Цёплыя дзянькі усё радзей,
Ліст апошні стыне на бярозе —
Цёмны вугалёк з кастра надзей.
Шчасце затрымалася ў дарозе.
Восеньскі марозік лашчыць слота,
Студзіць сэрца горкая пяшчота.
Цяжкая душэўная работа —
Адзінота. Адзінота. Адзінота.
Адна нота.
Участковая медыцынская сястра
1 жніўня 1983 года — мой першы працоўны дзень у якасці ўчастковай медыцынскай сястры Слуцкай гарадской дзіцячай паліклінікі. Прыйшла працаваць на ўчастак пад № 13, які абслугоўваў цэнтральную частку горада — вуліцы Леніна, Жукава, Канановіча, Ленінскую, Віленскую, Капыльскую, частку Чыгуначнага праезду. Участковым педыятрам была ў той час Валянціна Пятроўна Журкоўская, якой я вельмі ўдзячная за разуменне і падтрымку маіх першых прафесійных крокаў.
У гэты перыяд пачалі будаваць новую цэнтральную раённую бальніцу прыкладна на 800 ложкаў. Прызнаюся, мама, я марыла, як толькі здадуць бальніцу ў эксплуатацыю, то абавязкова перайду на працу ў стацыянар. У паліклініцы мне не надта падабалася: здавалася, што мала практычнай работы. Я, якая рыхтавалася да працы хірурга і марыла пра медыцынскі інстытут, гатова была на многае: рабіць уколы, ставіць кропельніцы, дрэнажы, апрацоўваць раны, нават шыць, калі патрэбна, накладваць павязкі, прымаць роды, вызначаць дыягназы і многае-многае іншае, чаму мяне навучылі найлепшыя выкладчыкі-практыкі дзвюх навучальных устаноў.
Без адрыву ад працы я скончыла падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Але для таго, каб вучыцца на лячэбным факультэце, трэба было жыць у сталіцы. Мой яшчэ адзін няправільны крок (вяртанне па патрабаванні мужа з Мінска ў Слуцк) паўплываў на далейшы лёс.
Цэнтральная раённая бальніца была дабудавана ў 1986 годзе, але ў мяне ўжо былі іншыя планы на жыццё.
Аднак вярнуся да працы ў паліклініцы. Многім медыкам было за шчасце там працаваць. Тры гадзіны ў кабінеце на прыёме, затым патранаж (медсёстрам тады па плане неабходна было наведаць за дзень 14 дзетак. — З. П.) і запаўненне картак. Трэба было якасна весці па ўстаноўленых формах медыцынскую дакументацыю, своечасова рабіць справаздачы таксама па формах зацверджанага ўзору, дакладна запаўняць карткі пасля патранажу. І менавіта гэтая «бухгалтэрыя» мне тады не зусім падабалася. Хацелася паболей «жывой» працы.
Увага супрацоўнікаў паліклінік заўсёды скіравана на своечасовае выяўленне паталогій, дыспансерызацыю і лячэнне. Маёй асноўнай задачай было аказанне кваліфікаванай амбулаторнай медсястрынскай дапамогі маленькім жыхарам горада.
Разам з Валянцінай Пятроўнай мы павінны былі арганізоўваць і праводзіць прафілактычную работу, скіраваную на зніжэнне захворванняў, інваліднасці і смяротнасці сярод дзіцячага насельніцтва, на гігіенічнае выхаванне дзяцей і падлеткаў; аказваць лячэбную дапамогу.
Трыццаць гадоў таму ў нас яшчэ не было аднаразовых шпрыцаў. І гэта вельмі ўскладняла працу. Мне выдалі невялікі прамавугольны (прыкладна 10х20 см) медыцынскі стэрылізатар, некалькі шпрыцаў («двоечку» на 2 мл, «пяцёрачку», «дзясятачку»), пінцэт і некалькі тупаватых іголак. Усё гэта трэба было за кожным разам стэрылізаваць. Часта, зрабіўшы ўколы, прыходзілася ў кватэры пацыента прасіць дазволу прастэрылізаваць шпрыцы, каб ісці да наступнага дзіцяці. Ні многа ні мала працэс стэрылізацыі займаў 45 хвілін. Зразумела, гэта значна павялічвала час, адведзены на патранаж.
Укладку ўчастковай медсястры, дзе ў падпісаных ячэйках ляжалі ампулы для першай і неадкладнай дапамогі, стэрыльныя бінты, вата і іншае неабходнае начынне, я пашыла з кавалка блакітнай медыцынскай цыраты сама. Самае цікавае, мама, што тая ўкладка з усім начыннем захоўваецца ў мяне і сёння. З той пары засталася звычка заўсёды насіць з сабою лекі для аказання першай дапамогі.
На прыёме таксама хапала клопату. Бясконцыя чэргі, хваляванне мам. Адзін дзень, аўторак, у нас быў адведзены для прыёму здаровых дзетак. Ён так і называўся — Дзень здаровага дзіцяці. Ім трэба было своечасова рабіць пробу на туберкулёз (рэакцыя Манту); прышчэпкі супраць ветраной воспы, коклюшу, адру, дыфтэрыі, краснухі, поліяміэліту.
Знаёмства з маленькімі пацыентамі ў нас пачыналася яшчэ да іх нараджэння. У мае абавязкі ўваходзіў і дародавы патранаж цяжарных на ўчастку. Затым першы патранаж нованароджанага, кансультацыя бацькоў па доглядзе за немаўляткам.
Тыя шчаслівыя імгненні майго медыцынскага мінулага на ўсё жыццё засталіся ў сэрцы. Раніца. Прыходжу ў паліклініку на працу. Адчыняю дзверы кабінета. Апранаю белы халат. І я ўжо не тая, якой была некалькі хвілін таму. Я — медыцынская сястра дзіцячай паліклінікі, якой сёння давядзецца прафесійна, дакладна выконваць усе распараджэнні ўрача, сустракацца з маленькімі пацыентамі і іх бацькамі, радавацца і засмучацца, абмерваць і ўзважваць дзетак, выпісваць рэцэпты, спяшацца на дапамогу, ісці на патранаж, рабіць уколы, мазаць зялёнкай пупавіну нованароджаных. Адным словам — жыць!