быў наш першы сямейны хлеб.
...Напярэдадні вяселля я іду на могілкі. Доўга стаю адна каля Вашай, мама, магілкі. Расказваю пра свае планы, сваё каханне і трывогі. Неспакойна ў мяне на душы. І, як пасля пакажа час і нават святочны вясельны дзень, — недарэмна.
Віралэ
Ласкавы позірк любага,
Убору белле шлюбнага.
Вясельны вечар.
Не стала жонкай любаю,
Сустрэлася са згубаю.
А словы — вецер.
Адзінота
Адзінота. Адзінота. Адзінота.
Як развеяць змрочную тугу?
Подых ветру, летні шэпт лістоты
Ў сэрцы назаўсёды зберагу.